«Еўропа спрабуе падаваць Лукашэнку знакі — гэта пустая трата часу»

Ці акупаваная цяпер Беларусь? На што спадзяецца Лукашэнка? І ці сапраўды Пуцін можа рабіць у Беларусі ўсё, што ён хоча? Палітолаг і публіцыст Фёдар Крашаніннікаў лічыць, што беларускі кіраўнік у чарговы раз ставіць на карту ўсё, каб выслізнуць з непрыемнай сітуацыі.

Фёдар Крашаніннікаў. Фота з асабістага архіва

Фёдар Крашаніннікаў. Фота з асабістага архіва


— Відавочна, што нягледзячы на ўсе размовы беларускай апазіцыі аб акупацыі канчатковыя пастановы прымае ўсё ж такі Лукашэнка, — кажа палітолаг і публіцыст Фёдар Крашаніннікаў на канале «М*ланка медыя». — Ёсць просты крытэр. Мы бачым, як Пуцін выграбае ўсё, што ёсць у Расіі, і адпраўляе на фронт.

І, калі Беларусь цалкам знаходзіцца пад кантролем Расіі, узнікае пытанне: чаму беларусаў не адправілі ваяваць? Запэўніваю вас, калі б Пуцін мог гэта зрабіць, ён бы з задавальненнем гэта зрабіў.

Але, мабыць, яму ўсё ж такі даводзіцца вырашаць гэта праз Лукашэнку, галоўнакамандуючага беларускім войскам, мабыць, ёсць там нейкі парог.

Не ведаю, якія аргументы прыводзіць Лукашэнка, як ён гэта тлумачыць, але, паўтаруся, калі б Беларусь была дэ-факта цалкам акупавана РФ і Лукашэнка страціў кантроль над сітуацыяй, беларусы ўжо гінулі б на тэрыторыі Украіны ў вялікай колькасці.

Палітолаг мяркуе, што менавіта з гэтай прычыны з афіцыйным Мінскам не парывае ўсіх сувязяў Украіна. Перабольшанымі магчымасцямі, на яго погляд, надзяляюць беларускага кіраўніка заходнія дыпламаты.

— Гэта наогул вялікая праблема еўрапейскай палітыкі, і я абмяркоўваў гэта з многімі экспертамі. Ім вельмі складана змірыцца з думкай, што, так бы мовіць, пры двары Пуціна не існуе ніякіх эліт.

Яны думаюць, што праз кагосьці можна паўплываць на расійскага прэзідэнта, што калі Лукашэнку трошкі пакінуць убаку ад санкцый, то, глядзіш, ён як-небудзь выслізне ад Пуціна.

Але пры тым, што я не лічу Беларусь акупаванай дэ-факта, калі Лукашэнка пачне здзяйсняць відавочныя для Пуціна целазрухі ўбок, Беларусь, безумоўна, будзе акупавана па ўсіх параметрах.

Цяпер Еўропа спрабуе падаваць Лукашэнку нейкія знакі — гэта пустая трата часу і самападман еўрапейскай дыпламатыі.

Фёдар лічыць, што для самога Лукашэнкі цяпер галоўная мэта — пазбавіцца ад апазіцыі.

— Наколькі я магу зразумець ягоную палітыку, яна палягае ў канчатковым разгроме беларускай апазіцыі. І давайце будзем сумленнымі — небеспаспяхова, таму што супраць лома няма прыёму, апазіцыя знаходзіцца ў эміграцыі, у Беларусі жудасныя рэпрэсіі і там немагчыма рабіць нешта палітычнае.

Для Лукашэнкі важна канчаткова менавіта маральна разграміць апазіцыю. Даказаць і ёй, і беларускаму грамадству: маўляў, вы казалі, што я не прэзідэнт — а я прэзідэнт, вы казалі, што мяне не будзе — а я ёсць, вы казалі, што са мной ніхто размаўляць не будзе — а я да Сі Цзіньпіна паехаў, і еўрапейская дыпламатыя мне галавой ківае.

І цалкам магчыма, нейкі абывацель убачыць, што Аляксандр Рыгоравіч выкруціўся і сядзіць.

Тое, што ён, у тым ліку ў інтэрв'ю замежным журналістам, спрабуе паказаць, што ён не Пуцін і адэкватнейшы за Пуціна — гульня зацяжная... Ён мяркуе, што трэба да апошняга рабіць стаўкі на ўсё ў надзеі, што зможа пераседзець Пуціна і далей будзе сядзець.

У той жа час Крашаніннікаў не схільны разглядаць сур'ёзна зліты нядаўна ў СМІ дакумент па інтэграцыі Беларусі ў Расію да 2030 года.

— Гэта нейкі дзіўны дакумент, ён цалкам можа быць проста адной з аналітычных запісак. Не думаю, што гэта прыняты план, тым больш мы бачым, што для Пуціна ўвогуле ўласціва дзейнічаць без якога-небудзь выразнага плана.

Ды і наогул, ці да Беларусі цяпер Расіі? Ваша краіна ў цяперашні час не грае ў планах Пуціна велізарнай ролі, хоць, вядома, яму б хацелася больш актыўна яе выкарыстоўваць, і таму ён можа ціснуць на Лукашэнку.

Апублікаванне гэтага дакумента цалкам можа быць чарговай спробай ціску: маўляў, калі ты будзеш паводзіць сябе няправільна, мы можам разгледзець і варыянт пазбаўлення ад цябе, ты тут не асабліва і патрэбны, май гэта на ўвазе — выказаў сваю версію палітолаг.