Экстрэміст пасля смерці. МУС унесла ў свой спіс палітвязня, які загінуў

Яшчэ 5 студзеня 2022-га малады чалавек скончыў жыццё самагубствам. 

dudojc.jpg


Уключэнне ў «Пералік» адбылося 30 верасня 2022 года — амаль праз 10 месяцаў пасля смерці мужчыны. У «Пераліку асоб, датычных да экстрэміскай дзейнасці» адзначана, што Дзмітрый Дудойць «адбывае пакаранне».
Нагадаем, 5 студзеня стала вядома, што 43-гадовы жыхар Смаргоні скокнуў з маста ў Магілёве і разбіўся. Гэта адбылося, калі ён вяртаўся ў ПУАТ з паліклінікі без суправаджэння.
Яго асудзілі да двух гадоў «хіміі» за каментар пра начальніка Ганцавіцкага РАУС Віталія Куляшова. Свой тэрмін ён адбываў у Магілёве, дзе правёў на «хіміі» адзін тыдзень.
Дзмітрый Дудойць — жыхар Смаргоні, асуджаны да двух гадоў «хіміі» за каментар пад пастом Вольгі Карач. Яго абвінавацілі ў «знявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, здзейсненай у інфармацыі, якая размешчана ў сеціве Інтэрнэт» (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).
Згодна з матэрыяламі следства, Дзмітрый яшчэ да мінулагодніх выбараў, 21 чэрвеня 2020 года, у «Аднакласніках» на старонцы Вольгі Карач «з дапамогай ненарматыўнай лексікі ахарактарызаваў начальніка Ганцавіцкага РАУС Віталія Куляшова, падпісаўшы яго фота "Жывёліна лысая, хутка прыйдзе наш час…”».
З 29 снежня 2021 года Дзмітрый адбываў тэрмін у ПУАТ N43 у Магілёве. Паводле інфармацыі @dissidentBY, мужчына скончыў жыццё самагубствам, калі вяртаўся з паліклінікі без суправаджэння.
 «Мы з ім былі як палавінкі цэлага. Мы за тыя тры гады, што разам, ніколі не сварыліся. Я не ведаю, як цяпер буду без яго. У мяне акрамя яго больш нікога і не было. Ён быў усім для мяне. Без яго я не хачу жыць», — скрозь слёзы Людміла расказвае, якім светлым і шчырым чалавекам быў Дзмітрый. Як заўсёды ўсім дапамагаў, як кахаў яе. А яшчэ пра тое, у якім прыгнечаным стане ён быў пасля апеляцыйнага суда, які пакінуў у сіле прысуд — 2 гады «хіміі» за адзін каментар. Родныя Дзмітрыя як маглі спрабавалі яму дапамагчы, але…
На судзе Дзмітрый быў з пашкоджаным каленам, яму было цяжка нават перасоўвацца. Адвакат спрабаваў звярнуць увагу на тое, што Дудойць не зможа працаваць яшчэ як мінімум некалькі месяцаў, але суддзя вынес такі вырак, які прасіў пракурор. 29-га Дзмітрый паехаў у Магілёў адбываць свой тэрмін. І без таго прыгнечаны стан мужчыны ўскладніўся ўмовамі на «хіміі».
«Ён быў такі ранімы, пяшчотны. Казаў, што не вытрымае там, — Людміла гаворыць, што яшчэ сёння размаўляла з мужам і ён прасіў у яе прабачэння за ўсё. — За што, за што яго забралі ў мяне? За каментар? Як так можна?»
Паводле нашай інфармацыі, цела Дзмітрыя Дудойця ўжо заўтра могуць аддаць родным. Пасля гэтага будзе вядома пра час і месца пахавання.
Як паведамляюць нашы крыніцы, у інтэрнаце на паверсе, дзе жыў Дзмітрый, не было больш «палітычных», і іншыя асуджаныя нібыта з ім не камунікавалі, не віталіся, а наогул стваралі невыносныя ўмовы. Магчыма, гэта і стала той апошняй кропляй, якая паўплывала на рашэнне Дзмітрыя. Але пацвярджэння гэтай інфармацыі няма.