Не толькі танцы. Беларускія пратэсты ў Tik-Tok
Стаўленне да пекінскай сацсеткі Tik-Tok, якая летась заваявала сэрцы мільёнаў маладых карыстальнікаў па ўсім свеце, можа быць розным. Звыклыя да доўгіх тэкстаў у стужцы заўзятары Facebook глядзяць на падлеткаў, што выконваюць аднолькавыя танцы пад аднолькавую музыку, мякка кажучы, са скепсісам.
Але калі паспрабаваць вызначыць, што так цікавіць 40 мільёнаў карыстальнікаў, якія штодзённа посцяць новыя відэа ў адну з самых папулярных сацсетак свету, можна заўважыць там не толькі танцы.
Спецыфіка Tik-Tok базуецца на тым, што стужка карыстальніка нібыта чытае яго думкі, ведае, чым ён цікавіцца. Так, напрыклад, чалавеку, які захапляецца кулінарыяй, сацсетка будзе прапаноўваць новыя і новыя рэцэпты. А для аматара гісторыі і паліталогіі знойдуцца кароткія ролікі, якія крэатыўна і папулярна асвятляюць тую ці іншую тэму.
Натуральна, што такі папулярны рэсурс становіцца сур’ёзнай палітычнай сілай. Былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп нават спрабаваў спыніць дзейнасць Tik-Tok на тэрыторыі Злучаных Штатаў. На думку Трампа, сацсетка ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы Амерыкі. Джо Байдэн спачатку не выказваўся на тэму Tik-Tok, а, заняўшы пасаду прэзідэнта, спыніў дзейнасць загада, які забараняе амерыканцам карыстацца кітайскім сервісам. Магчыма, гэта стала адной з прычын, па якой падчас прэзідэнцкай кампаніі карыстальнікі Tik-Tok масава пачалі сімпатызаваць Байдэну і ўвялі такім чынам моду на падтрымку дэмакрата.
З пачатку прэзідэнцкай кампаніі ў 2020 годзе беларусы таксама актыўна выкарыстоўвалі Tik-Tok дзеля таго, каб выказаць сваю грамадскую і палітычную пазіцыю. Калі ў пошукавым радку ўвесці «Belarus», мы ўбачым знаёмыя кадры масавых акцый пратэсту. Самыя папулярныя відэа з тэгам #belarus уяўляюць сабой нарэзку кадраў з пратэсных шпацыраў альбо кароткія саркастычныя скетчы на тэму прэзідэнцкіх выбараў.
Амаль пад кожным ролікам разгортваюцца гарачыя дыскусіі, аднак наўрад ці можна разлічваць на іх высокі ўзровень. Увогуле, мала дзе можна ўбачыць такую колькасць прыхільнікаў дзеючай улады, як у моладзевай сацсетцы Tik-Tok. Але нікнэймы іх амаль ніколі не з’яўляюцца рэальнымі імёнамі, а аватары часцей за ўсё альбо пустыя, альбо зусім незразумелыя. Улюбёная тэма, якую пад кожным пратэсным відэа ўздымаюць такія прыхільнікі — Украіна. Знакамітае «хочаце як ва Украіне?» гучыць тут паўсюль. Самі ўкраінцы ў каментарах актыўна падтрымліваюць беларускі пратэст.
Прыхільнікаў Лукашэнкі ў кітайскай сацсетцы называюць «лукаботамі». «Лукаботы» — гэта карыстальнікі, якім плацяць грошы за каментары ў падтрымку дзеючай улады. Акрамя іншага, на тое, што праўладныя каментары публікуюць з большага не рэальныя людзі, указвае адсутнасць «чырвона-зялёнага» кантэнту. То-бок, яны нічога не ствараюць, толькі каментуюць.
Беларускія прапагандысты раней амаль не наведвалі тэрыторыю сацсетак, працуючы толькі з добра знаёмай аўдыторыяй тэлебачання. Тады адкуль такія новаўвядзенні? Карыстальнікі Tik-Tok заўважылі, што гнеўныя праўладныя каментары пачалі з’яўляцца пад ролікамі, калі на дапамогу супрацоўнікам БТ прыехалі расійскія прапагандысты. Праца з інтэрнэт-ботамі — якраз іх улюбёны метад. Але і тут у іх мала што атрымалася. Маладыя Tik-Tok блогеры, якія падтрымліваюць беларускі рух супраціву, сутыкаюцца з вялізнай хваляй добрых каментароў, а аднолькавыя, непісьменныя каментары «лукаботаў» выглядаюць па-дурному і смешна. Пройдзем далей па тэгу #belarus і ўбачым вялікую колькасць замежных відэа, аўтары якіх інфармуюць аўдыторыю пра падзеі ў нашай краіне. Такія ролікі набіраюць дзясяткі тысяч праглядаў.
Шматлікія беларускія СМІ таксама актыўна выкарыстоўваюць сацсетку ў якасці дапаможнага рэсурса інфармавання. Напрыклад, «Радыё Свабода» (@radio_svaboda) мае больш за 80 тысяч падпісантаў у Tik-Tok. Журналісты посцяць у сацсетку кароткія эмацыйныя ролікі з подпісамі.
Апошнім часам у свеце стала модным ствараць Tik-Tok акаўнты прэзідэнтаў і дзяржаўных ведамстваў. Сярод кіраўнікоў дзяржаў першым стаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Пакуль ні прадстаўнікі дзеючай беларускай улады, ні прадстаўнікі офісу Святланы Ціханоўскай сярод карыстальнікаў звышпапулярнай моладзевай сацсеткі заўважаныя не былі.