Знакаміты беларускі футбаліст атрымаў 13 дзён за кратамі. Верагодная таксама і крыміналка
Былы брамнік зборнай Беларусі па футболу Васіль Хамутоўскі атрымаў зняволенне.
Васіль Хамутоўскі атрымаў 13 сутак адміністрацыйнага арышту за перасылку матэрыялаў з тэлеграм-канала, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім.
Нагадаем, былы футбаліст зборнай Беларусі і трэнер Васіль Хамутоўскі быў затрыманы 30 верасня. Пасля выбараў ён асудзіў гвалт і з’ехаў з краіны. Апошнім часам працаваў ва Украіне разам з Алегам Дулубам. Затрымалі Васіля пасля вяртання ў краіну.
Праўладныя каналы паведамлялі, што на Хамутоўскага завялі крымінальную справу.
На відэа, якое публікаваў раней блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, на Хамутоўскага пры затрыманні надзяваюць кайданкі.
У «пакаяльным відэа» спартсмен кажа, што затрыманы за ўдзел у акцыях пратэсту. Хамутоўскага стандартна прымушаюць назваць зарплату, таксама ён распавядае аб тым, што за грошы, якія атрымліваў, гуляючы ў Расіі, ён набыў зямлю ў Драздах і пабудаваў катэдж, які цяпер здае амбасадзе Венгрыі.
У якасці доказу «віны» сілавікі публікуюць таксама выбарчы бюлетэнь з прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, дзе галачка стаіць насупраць прозвішча Святланы Ціханоўскай, а таксама яго фота са свабоднымі спартоўцамі. Паведамляецца, што ўзбуджана крымінальная справа.Трэнер украінскага «Львова» Алег Дулуб распавёў, што Хамутоўскі атрымаў на трэніроўцы траўму калена і прыехаў у Беларусь рабіць аперацыю.
Да падзей 2020-га ён меў сталую працу ў брэсцкім «Дынама» і быў на выдатным рахунку. Аднак потым, падтрымаўшы перамены, вымушана сышоў з клуба — і наогул з беларускага футбола. Заадно быў прысуджаны да штрафу за ўдзел у пратэстах.
Доўгае беспрацоўе Васілю Хамутоўскаму не пагражала. Гульцом ён зрабіў добрую кар'еру брамніка: выступаў у Германіі, Расіі, Румыніі, Украіне. Набыў сувязі, авалодаў мовамі. Калі перайшоў да трэнерскай дзейнасці, таксама хутка набыў вагу і аўтарытэт. «Хамутоўскі з чорт ці каго зробіць добрага брамніка», — казалі пра яго падапечныя.
Сам Васіль казаў:
Пра сілавікоў
— Ёсць добрая фраза пра афіцэраў: «Можна служыць, а можна выслужвацца». Цяпер яны не служаць, а выслужваюцца. У мяне бацька і мама служылі ў міліцыі, і ў 90-х мы ганарыліся, што бацькі абараняюць закон. А цяпер я не ведаю, што яны робяць.
Скажу нават не пра сябе, а пра людзей, якіх бачу ў нас у краіне. Людзі страцілі павагу [да іх]. Зараз міліцэйская форма, амапаўская форма, наогул ваенная, яна ў людзей выклікае страх, нянавісць і злосць. Ты [павінен] абараняць свой народ, але цяпер адбываецца ўсё па-іншаму.
Пра футбалістаў, якія падпісалі ліст праўладных спартсменаў
— Некаторыя футбалісты мне распавядалі, што іх выклікалі па тры разы спартыўныя дырэктары і казалі: «Ну вы ж усё разумееце». І вось гэтую фразу я чую пастаянна — ад сілавікоў, ад нашых кіраўнікоў.
Футбалісты малайцы, што не завагаліся, падпісалі адзінкі. Але тыя, якія падпісалі, я іх не асуджаю, але я ім больш рукі не падам. Таму што гэта значыць, што яны падпісаліся за гвалт і за тое тое, што дзеецца ў краіне, — распавёў Хамутоўскі.