Андрэй Шарэнда: «Я не ведаю, як такое можна вытрымаць»

Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк так і не выйшла з ШІЗА ў калоніі № 24. У карцары яна знаходзіцца ўжо больш за 30 сутак запар, адваката да яе не пускаюць.

Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота з сацсетак

Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота з сацсетак

Раней палітзняволеную шмат разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар гомельскай калоніі. Але і ў новай ПК-24, калоніі для жанчын-рэцыдывістак, якія паўторна здзейснілі цяжкае злачынства, куды ўлетку перавялі Паліну, яе таксама кідаюць у карцар.

Пра гэта распавёў муж палітзняволенай, Андрэй Шарэнда, на сваёй старонцы ў фэйсбуку і напісаў, што «гэта натуральны фашызм»:

«Паліна не выйшла з ШІЗА ні пасля 20, ні пасля 30 дзён знаходжання там. Хутчэй за ўсё, Паліна правядзе ў халодным, вільготным і цёмным падвале запар мінімум 40 сутак. А за тры з паловай месяцы знаходжання ў жаночай папраўчай калоніі №24 (Зарэчча) гэта будзе ўжо 80 дзён катаванняў холадам, голадам і жудаснай антысанітарыяй. Я не ведаю, як такое можна вытрымаць. Адваката да Паліны не прапускаюць. Паўтара месяцы мы нічога не ведаем пра стан яе здароўя. Гэта натуральны фашызм».

Андрэй Шарэнда паведаміў, што лічыць адным з адказных за здзекі са сваёй палітзняволенай жонкі начальніка ПК-24 палкоўніка Дзмітрыя Курловіча.





Пераслед Паліны Шарэнды-Панасюк 

Паліна Шарэнда-Панасюк была затрымана 3 студзеня 2021 года. Сілавікі выламалі дзверы ў яе кватэру. Паліну затрымалі і ў кайданках адвезлі ў ІЧУ. Пазней яе перавялі ў СІЗА. Ёй прад'явілі абвінавачванні па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса («Гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі») за тое, што нібыта нанесла драпіну аднаму з міліцыянтаў, якія прыйшлі да яе дамоў. Пазней стала вядома, што жанчыну таксама вінавацяць у абразе прэзідэнта (арт. 368 КК) і прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

Падчас зняволення жанчыну некалькі разоў змяшчалі ў карцар, яна скардзілася на псіхалагічны і фізічны ціск.

9 чэрвеня 2021 года ў судзе Маскоўскага раёна Брэста Паліне быў вынесены прысуд — два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

За кратамі Паліну шмат разоў змяшчалі ў ШІЗА.


У студзені 2022-га жанчына напісала свайму мужу, што ў канцы года яе ўтрымлівалі мінімум 15 дзён у карцары, а таксама змясцілі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) да 18 сакавіка. Акрамя гэтага яе пазбавілі каранціннай перадачы.

А 14 ліпеня Андрэй Шарэнда паведаміў, што ўжо месяц не можа даведацца, дзе цяпер трымаюць яго жонку. Пазней высветлілася, што з гомельскай калоніі №4 Паліну перавялі ў ПК-24 — калонію для жанчын-рэцыдывістак, якія паўторна здзейснілі цяжкае злачынства. Гэта калонія «знаходзіцца ў лесе паміж Рэчыцай і Светлагорскам і вядома вельмі жорсткімі ўмовамі ўтрымання, таксама ПК-24 вядома кепскімі санітарнымі ўмовамі для вязняў і цяжкай фізічнай працай для зняволеных», распавядаў пра умовы ўтрымання жонкі Андрэй Шарэнда.