Вадзім Мажэйка: Рэжым не гатовы да суіснавання з апанентамі

У сваім апошнім слове на судзе нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі заклікаў пачаць шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне, і «спыніць гэтую грамадзянскую вайну». Але наўрад ці ўлада яго пачуе. Чаму так, разважае для «Філіна» аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Вадзім Мажэйка.

Фота з сайта spring96.org 

Фота з сайта spring96.org 


— Адна з думак Бяляцкага: «трэба прызнаць, што грамадства і людзі ў краіне моцна падзелены біялагічна, каштоўнасна, ментальна», але гэты падзел не фатальны, «з ім і грамадства, і дзяржава могуць жыць». Што вы думаеце на гэты конт?

— Сапраўды падзел у беларускім грамадстве ёсць, хаця падзел сам па сабе — гэта нармальна, гэта частка разнастайнасці, аднолькава людзі думаюць толькі пры таталітарызме. На жаль, падзел у беларускім грамадстве ў апошнія гады толькі ўзмацняецца.

Розныя палітычныя бакі ўсё менш гатовы прымаць адзін аднаго, суіснаваць разам.

Асноўная віна тут ляжыць на рэжыме, які настолькі не гатовы да суіснавання разам з апанентамі, што саджае іх у турмы альбо выціскае з краіны. Раскол толькі паглыбляецца.

У цэлым адзначу гэтую прамову Бяляцкага, бо за апошнія гады, наколькі я бачыў, ён стаў ледзь не адзіным грамадскім дзеячам, які паставіў пытанні пра нармалізацыю не толькі праз перамогу адной сілы, а праз інклюзіўны дыялог і пошукі кансэнсусу, як бы гэта не было цяжка.

Статус Бяляцкага як лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру надае гэтым словам дадатковую вагу.

Хаця кантэкст гэтай прамовы сумны: Бяляцкі сказаў усё гэта на судзе, і ў бліжэйшай будучыні працягам прамовы стане не той дыялог, пра які сказаў праваабаронца, а прысуд яму і яго доўгае знаходжанне за кратамі. І гэта адказ на пытанне, ці ёсць ва ўлады гатоўнасць шукаць кансэнсус з грамадствам.

— На думку Бяляцкага, без нацыянальнага прымірэння Беларусь чакаюць няспынныя грамадска-палітычны, сацыяльны, эканамічны крызісы, масавая міграцыя і страта суверэнітэту. На яго думку, найперш уладам трэба праявіць мудрасць і дальнабачнасць. Як вы лічыце, што перашкаджае рэжыму гэта зрабіць?

— Перашкаджае псіхалагічная траўма Лукашэнкі ад падзей 2020 года. І страх, што пратэст можа паўтарыцца і што ён можа быць яшчэ больш мацнейшы. Страх перад тым, што пратэст можа стаць гвалтоўным. Адсюль, дарэчы, страх лукашэнкаўцаў перад невялікімі сіламі каліноўцаў ва Украіне.

Таму нават такія ініцыятывы па прымірэнні, як «круглы стол» Васкрасенскага, ідэя пра амністыю палітзняволеных ці стварэнне камісіі па вяртанні людзей з-за мяжы на справе атрымліваюцца ініцыятывамі не на прымірэнне, а на працяг рэпрэсій і ціску.

Пакуль не бачна, як гэта псіхалагічная траўма можа прайсці ці як яе выправіць.

— Нобелеўскаму лаўрэату пагражае 12 гадоў калоніі за праваабарончую дзейнасць. Чаму беларускія ўлады не баяцца рэакцыі ў свеце на прысуд? Навіна пра яго, верагодна, з’явіцца нават у тых краінах, дзе пра Беларусь мала што ведаюць — нашто ўладам яшчэ больш пагаршаць свой імідж?

— Тое, што для Бяляцкага і яго калег абвінавачанне запрасіла драконаўскія тэрміны і што ўлады гатовы стаць фактычна адзіным рэжымам у свеце, які судзіць лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, выглядае, па-першае, дэманстратыўным крокам. Гэта сігнал: рэпрэсіі ўнутры краіны не спыняцца, што б свет не зрабіў, якую б Нобелеўскую прэмію не даў.

Па-другое, гэта дэманструе адрыў беларускага рэжыму ад сусветнага кантэксту. Улады быццам бы не разумеюць, наколькі дрэнна і правакацыйна выглядае прысуд Бяляцкаму. Наколькі гэта даступна патлумачыць астатнім краінам сутнасць беларускага рэжыму.

Мяркую, улады не ўяўляюць, якімі будуць усе іміджавыя наступствы для іх. Зрэшты, зараз наўрад ці ў сістэме думаюць пра імідж Лукашэнкі на Захадзе.