«Алесь павярнуўся і душэўна ўсміхнуўся ў залу». Відавочца распавёў, як выносілі прысуд «вясноўцам»

Пяць чалавек сваякоў, прапагандысты, поўная зала маладых хлопцаў у цывільным і закаваныя ў кайданкі праваабаронцы ў клетцы. У такой атмасферы 3 сакавіка выносілі прысуд вясноўцам — ад 7 да 10 гадоў калоніі. Слухач працэсу распавёў, як праходзіла апошняе паседжанне па справе «Вясны» і як палітвязні ўспрынялі прысуд. Праваабаронцы апублікавалі яго маналог.

Фота sb.by

Фота sb.by

«Перад уваходам у залу сабралася шмат людзей у цывільным, якія мітусіліся і вырашалі нейкія задачы, не прыцягваючы ўвагу, — кажа відавочца. — Адзін высокі мужчына ў цывільным падышоў з боку залы да металічнай рамкі, у якой сабралася чарга з ахвотных трапіць на абвяшчэнне прысуду, і сказаў, каб сваякі праходзілі наперад на працэдуру асабістага агляду. Каля пяці сваякоў абвінавачаных прайшлі наперад чаргі, потым іх прапусцілі ў залу. У зале апошнія тры лавы ўжо былі занятыя маладымі хлопцамі. Адна з прысутных пытаецца ў іх, ці з'яўляюцца яны знаёмымі з абвінавачанымі, на што яны адказалі «не». Усё гэта адбываецца на фоне высвятлення за дзвярыма ў калідоры таго, чаму больш за пяць чалавек у залу не прапусцілі.

У клетцы гэтым разам бліжэй за ўсіх да слухачоў стаяў Валянцін, хоць увесь працэс на гэтым месцы знаходзіўся Уладзь. Валік кожнага знаёмага вітаў усмешкай і падморгваў ім. Відаць, што ён знаходзіўся ў добрым настроі, прынамсі, трымаўся вельмі годна, нягледзячы на тое, што быў закаваны ў кайданкі за спінай. На адлегласці ў некалькі метраў можна ўбачыць, што твары Алеся і Валянціна вельмі бледныя. Па ўсёй відаць, адбіваецца адсутнасць сонечнага святла, нармальнай ежы і вітамінаў, і стрэсавая сітуацыя, у якой вязні знаходзяцца больш за паўтара года.

Пакуль у залу не ўвайшла тройка з суддзі і двух засядацеляў, у праёме дзвярэй з'яўляецца дзяўчына з бэйджыкам і кажа, што здымку можна весці да моманту, пакуль суддзя не ўвойдзе ў залу. Суддзя і два засядацелі ўваходзяць у залу, пасля чаго старшынствуючая па справе пачынае ціхім голасам чытаць: "Именем Республики Беларусь признать виновным…" Тэкст прысуду зачытваўся больш за 25 хвілін. У зале запанавала маўчанне, толькі пракурор і адвакаты Уладзя рэдка адзначалі некаторыя моманты ручкай у сябе, калі суддзя перайшла да вызначэння лёсу канфіскаванай маёмасці.

Алеся Бяляцкага ад прысутных у зале, акрамя металічнай клеткі, агароджвалі два канвойныя ў бронекамізэльках.

Пасля заканчэння абвяшчэння прысуду суддзя ўдакладняе, ці зразумелы асуджаным парадак абскарджання, на што ў паветры павісла цішыня, быццам маўчаннем кожны з вясноўцаў выказвае пратэст супраць неправамернага прысуду. Пасля таго, як канвой пачаў патрабаваць ад прысутных пакінуць залу, Алесь павярнуўся да слухачоў і вельмі шырока і душэўна ўсміхнуўся ў залу некалькі секунд так, што не ўбачыць яго рэакцыю было проста немагчыма. Гэтым ён паказваў, што ён нязломны, у ім дастаткова сіл на барацьбу і агучаныя тэрміны — гэта толькі перашкода, якую ён пераадолее».

Падтрымаць палітзняволеных «вясноўцаў» лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу.