Хронікі рэпрэсій. Асудзілі чарговага спартсмена, зноў затрымалі валанцёра Іллю Міронава

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных крыніц сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 2 сакавіка.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo.jpg

У Мінскім абласным судзе асудзілі 24-гадовага Івана Котава паводле чатырох артыкулаў. Суддзя Уладзімір Арэшка прызначыў Івану тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Нагадаем, хлопца абвінавацілі ў тым, што ён з’яўляўся ўдзельнікам «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў і чатаў, у якіх пакінуў каментары. Як сцвярджае пракуратура Мінскай вобласці, у каментарах Івана змяшчаліся выказванні аб нелегітымнасці дзеянняў праваахоўных органаў; распальванне сацыяльнай варожасці; заклікі, рэкамендацыі і навучальныя інструкцыі для ўдзелу ў пратэсных акцыях; заклікі да страйкаў; абраза Лукашэнкі.

Іван захапляецца футболам і валейболам і вядзе ўласны ютуб-канал «ВлогИКа», дзе распавядае навіны спорту. Таксама ён экс-вядучы сацсетак футбольнага клуба «Энергетык»-БДУ.

photo_2023_03_02_10_44_54.jpg

Фота: «В*сна»

Брэсцкім абласным судом разгледжана крымінальная справа ў дачыненні да 28-гадовага Радзівона Качаткова, абвінавачанага ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці паводле ч.1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Сяргей Беразюк.

Радзівон скончыў БНТУ ў Мінску, ва ўніверсітэцкія гады захапляўся баскетболам і стрытболам. Затым некаторы час жыў за мяжой, а пасля вырашыў вярнуцца ў Беларусь. Неўзабаве яго затрымалі. Каментары, якія ставяцца яму ў віну, датаваны 2020 годам.

Суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2,5 гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Фота: «В*сна»

Фота: «В*сна»

Суд Ленінскага раёна Мінска 15 лютага разгледзеў крымінальную справу 26-гадовай жыхаркі сталіцы Яўгеніі Старавойтавай. Яе абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369), абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368) і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзеле ў іх (ч. 1 арт. 342). Справу разглядала суддзя Юлія Шут.

Палітзняволеная Яўгенія Старавойтава была затрымана 4 лістапада 2022 года і першапачаткова асуджана на 13 сутак адміністрацыйнага арышту. Пасля заканчэння арышту Яўгенію не адпусцілі, а прад'явілі абвінавачванні па крымінальных артыкулах.

Суд прызнаў Яўгенію вінаватай і прызначыў ёй 2,5 гады «хатняй хіміі».

У Кастрычніцкім судзе Магілёва 22 лютага асудзілі Дзмітрыя Сяргеева паводле арт. 370 («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»). Справу разглядала суддзя Вольга Краўчанка.

Судовае пасяджэнне мела выязны фармат. Судзілі адразу дзевяць чалавек, «схільных да злачынстваў і правапарушэнняў экстрэмісцкай скіраванасці». Як паведаміла следства, 28-гадовы Сяргееў у снежні 2022 года ў гандлёвай зале крамы «рукамі схапіў палотнішча сцяга, якое ляжала на металічным стэлажы крамы, вырваў яго з флагштока і кінуў на падлогу, чым праявіў абразлівае стаўленне да дзяржсімволікі». У выніку яму прызначылі 1,5 года «хіміі».

У Гомелі зноў пакаралі адміністрацыйным арыштам індывідуальнага прадпрымальніка і юрыста Алега Шамкіна. 21 лютага яго выклікалі ў абласное аддзяленне КДБ, пасля чаго ў Савецкім РАУСе на юрыста склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП за «распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў». На наступны дзень над Алегам адбыўся суд. Вынікам сталі 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Стала вядома, што 2 сакавіка Алега Шамкіна зноў асудзілі паводле арт. 19.11 КаАП за лайк пад відэа на YouTube-канале «Б*лсата». Суддзя Аляксандр Мохараў дадаў яму яшчэ 15 сутак арышту.

У Гомелі затрыманы валанцёр Ілля Міронаў. Пра гэта ён паспеў паведаміць у фэйсбуку. У мінулым кастрычніку Іллю асудзілі да 1,5 гадоў калоніі па «справе Зельцэра». За кратамі яго ўтрымлівалі больш за год. Пасля вызвалення яго некалькі разоў затрымлівалі паводле адміністрацыйных абвінавачванняў і давалі «суткі». Прычыны чарговага затрымання пакуль невядомыя.

У Светлагорску затрымалі Руслана Равякова. Паводле папярэдняй інфармацыі, мужчыну ўтрымліваюць у ІЧУ Светлагорска. Падрабязнасці высвятляюцца.

Таксама ў Светлагорску затрымалі 32-гадовага Руслана Высоцкага. Яго спачатку выклікалі ў РАУС, адкуль на волю ён не выйшаў. Па непацверджанай інфармацыі, на яго склалі адміністрацыйны пратакол па арт. 19.10 КаАП РБ і змясцілі ў ІЧУ да суда. Вядома таксама, што ў Светлагорску два дні «працуе» гомельскі АМАП.Праваабаронцам стала вядома аб затрыманні 23 лютага ў Мінску Вольгі Лесавік. Прычына затрымання пакуль невядомая. Вольга гадуе траіх няпоўнагадовых дзяцей.

У Мінску затрымалі Аляксандра Няскромнага. Прычына затрымання пакуль невядомая.

Журналіста Андрэя Пачобута пасля прысуду тыдзень трымалі ў адзіночнай камеры. Палітзняволенага абвінавацілі паводле арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь») і арт. 130 КК («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці»). Працэс у Гродзенскім абласным судзе ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Дзмітрый Бубенчык. У лютым Андрэю прысудзілі 8 гадоў калоніі.

У лісце на волю ён папрасіў перадаць прывітанне «як мага большай колькасці людзей». Таксама Андрэй піша, што ў турме яму нечакана вырашылі зладзіць «вясёлае жыццё». Падрабязнасцей ён распавесці ў лісце не можа, бо не прапусцяць. Толькі адзначыў, што яго тыдзень утрымлівалі ў адзіночнай камеры. Ён спытаў, калі ў яго з'явяцца суседзі, але яму прапанавалі звярнуцца з гэтым «да операў». Таксама Пачобут падаў апеляцыйную скаргу на прысуд.

Палітзняволены Дзяніс Івашын зноў апынуўся ў Гродне. Жонка палітвязня Вольга Івашына паведаміла, што маці Дзяніса — Людмілу Івашыну — папрасілі прыйсці ў гарадзенскую вязніцу, каб забраць са склада рэчы, якія ён вырашыў болей не цягаць з сабой: пераважна гэта кнігі і часопісы. Прычына вяртання Дзяніса Івашына ў родны горад з магілёўскай калоніі, а таксама тэрмін ягонага знаходжання ў Гродне пакуль невядомыя.

Фота: «В*сна»

Фота: «В*сна»

13 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска будзе разглядацца справа Віталя і Вольгі Васілевічаў. Ім інкрымінуецца ч.1. арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Справу будзе разглядаць суддзя Дзмітрый Карсюк.

Віталь Васілевіч — генеральны дырэктар кампаніі «Беллесвыраб» («Belwooddoors»). Інфармацыя пра яго затрыманне з'явілася ў лістападзе 2022 года. Тады паведамлялася, што Віталь забараніў ахове прадпрыемства прапускаць міліцыянтаў на аб'ект — пасля гэтага ён быў затрыманы. Сілавікі пісалі, што мужчына нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, а дома ў яго была знойдзена зброя.

«Belwooddoors» — найбуйнейшая ў Беларусі вытворчая кампанія па выпуску міжпакаёвых дзвярэй. Яе філіялы знаходзяцца ў Маскве, Астане, Алмаце і Нью-Ёрку.

У Беларусі новыя «экстрэмісцкія фарміраванні». Гэта суполка «Мая краіна вольная вялікая еўрапейская Беларусь» (старонкі ў «Аднакласніках» і фэйсбуку), а таксама тэлеграм-групы «Климовичи ЧАТ» і «Дважды К».