Цапкала і яго світа цкуюць Ціханоўскую, але ці варты хоць нечага іх галоўны аргумент?

Галоўная тэма ў беларускім апазіцыйным асяродку — спланаваная атака на Святлану Ціханоўскую. «Ты скінутая, злазь з бочкі!» — крычаць ёй апаненты амаль як у «Востраве скарбаў».

Асабліва завіхаецца Валерый Цапкала, які раптам стаў прыкметным ньюсмейкерам пасля шматмесячнага інфармацыйнага нябыту.

Побач з ім — Дзмітрый Балкунец, Анжаліка Агурбаш і іншыя дзеячы, пра якіх беларуская грамадскасць апошнім часам пачала забывацца. Нават 85-гадовы Сямён Шарэцкі, які шмат гадоў жыве ў ЗША, зачасаўся ў гэтыя стракатыя, палымяныя шэрагі.

Адразу варта адзначыць, што з аргументацыяй у «апазіцыйнай апазіцыі» ўсё досыць сумна. Але, падгадаўшы час (два гады пасля выбараў, а «нічога не зроблена»), гэтыя людзі вырашылі, што цкаваць Ціханоўскую ўжо можна. І пачалі.

Пра што кажуць, адразу і не прыгадаеш. Нешта пра парушаную камунікацыю. Пра нацягванне коўдры на сябе. Пра тое, што яны таксама хочуць удзельнічаць у міжнародных сустрэчах. Пра тое, «дзе грошы, Света?», хаця ні ў адным юрыдычным ці маральным кодэксе не напісана, што Ціханоўская павінна справаздачыцца перад Цапкалам за свае выдаткі.

Тут ужо і эксперты далі інсургентам адлуп, што офіс былой кандыдаткі ў прэзідэнты мусіць паказваць сваю бухгалтэрыю толькі прыватным фундатарам ды фіскалам Літвы, рэзідэнтам якой з’яўляецца.

Яшчэ кажуць, што дарадца Франак нейкі не такі — трэба яму выпісаць кухталёў, выдаць чорную метку і адправіць амбасадарам у Манголію. І што Ціханоўскай даўно варта радыкалізавацца і ініцыяваць стварэнне ваенізаванага нацыянальна-вызвольнага руху. І ледзьве не браць у рукі шаблю і парабелум ды ісці шынкаваць лукашэнкаўскіх сілавікоў налева і направа. А яна вунь не варушыцца, толькі катаецца ў бессэнсоўныя замежныя камандзіроўкі.

Ідэю пра парабелум высунуў былы рэстаратар Вадзім Пракоп'еў, які цяпер займаецца справамі палка «Пагоня». У здаровай калабарацыі офіса з добраахвотнікамі, што ваююць ва Украіне, можна было б сапраўды разгледзець здаровы глузд. Але, агучыўшы ідэю, сам жа экс-бізнесовец яе і пахаваў.

Пракоп’еў прапанаваў прыдумаць нейкага прэм’ер-міністра, які б усім кіраваў, пакуль Ціханоўская б піла каву. І сказаў нават, што харошы хлопец на прыкмеце ёсць. Аднак імя яго не назваў. Бо рана. Не прыйшоў яшчэ час.

Гэта ўсё, канешне, паказвае ўзровень дыскусіі, які імкнецца ў плашчыню старых савецкіх камедый. Як казаў адзін з герояў, «я артыст малых і вялікіх тэатраў, і маё імя занадта вядомае, каб яго называць».

Паказвае ўзровень і Цапкала — галоўны, як бачыцца, у «антыціханоўскай кааліцыі». Чалавек, які прыдумаў бздуру пра збор грошай на арышт Лукашэнкі, цяпер прапануе выкупляць у рэжыму палітвязняў. Не ўдакладніў толькі, оптам лепш выкупляць або ўраздроб. І ў якой валюце, бо афіцыйнаму Мінску зараз вельмі даспадобы кітайскі юань.

У нядаўнім інтэрв'ю Цапкалу спыталі, ці змог бы ён зрынуць рэжым, каб аказаўся на месцы Ціханоўскай. «Тры разы ўжо б вынес Лукашэнку ўперад нагамі з яго палаца!» — пыхліва заявіў былы кіраўнік ПВТ. Але на ўдакладняючае пытанне пра тое, якім чынам, зноў жа не адказаў. Перавёў стрэлкі ў будучыню, маўляў, прыйдзе час — дазнаецеся.

Яны, калі вы заўважылі, наогул нічога канкрэтнага не прапануюць. Ганяць офіс у духу інтэрнэт-троляў, а калі ў іх пытаюцца пра альтэрнатыўныя стваральныя ідэі, то дакладнага адказу няма. На тым жа сайце Беларускага дэмакратычнага форума, які прасоўвае Цапкала, гаворыцца пра гатоўнасць «узяць на сябе адказнасць», «аб’яднаць прадстаўнікоў розных арганізацый і ініцыятыў» ды сфармаваць нейкі Нацыянальны савет. Анічога, акрамя імкнення перахапіць лейцы ў Ціханоўскай, у гэтым не відаць.

Увогуле, уся лухта, якую транслюе новаствораны альянс, выклікае шэраг слушных падазрэнняў. Як мінімум, у няшчырасці. Бо карціць сказаць класічнае «Не веру» ў адказ на знарочыста бескампрамісныя заявы цапкалаўцаў, лідар якіх да ўсяго яшчэ і адкрыта, па-лукашэнскаўску, кпіць з беларускай мовы.

Як максімум — у нейкім сакрэтным сцэнары, інспіраваным звонку і ледзьве не спецслужбамі. Такія меркаванні ўжо гучаць, прычым зусім не ад Зянона Пазняка. І ў гэтым кантэксце толькі гультай не згадвае прарасійскі бэкграунд ці не паловы самаабвешчаных ратаўнікоў беларускай нацыі.

Аднак прэч канспіралогію — самы час сказаць пра галоўны аргумент каманды Цапкалы. Яе козыр старанна прапрацаваны і падрыхтаваны. Аніякага, кажа яна, мандату ў Ціханоўскай няма. Аніякі электаральны давер на выбарах 2020-га яе ў вачах беларусаў і міжнароднай супольнасці не легітымізуе. Чаму? Таму што не за яе галасавалі выбаршчыкі два гады таму. Не за яе, а супраць Лукашэнкі. А сама Святлана прадстаўляла ў бюлетэнях не ўласную персону, а проста тэхнічнага кандыдата, пустое месца, вакол якога аб’ядналіся ўсе. І гэтыя ўсе цяпер таксама права маюць.

Падкрэсліваючы гэтую акалічнасць, Цапкала не саромеецца і ў духу дзяржаўнай прапаганды ганебна кажа, што цяперашні дэмакратычны лідар Беларусі здатны толькі на смажанне катлет. Ну, і заадно параўноўвае яе з пушкінскай бабулькай ля разбітых начовак.

І вось тут цікава. Тут хочацца прыпыніцца і на гэта галоўны аргумент адказаць сустрэчным пытаннем. А хто перашкаджаў вам, паважаныя, стаць «тэхнічным кандыдатам» улетку 2020-га?

Да моманту рэгістрацыі з прэзідэнцкай гонкі выкінулі ўсіх самастойных прэтэндэнтаў. Але толькі жонку пазней кінутага ў турму Сяргея Ціханоўскага нейкая вышэйшая сіла падштурхнула вылучыцца. І яна вылучылася, і менавіта праз гэта мы зараз кажам, што рэжым Лукашэнкі ўвайшоў у стадыю распаду. І менавіта гэта ўжо зрабіла Святлану гістарычнай постаццю.

Чамусьці Агурбаш і Балкунец не прыехалі з Масквы і не вылучыліся. Чамусьці Сямён Шарэцкі не прыляцеў з Амерыкі трансатлантычным рэйсам і не падзяліўся хаця б багатым досведам, як змагацца з Лукашэнкам.

Не вылучылася і Вераніка Цапкала, пры ўсёй павазе да той дапамогі, якую яна з Марыяй Калеснікавай аказала Ціханоўскай падчас перадвыбарчай актыўнасці.

Гэта не ў сэнсе, вядома, што хто першы паспеў, таго і тапкі. Гэта ў сэнсе, што калі б тую амбразуру не закрыла Святлана, жонка свайго мужа, то, хутчэй за ўсё, яе б не закрыў ніхто. І прайшлі б выбары як па рапсавым алеі, і не было б тых тэктанічных зрухаў у беларускім грамадстве, якія так наблізілі перамены.

Так, за гэта давялося заплаціць велізарную цану — беззаконне, гвалт, рэпрэсіі і таталітарызм. Кепскі густ, канешне, мерацца тым, хто болей пацярпеў. Аднак жа і тут, калі што, супастаўленне будзе не на карысць раскольнікаў з іх бесклапотным жыццём у эміграцыі.

Ну і, безумоўна, калі вы галасавалі на выбарах проста супраць Лукашэнкі, то чаму не аддалі свой каштоўны голас за Канапацкую, Дзмітрыева ці Чэрачня? «Тэхнічных» кандыдатаў 9 жніўня хапала.

Ужо таму спробы перахапіць той самы мандат — беспадстаўныя і безнадзейныя. І прынамсі за гэта, улічваючы стаўленне міжнароднай супольнасці, Ціханоўская мусіць быць спакойнай.

Іншая справа, што гнаць хвалю кааліцыя Цапкалы працягне, і наступная нагода тут на паверхні — канферэнцыя Новай Беларусі, якая пройдзе ў Вільні 8–9 жніўня.

Нешта падказвае, што там адбудзецца скандал. Ці дасць гэтаму скандалу рады офіс Ціханоўскай, пытанне цікавае. Але зусім другаснае ў кантэксце падзей у Беларусі, дзе расійскія войскі пачуваюцца як дома, дзе безліч палітвязняў і дзе рэпрэсіі не спыняюцца ні на дзень.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: