Змагацца ці з’язджаць: 35% беларускага «пратэснага электарату» не збіраецца пакідаць краіну
Ужо амаль год беларускае грамадства вельмі палітызаванае, а краіна знаходзіцца ў сур’ёзным сацыяльна-палітычным крызісе. Увесь гэты час махавік рэпрэсій не запавольваецца: людзі тысячамі трапляюць у турмы і вымушаныя ўцякаць з краіны.

«Цэнтр новых ідэй» вырашыў праверыць градуснік «перамогі / эміграцыі» пратэснага электарату, памер якога складае, паводле даных іншых даследаванняў, 38% гарадскога насельніцтва Беларусі. Мэтай было зразумець, якія ў яго чаканні ад будучыні і якая яго частка гатовая эміграваць з Беларусі, піша TUT.BY.
Даследаванне праводзілася анлайн «Цэнтрам новых ідэй» сумесна з «Народным апытаннем» у перыяд з 11 па 13 сакавіка ўключна. Аўдыторыя апытання — гэта актыўная пратэсная частка насельніцтва, якую складаюць перш за ўсё беларусы (52% жанчыны) ва ўзросце да 50 гадоў (31-40 гадоў — 35%, 18-30 гадоў— 12%, 41-50 — 28%), якія маюць вышэйшую адукацыю (76%), якія жывуць у Менску (53%) і станоўча адносяцца да пратэстаў (99%).
Рэспандэнты выпадковым чынам дзяліліся на чатыры падвыбаркі. Адной з іх, «кантрольнай групе», адразу задаваліся пытанні аб эміграцыі, а тры іншыя перад гэтым таксама атрымлівалі тэкставыя «напаміны», як развіваецца крызіс у краіне. Кожная з трох груп атрымлівала толькі адзін такі тэкст для чытання. «Напаміны» тычыліся пагаршэння эканамічнага становішча ў краіне, ўзмацнення жорсткасці рэпрэсій, магчымасці больш шчыльнай інтэграцыі з Расіяй. Пасля ачысткі для аналізу выкарыстоўваліся 8772 анкеты, прыблізна роўным спосабам падзеленыя паміж чатырма групамі.
Больш за ўсё пратэсную аўдыторыю хвалюе працяг рэпрэсій, арышты актывістаў і ўзмацненне жорсткасці заканадаўства. Рэагуючы на гэтую сітуацыю поўнага згортвання палітычных свабод, амаль 95% апытаных выбралі варыянт адказу «вельмі турбуе». На жаль, такі сцэнар далейшага палітычнага развіцця краіны выглядаў рэалістычным для пераважнай большасці рэспандэнтаў: больш за 88% чакаюць такога развіцця падзей.

Пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, навязванне інтэграцыі з Расіяй таксама вельмі хвалююць беларусаў: каля 80% турбуюць такія сцэнары. Аднак у магчымасць пачатку больш шчыльнай інтэграцыі з Расіяй вераць 21%, а яшчэ 48% лічаць такі варыянт развіцця падзей хутчэй рэалістычным. А вось тое, што эканамічны крызіс толькі ўзмоцніцца, лічаць верагодным ці хутчэй верагодным 53% і 40% адпаведна.
Пры гэтым пратэст застаецца аптымістычным. Больш за 43% апытаных рэспандэнтаў верыць, што Лукашэнка сыдзе да канца 2021 года, яшчэ 20% — што да 2025.

Пратэст або эміграцыя
Такія негатыўныя чаканні ад будучыні істотна мяняюць тактыкі паводзін людзей. Альберт Хіршман (Albert Hirschman) у аналізе эканамічнага развіцця апісаў дзве асноўныя рэакцыі на дрэннае кіраванне: пратэставаць (voice) або сыходзіць (exit). Эміграцыя з’яўляецца крайняй формай «выхаду» і аслабляе пратэсныя настроі ў грамадстве.
У даследаванні бачна, што абсалютная большасць пратэснай аўдыторыі так ці інакш разважала пра магчымасць з’ехаць з краіны. Тых, хто прынцыпова не хоча і не плануе з’язджаць, — 35%.
Плануюць канкрэтныя крокі па пераездзе толькі каля 6% апытаных, а яшчэ каля траціны думаюць пра гэта, але пакуль не прадпрымаюць актыўных дзеянняў. Хацелі б з’ехаць, але не могуць па розных прычынах — каля 23%.
Менавіта глыбіня палітычнага крызісу штурхае людзей на такія рэзкія змены ў сваім жыцці. Каля 28% гатовыя ехаць на доўгі тэрмін ці назаўсёды. На кароткі тэрмін — да года — думаюць з’язджаць 41%, траціна пакуль не вызначыліся. Пры гэтым чым больш апытаныя непакояцца пагаршэннем сітуацыі, тым хутчэй яны хочуць з’ехаць. Адпаведна, чым даўжэй, як ім здаецца, Лукашэнка застанецца ва ўладзе, тым хутчэй яны хочуць пакінуць краіну.
Расія перастае прыцягваць беларусаў
Абсалютным лідарам у кірунку для эміграцыі з’яўляецца Польшча: сюды гатовыя ехаць 71% з тых, хто наогул разглядае пераезд. Другое і трэцяе месцы дзеляць Літва і Україна — 34% і 30% адпаведна (у апытаных была магчымасць выбраць некалькі варыянтаў).
Характэрным падаецца трэцяе месца Украіны. Краіна, якую айчынная прапаганда так любіць паказваць у якасці разбуральнага прыкладу рэвалюцый, і каштоўнасна, і эканамічна прыцягвае пратэсную аўдыторыю (дый сама спрабуе перавабліваць беларускіх ІТ-спецыялістаў). Былы лідар у кірунку для эміграцыі — Расія — наадварот, цяпер цікавіць толькі 8,9%. Хутчэй за ўсё, эканамічная стагнацыя ў Расіі і палітычная падтрымка Лукашэнкі з боку Крамля сталі стоп-фактарамі для магчымых мігрантаў. Акрамя таго, у Расіі беларусы з меншай верагоднасцю могуць адчуваць сябе ў бяспецы: іх могуць папросту экстрадаваць на радзіму.

Можа падацца, што плануе з’ехаць значная частка беларусаў, але ўсё крыху больш складана. Адток не толькі высокакваліфікаваных, творчых спецыялістаў, але і звычайных працоўных мігрантаў (як правіла, у сферах будаўніцтва і транспарту) пачаўся яшчэ ў папярэднія гады. Бягучы крызіс толькі ўзмацняе гэты трэнд, робіць маштабным.
Эфекты такіх міграцыйных змен будуць доўгімі і глыбокімі. Сярод пратэснай аўдыторыі да эміграцыі часцей за іншых прафесіяналаў імкнуцца прадстаўнікі IT-індустрыі і, як аказалася, сілавых ведамстваў (яны таксама ўдзельнічалі ў апытанні). Эміграцыю перш за ўсё разглядаюць маладыя беларусы і беларускі з вышэйшай адукацыяй (у тым ліку еўрапейскай і амерыканскай), а таксама людзі, якія маюць дастаткова высокі даход. Гэта апора эканомікі. Улічваючы, што частка з іх з’едзе надоўга, нават у выпадку перамогі пратэсту многія не вернуцца. Краіна іх страціць назаўсёды.
Але не ўсё так песімістычна: характарыстыкі краін, куды імкнуцца беларусы, таксама важныя. Там мігранты пераймаюць каштоўнасці і мадэлі паводзін, якія праз сем’і і блізкіх будуць перадавацца і на іх радзіму. Змена фокусу новай беларускай эміграцыі на заходнія дэмакратыі будзе ўплываць на каштоўнасці людзей, якія там застаюцца, што, хутчэй за ўсё, у будучыні ўзмоцніць запыт на дэмакратычныя перамены ў самой Беларусі.