
Юлія Семчанка напісала ў сацсетках 15 верасня: «Нас сёння з Дзімам затрымалі. Я ўжо дома і без сувязі, тэлефон забралі, заўтра ў мяне суд па адміністрацыйным артыкуле за рэпост. Дзіму не адпусцілі».
За што менавіта затрымалі Дзмітрыя Семчанку, пакуль невядома.
Дзмітрый Семчанка сышоў з тэлеканала АНТ пасля жорсткіх разгонаў акцый у жніўні 2020 года. 10 верасня таго ж года да яго прыйшла міліцыя. На наступны дзень яго асудзілі за ўдзел у пратэсным маршы 16 жніўня — у той час журналіст яшчэ працаваў на дзяржканале. За гэта суд прызначыў яму 15 сутак арышту.
Пасля звальнення з дзяржаўнага тэлеканала Дзмітрый Семчанка працаваў у PR-сферы.
Таксама нядаўна ў кампанію «Белагра» прыйшлі сілавікі. Там працаваў Дзмітрый Семчанка.
«Белагра» займалася пастаўкамі, продажам і сервісам сельскагаспадарчай тэхнікі. Кампанія была афіцыйным дылерам і займалася прамымі пастаўкамі тэхнікі і запчастак з заводаў МАЗ, МТЗ, Алмаз, Амкадор і многіх іншых.