«У спробе «зламаць» усе сродкі добрыя». У папраўчай калоніі здзекуюцца з палітзняволеных жанчын
ПК №24 у Зарэччы — калонія «для рэцыдывістак». У ёй на сённяшні дзень утрымліваюцца тры палітзняволеныя жанчыны, кожная з якіх знаходзіцца ў жудасных умовах.

«Ці можна калі-небудзь выйсці з калоніі?». Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
На дадзены момант у папраўчай калоніі №24 у Зарэччы ўтрымліваюцца толькі тры палітзняволеныя: Алена Маўшук, Паліна Шарэнда-Панасюк, Вікторыя Кульша. Увесь час знаходжання ў гэтай калоніі жанчын рэгулярна змяшчаюць у штрафны ізалятар, у якім, паводле слоў былых зняволеных, нечалавечыя ўмовы ўтрымання. Палітзняволеных пазбаўляюць спатканняў, перадач, а таксама знішчаюць лісты ад сваякоў. Кульша некалькі разоў трымала галадоўкі на знак пратэсту супраць ціску з боку адміністрацыі. «В*сна» расказвае, у якіх умовах утрымліваюць палізняволеных жанчын у калоніі для «рэцыдывістак», хто адказвае за ціск на іх і як улады працягваюць пераследаваць ужо асуджаных жанчын.
Якія метады ціску выкарыстоўвае адміністрацыя калоніі супраць палітзняволеных жанчын?
У папраўчай калоніі № 24 утрымліваюць жанчын, якія паўторна здзейснілі злачынства. Цяпер там знаходзяцца толькі тры палітзняволеныя: Алена Маўшук, Паліна Шарэнда-Панасюк, Вікторыя Кульша. Ім рэгулярна выпісваюць спагнанні па надуманых прычынах і блакуюць ліставанне.Паліну і Вікторыю накіравалі ў Зарэчча толькі пасля таго, як іх па ініцыятыве адміністрацыі гомельскай калоніі № 4 асудзілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Сваякам адміністрацыя калоніі некалькі тыдняў не пацвярджала, што жанчыны там знаходзяцца, таму ў родных не было аніякай інфармацыі пра стан жанчын і дзе іх утрымліваюць.
Паліна Шарэнда-Панасюк — 2 гады і 2 месяцы ў зняволенні
Паліна — грамадская актывістка з Брэста, якую затрымалі 3 студзеня 2021. Маці двух непаўнагадовых сыноў абвінавацілі па шэрагу артыкулаў КК: арт. 364 («Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі»), арт. 368 («Абраза Лукашэнкі») і арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»). У чэрвені 2021 года суд Маскоўскага раёна Брэста прызначыў жанчыне два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. У канцы лютага 2022 года на Паліну завялі крымінальную справу па ч. 2 арт. 411 КК, а пазней асудзілі да яшчэ аднаго года калоніі. Паліна — першая палітзняволеная жанчына ў Беларусі, асуджаная па гэтым артыкуле. Нядаўна супраць яе ўзбудзілі ўжо новую крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі».
На выязным пасяджэнні ў гомельскай калоніі 7 красавіка Паліну асудзілі яшчэ да аднаго года калоніі. Яе прызналі вінаватай у «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі». Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы сталі шматлікія «парушэнні» ўнутранага распарадку, за якія жанчына ўжо панесла пакаранне. Так, напрыклад, на яе складалі рапарты і выпісвалі спагнанні за тое, што яна «спала, седзячы на падлозе, паклаўшы галаву на тумбу для сядзення»; «была няветлівая з супрацоўнікамі папраўчай установы, а таксама ўступіла ў камунікацыю з іншымі асобамі»; «выконвала фізічныя практыкаванні, лежачы на падлозе, у забаронены час, зняўшы адзенне»; «расшпіліла пінжак».
Агулам за перыяд знаходжання ў гомельскай калоніі № 4 адміністрацыя знайшла 19 «парушэнняў», за 16 з якіх Паліне былі выпісаныя спагнанні: шэсць разоў яе змяшчалі ў ШІЗА, тройчы пазбаўлялі пасылак і перадач, двойчы пазбавілі спатканняў, адзін раз адправілі на дзяжурства, аднойчы пазбавілі кароткатэрміновага спаткання і закінулі ў ПКТ. У хуткім часе пасля этапу ў калонію Паліна была прызнана «злоснай парушальніцай рэжыму».

У чэрвені ёй пакінулі прысуд без змен і перавялі з СІЗА у папраўчую калонію № 24. Яе муж даведаўся пра гэта толькі праз месяц. Тады стала вядома, што па прыбыцці ў калонію яе змясцілі ў ШІЗА, дзе яна правяла 80 сутак амаль бесперапынна. Пасля гэтага яе адправілі ў ПКТ на паўгода і ўзбудзілі новую крымінальную справу паводле арт. 411 КК. Але нават з ПКТ палітзняволеную пераводзілі ў штрафны ізалятар на 40 дзён — пры тым, што тэрмін ШІЗА не залічваецца ў тэрмін ПКТ.
Андрэй Шарэнда пракаментаваў ціск на жонку і расказаў, у якіх умовах утрымліваюць жанчын у ШІЗА:
«Паліна ў ШІЗА з 13 студзеня. На 21 лютага няма звестак, што Паліна адтуль выйшла. Магчыма, тэрмін пакарання карцарам быў прадоўжаны далей. Гэта мінімум 40 сутак бесперапынных катаванняў холадам, голадам і адсутнасцю сну. Жанчыны, якія сядзелі раней ў ПК-24, кажуць, што вытрымаць больш за дзесяць дзён у мясцовым ШІЗА ўзімку проста немагчыма. У маразы камера цалкам прамярзае і пакрываецца шэранню. Холад і адсутнасць нармальнага харчавання ператвараюць кожную хвіліну знаходжання там у невыносную пакуту».
Цяпер жанчыну чакае разгляд па новай крымінальнай справе, паводле якой ёй у чарговы раз могуць працягнуць тэрмін.
Вікторыя Кульша — 2 гады, 3 месяцы і 27 дзён у зняволенні
Палітзняволеную інжынерку па ахове працы затрымалі 4 лістапада 2020 года за тое, што яна адміністравала тэлеграм-канал і чат «Кіроўцы 97%». Яе абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). У лютым 2021 года Вікторыю асудзілі да 2,5 гадоў калоніі і накіравалі адбываць тэрмін у гомельскую жаночую калонію. У чэрвені жанчыну асудзілі паводле арт. 411 КК і дадалі яшчэ адзін год у зняволенні. У новай папраўчай калоніі супраць яе зноў узбудзілі крымінальную справу паводле гэтага артыкула.
Вікторыю, як і Паліну, судзілі за непадпарадкаванне адміністрацыі гомельскай калоніі № 4. Так, сярод «парушэнняў» у яе былі: «знішчэнне ліста, напісанага да дачкі»; «выйшла ў туалет не папярэдзіўшы»; «была няветлівая з супрацоўнікамі папраўчай установы»; «знаходзілася з расшпіленым гузікам на паліто», «пры адчыненні дзвярэй камеры не ўстала, не прывіталася, не назвалася». У калоніі палітзняволеную прызналі «злоснай парушальніцай рэжыму». У дачыненні да Вікторыі агулам было выпісана 34 спагнанні.
Паводле матэрыялаў справы, Вікторыя прыехала ў калонію ўжо з 24 спагнаннямі. На судзе яна заявіла, што «ад самага пачатку да яе было пільнае і староннае стаўленне з боку адміністрацыі». Яна ўпэўнена, што «абвінавачанне з'яўляецца цалкам надуманым», а вінаватай сябе не лічыць.
З матэрыялаў справы таксама вынікае, што да яе часта прыходзілі з незапланаванымі вобшукамі. Аднойчы ў яе асабістых рэчах знайшлі невядомыя таблеткі, але Вікторыя не ведае, адкуль яны ўзяліся. Раней яна перадавала на волю інфармацыю пра тое, што ёй падкінулі таблеткі і пагражалі выставіць абвінавачанне паводле арт. 328 КК («Абарот наркатычных сродкаў»). Таксама падчас камунікавання з дзяжурным яна прапанавала таму зняць мундзір і не ганьбіць званне афіцэра, але зрабіла гэта ў карэктнай форме. Аднак рапарт за гэты выпадак усё-ткі атрымала.

У Зарэччы Вікторыя знаходзіцца з канца жніўня. Перад этапам Кульша была ўпэўненая, што ў новай калоніі ціск на яе працягнецца.
«Хутка будзе этап у ПК-24, і яна вельмі яго баіцца, бо на Зарэччы яе ўжо ведаюць і чакаюць. Яна ўпэўнена, што пасля этапу яе амаль адразу чакае ШІЗА ці ПКТ», — расказвала дачка палітзняволенай.
За паўгода ў новай калоніі Вікторыя адбыла 92 дні ў штрафным ізалятары, а нядаўна яе змясцілі ў ПКТ на шэсць месяцаў. 31 студзеня супраць Кульшы зноў узбудзілі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 КК.
«Заканчэнне тэрміну робіцца чымсьці няісным. Не разумею, як людзі ўвогуле могуць з калоніі выйсці», — пракаментавала Вікторыя ў лісце.
Акрамя гэтага, яна піша, што не атрымлівае лісты нават ад сваякоў ад 3 сакавіка мінулага года — «іх знішчаюць па акце, бо яны нібыта напісаны тайнапісам».
Вядома, што Вікторыя некалькі разоў трымала галадоўку на знак пратэсту супраць ціску з боку адміністрацыі. Адміністрацыя калоніі ўжывае супраць жанчыны фізічны і псіхалагічны ціск. Стан здароўя Вікторыі моцна пагоршыўся.
Алена Маўшук — 2 гады, 6 месяцаў і 21 дзень у зняволенні
Алена была затрыманая ўначы 10 жніўня 2020 года ў Пінску ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках — жанчына нібыта з палкай замахвалася на супрацоўнікаў міліцыі. Сяргей Маўшук не ведаў пра месцазнаходжанне і стан жонкі на працягу чатырох сутак з моманту затрымання. Пазней з ім звязалася сукамерніца жанчыны і расказала, што Алена знаходзіцца ў камеры «голая, босая, збітая». Алену абвінавацілі ва «ўдзеле ў масавых беспарадках» па ч. 2 арт. 293 КК. Суд Маскоўскага раёна Брэста 30 красавіка 2021 года асудзіў яе да 6 гадоў калоніі.
У Алены трое дачок: адна поўнагадовая, дзве — малалетнія. 10-гадовую Ангеліну забралі ў сацыяльны прытулак, таму што муж Алены з'яўляецца яе айчымам. Пазней у межах гэтай жа крымінальнай справы затрымалі і Сяргея. Цяпер ён таксама адбывае тэрмін у калоніі.
У папраўчай калоніі № 24 Алена была першай — і доўгі час адзінай — палітзняволенай. Праваабаронцам вядома, што адміністрацыя моцна цісне на Алену: спачатку жанчыну пазбавілі ўсіх перадач і спатканняў з блізкімі, а пазней пачалі закідваць яе ў ШІЗА. У адной з тэлефонных размоў з маці яна сказала, што ўсіх любіць, але не вытрымлівае. Палітзняволеная працяглы час знаходзіцца ў вельмі дрэнным псіхалагічным стане.
У студзені мінулага года яе муж Сяргей з лістоў ад дзяцей даведаўся, што Алена патэлефанавала і развіталася з імі:
«У Алены ўсё вельмі дрэнна і сумна. Патэлефанавала дадому дзецям са слязьмі, сказала: "Дзеці, бывайце!" Бяда! Каб хоць з сабой чаго не зрабіла.
Ёй там вельмі цяжка і сумна, у яе там усё вельмі дрэнна. Я думаю, вы павінны разумець, што гэта значыць».

Былая зняволеная нядаўна расказала, што ў калоніі Алену пазбавілі бацькоўскіх правоў:
«Вы проста ўявіць сабе не можаце, што робяць з яго [Сяргея Маўшука] жонкай у калоніі. Пакуль знаходзілася там, падтрымлівала як магла. Бацькоўскіх правоў пазбавілі наўпрост у калоніі, а за самыя дробныя правіннасці — ШІЗА. Два месяцы знаходзіліся ў адной з ёй лакальным участку. Лена навучылася ўсміхацца. Мне так трывожна за яе! Лістоў ад не блізкіх сваякоў нас усіх пазбавілі з 17 лютага. Проста кажуць: "Табе не пішуць".
Усміхаюцца проста ў вочы і робяць што хочуць. Гэта страшна! Гэта вельмі страшна! Гэта вельмі цяжка маральна. У спробе "зламаць" усе сродкі добрыя.
Лене ад мужа таксама часцяком не аддавалі лісты. Дзеці прыязджалі на спатканне. Камунікуюць па скайпе».
Што вядома пра начальніка калоніі?
Начальнікам ПК-24 прызначаны 36-гадовы палкоўнік Дзмітрый Курловіч. Вядома, што на гэтай пасадзе ён знаходзіцца толькі апошнія некалькі гадоў.
Былая зняволеная, якая адбывала тэрмін у гэтай калоніі, расказвала, што Курловіч вельмі жорсткі:
«…Там я праходзіла прэсінг. Прасавалі мяне як асуджаныя, так і адміністрацыя. Але я не хаваю, што вельмі ўдзячная, нават не пабаюся прамовіць... Ён цяпер начальнік калоніі ПК-24. Курловіч Дзмітрый Мікалаевіч. Я ўдзячная яму за тое, што ён быў са мной вельмі строгі, нават залішне. Але вось тое, што вы бачыце, у тым ліку яго заслуга.
Памяняла не зона. Ён загартаваў мяне... Ён бачыў, што я добры чалавек. І я скажу, што адразу не разумела і вельмі злавалася на яго. Я яго ненавідзела да такой ступені, што трындзец проста!».
Падтрымайце Паліну, Вікторыю і Алену лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:
ПК № 24. 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць
Паліна Сяргееўна Шарэнда-Панасюк
Вікторыя Аляксандраўна Кульша
Алена Уладзіміраўна Маўшук