Хронікі рэпрэсій. Дар’я Чульцова — у бяспецы, Васіль Хамутоўскі — на «сутках»

З дапамогай праваабаронцаў і недзяржаўных СМІ сабралі інфармацыю пра палітычны пераслед беларусаў 3 кастрычніка.

img_2777_1_logo_2.jpg


Былога супрацоўніка АНТ Дзмітрыя Семчанкуарыштавалі яшчэ на 13 сутак. Суд праходзіў па справе аб распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (артыкул 19.11 КаАП).

* * *

У дачыненні да Наталлі Дулінай распачатая крымінальная справа. У МУС паведамілі, што выкладчыца ўдзельнічала ў нядзельных маршах восенню 2020 года і «перакрыла праезную частку». Таксама паведамляецца, што Дуліна зарэгістравалася ў плане «Перамога» і давала інтэрв'ю рэсурсу, прызнанаму ўладамі экстрэмісцкім фарміраваннем.

Справа ўзбуджаная па арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Згодна з відэа, апублікаваным МУС, жанчыну затрымлівала цэлая група сілавікоў.

* * *

Сілавікі затрымалі за адміністраванне аднаго з дваровых чатаў Кастрычніцкага раёна Мінска вядучага інжынера па абароне інфармацыі букмекерскай канторы. 3 кастрычніка набліжаныя да ГУБАЗ тэлеграм-каналы апублікавалі з ім «пакаяннае» відэа. У роліку мужчыну прымусілі назваць свой заробак — 4 тысячы рублёў, а таксама прызнацца ў адміністраванні аднаго з дваровых чатаў, дзе размяшчаліся ў тым ліку абразы на адрас прадстаўнікоў улады.

Акрамя таго, затрыманага прымусілі калыпком сцерці чырвоную палоску на бел-чырвона-белым сцягу. Увесь працэс сілавікі запісалі на відэа і выклалі ў сваім тэлеграм-канале.

* * *

Былы брамнік зборнай Беларусі Васіль Хамутоўскіатрымаў 13 сутак адміністрацыйнага арышту — за перасылку матэрыялаў з тэлеграм-канала, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім.

Хамутоўскага затрымалі 30 верасня пасля вяртання з Украіны. Сілавікі паведамілі, што супраць яго распачатая крымінальная справа.

* * *

29-гадовы жыхар Светлагорска Арсень Ягорчанка атрымаў 10 сутак арышту — у яго мабільным тэлефоне выяўленыя «экстрэмісцкія інфармацыйныя прадукты».

Праваабаронцы паведамляюць, што 29 верасня па месцы жыхарства Арсенія прайшоў ператрус, падчас якога пры даглядзе мабільнага тэлефона быў знойдзены «экстрэмізм». Таксама былі знойдзены бел-чырвона-белыя сімвалы.

Малады чалавек адбывае арышт у следчым ізалятары Светлагорскага РУУС. Яго тэлефон быў канфіскаваны ў «даход дзяржавы».

* * *

Пасля агалоскі МУС унесла-такі змены ў «спіс экстрэмістаў» — цяпер там адзначаецца, што Дзмітрый Дудойць «памёр». Раней загінулы мужчына папоўніў спіс «экстрэмістаў» як усё яшчэ які адбывае пакаранне па крымінальнай справе.

* * *

Паліна Шарэнда-Панасюк не выйшла з ШІЗА. Яна знаходзіцца там ужо больш за 30 дзён запар, і да яе не пускаюць адваката.

Паліна Шарэнда-Панасюк — актывістка з Берасця. Спярша яе прысудзілі да 2 гадоў пазбаўлення волі нібыта за тое, што падчас аднаго ператрусу ў яе сям'і Паліна параніла аж 7 міліцыянтаў. Потым за нібыта шматлікія парушэнні ў калоніі ёй дадалі яшчэ 1 год пазбаўлення волі. Мужа Паліны Андрэя таксама збіраліся судзіць па крымінальнай справе, але ён паспеў пакінуць Беларусь разам з дзецьмі.

* * *

Таксіста з Ліды 28 гадовага Эдварда Вільчэўскага асудзілі на 9 гадоў калоніі, паведамляюць праваабаронцы. Рашэнне было вынесена ў Гродзенскім абласным судзе. Суддзя Мікалай Рачынскі.

Вільчэўскага абвінавацілі па шэрагу артыкулаў КК: Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці; абразу прадстаўніка ўлады; масавыя беспарадкі; Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Ён таксама павінен заплаціць пацярпеламу 2000 рублёў кампенсацыі.

* * *

Грамадскае аб'яднанне «Трофі клуб “Белавежскія зубры”» знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі. Такое рашэнне прыняў 6 верасня Гродзенскі абласны суд.

Арганізацыя працавала 11 гадоў. Яна размяшчалася ў вёсцы Новы Двор Свіслацкага раёна. Клуб арганізоўваў трофі-рэйды ў раёне і ўдзельнічаў у спаборніцтвах пазадарожнікаў.

* * *

Праграміста прысудзілі да васьмі гадоў калоніі строгага рэжыму за стварэнне мабільнага дадатку і ўдзел у акцыях пратэсту. У 2020 годзе Арцём Мазанік распрацаваў мабільны дадатак, які выкарыстоўваўся для распаўсюджвання інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных сілавікоў і прадстаўнікоў улады.

Акрамя таго, яно дазваляла ідэнтыфікаваць вытворцаў тавараў па штрых-кодзе і правяраць іх прыналежнасць да прадпрыемстваў, якія падтрымліваюць дзеючую ўладу. Следчы камітэт лічыць, што ў праграме таксама былі заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі.

* * *

Суд Бялыніцкага раёна прызначыў дату слухання крымінальнай справы ў дачыненні да кіраўніка грамадскага аб'яднання «Футбол», вядомага ў краіне трэнера-энтузіяста Сяргея Зайкоўскага. Судовы працэс, які будзе весці суддзя Валянціна Паўлава, пачнецца ў сераду, 12 кастрычніка.

60-гадовага спартсмена вінавацяць у паклёпе на прэзідэнта і апаганенне будынкаў і пашкоджанні маёмасці. Зайкоўскі, нібыта, намаляваў на асфальце надпіс, які «змяшчае звесткі, якія абражаюць гонар і годнасць кіраўніка дзяржавы, якія спалучаюцца з абвінавачваннем яго ў здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства».

* * *

Былая палітзняволеная журналістка Дар'я Чульцова, якая ў пачатку верасня выйшла з калоніі, пакінула Беларусь і цяпер знаходзіцца ў бяспецы.