Артур Смальянінаў: «Мой Крым», хросны Ахлабысцін і сустрэча з Пуціным

Артур Смальянінаў з «9 роты» пра вайну, «фашыстаў» і Беларусь распавядае журналісту «Люстэрка».

Артур Смальянінаў падчас здымак для рэлізу музычнага альбома, Расія, лета 2022. Фота: Саша Ільвес

Артур Смальянінаў падчас здымак для рэлізу музычнага альбома, Расія, лета 2022. Фота: Саша Ільвес


Актор Артур Смальянінаў з’ехаў з Расіі восенню 2022 года, цяпер ён жыве ў Рызе, дзе ходзіць на кастынгі, займаецца сваім рок-гуртом «Смола» і праектам «Гражданин поэт», там артыст чытае вершы Дзмітрыя Быкава на надзённыя тэмы. «Люстэрка» пагаварыла з акторам пра Беларусь, пра тое, што змянілася за год вайны, фільм «9 рота», «фашыстаў» і Міхалкова. 

«Я частка гэтай краіны, і я буду гэтае г***о сёрбаць»

— Давайце вернемся ў мінулае. Да 2022 года вы публічна не выказваліся пра ўладу, Пуціна, Данбас. Што здарылася?

— Вайна пачалася, жыццё перавярнулася. Да 24 лютага была надзея, што мы, умоўна здаровыя клеткі гэтага хворага арганізма пад назвай Расія, перажывём і перацерпім гэтую пошасць. Да таго, што адбывалася ў краіне, я ставіўся так: «Акей. А чаго выказвацца? Усё ж зразумела».

Нават людзі, у выніку заражаныя гэтым сектанцтвам, у глыбіні душы, я ўпэўнены, усё разумеюць. У іх таксама ёсць сумленне, і ад яго немагчыма проста адмахнуцца. Начамі яно прыходзіць і грызе іх, кажа ім праўду. Гэтая ўнутраная барацьба адбываецца штодня. Як вядома, поле бітвы паміж дабром і злом — гэта чалавечая душа. Я спадзяваўся, што мы ўнутры Расіі памучымся, але неяк гэта перажывём. Напэўна, часткова гэта таксама нейкі кампраміс з самім сабой і нежаданне падвяргаць сябе рызыцы.

Не так і проста пераканаць сябе, што трэба ахвяраваць чымсьці сёння, каб атрымаць нешта большае заўтра. Але, як высвятляецца, ёсць чырвоныя лініі, пасля якіх кампраміс немагчымы.

Можа, мы зашмат марылі. Марылі пра цудоўную будучыню. І, мабыць, замала рабілі. Маё пакаленне — напэўна, апошняе, якое свядома памятае Савецкі Саюз, — ды і ўсе папярэднія пакаленні раптам атрымалі свабоду нібыта бясплатна і безлімітна. І ў нейкай ступені захлынуліся ёй. І раптам аказалася, што свабода — гэта прывілея, а не падарунак. Гэта каштоўнасць, за якую трэба змагацца. Змагацца і змагацца. І чымсьці ахвяраваць. А мы атрымалі яе занадта лёгка і гэтак жа лёгка аддалі. Я думаў: «Ну, добра, перажывём, мяккая версія Сталіна, але ёсць жа рэчы, якія сёння рабіць немагчыма: свет празрысты, нельга ўсё схаваць, так татальна падманваць і трымаць у страху свой народ». Аказалася, што можна. *** два, марыць не шкодна.

Адна рэч — казаць «я заб’ю цябе», а іншая — узяць і забіць. У маім разуменні словы — не падстава ўдарыць. Я, калі глядзеў урыўкі паслання Пуціна, адчуў такі пякучы сорам. Прычым гэта быў не сорам за тое, што адбываецца сёння, а нібыта гэта мой дзядуля, які шмат глядзіць тэлевізар і праз узрост ужо трошкі не ў сабе, у парыве пачуццяў сышоў з дому. А ты яго знайшоў на нейкім аўтобусным прыпынку, дзе ён усё гэта і вяшчае. А вакол стоўпіліся людзі, якія глядзяць на яго — хто са спачуваннем, а хто насмешліва. І ты спрабуеш яго хутчэй звесці, а сам сабе думаеш: «Людзі, прабачце, калі ласка, гэта мой дзядуля, ён ужо старэнькі, ён жыве ў сваёй рэальнасці, ён жыве ў сваім свеце». І калі б гэта былі проста словы, то людзі б паспачувалі або пакруцілі пальцам ля скроні, маўляў, старасць — не радасць. А вось калі дзядуля пры гэтым яшчэ ўзяў нож і пайшоў усіх рэзаць, то гэта ўжо не сорам, гэта жах і кашмар. Як я мог прапусціць гэта? Бо бяда не ў тым, што ёсць людзі, якія нясуць лухту, а ў тым, што акрамя іх хутка нікога і не застанецца. У руках гэтых людзей улада і зброя. І не нож з кухні, а паўнавартасны набор Рэмба.

— Год вайны прайшоў. Што змянілася?

— У мяне адна думка праходзіць чырвонай ніткай увесь час. Усяго за год Расія ператварылася з краіны, хай і прывіднай, але ўсё-такі надзеі, у беспрасветную фашысцкую дзяржаву. І незразумела, ці можна гэта вылечыць. Я спадзяваўся, што калі п****ц здарыцца ўнутры краіны, то з гэтым мы неяк разбяромся. Гэта маральная нацыянальная катастрофа. Пры добрым раскладзе, калі мы зможам ачысціцца і абнавіцца, то нейкія першыя парасткі гэтага праб’юцца толькі гадоў праз 30. То-бок гэта будуць людзі, якія цяпер нарадзіліся ці яшчэ не нарадзіліся. А мы, тыя, хто жыве цяпер, знаходзімся ўнутры катастрофы. Мы яе паліва. Мне хацелася б не згарэць і ўбачыць іншую Расію. Я хачу закрыць вочы і ўбачыць, як нашыя нашчадкі ўсвядомілі, перажылі і зафіксавалі ўсё, што нарабіла іх радзіма. І тады яны змогуць адштурхнуцца ад гэтага жаху.

— Самы эмацыйны момант за гэты год?

— У Рызе ёсць рэстаран, які адкрылі ўцекачы з Данецкай вобласці. Адзін добры латыш даў ім пад гэта памяшканне. Мы з сябрамі неяк прыйшлі туды паесці баршчу, пазнаёміліся з імі і пасябравалі — чарговым разам пацвердзіўся тэзіс «няважна, які ў цябе пашпарт, галоўнае, што ў цябе ў галаве». Потым мы туды прыехалі зноў, заходзім — а там сядзіць шмат людзей у форме ўкраінскага войска. І мне, шчыра кажучы, робіцца крыху непамысна. Я не разумею, як яны да мяне паставяцца і як мяне ўспрымуць. Мы селі ў процілеглым куце. Падыходзіць гаспадыня Вольга, і я ў яе пытаю: «Што хлопцы тут робяць?»/ Яна адказвае: «Яны прыехалі на рэабілітацыю, хлопцы з фронту, яны былі на экскурсіі да гэтага, а мы іх кормім».

Мы працягваем сядзець, а хлопцы ходзяць курыць міма нас, і я бачу, што яны ўсе знявечаныя — без нагі, без рукі, у кагосьці няма паловы твару — літаральна ўсё пасечанае. У нейкі момант хтосьці з іх мяне пазнае, і ў выніку адзін з іх, Сярога, да мяне падышоў. Ён кульгае, у яго не працуе левы бок, са зрокам праблемы, ёсць асколак у галаве. І я чакаў чаго заўгодна, акрамя таго, што было далей.

Яны былі радыя мяне бачыць, у іх наогул не было злосці, ён смяяўся і казаў: «Артур, братан, я зараз табе пакажу, які я карнік і фашыст». І пачынае ў тэлефоне паказваць відэа і фатаграфіі. Мы з ім шмат жартавалі. Мы смяяліся і рагаталі. Мы былі разам. Людзей вакол станавілася ўсё больш і больш, усе хацелі нешта спытаць ці пра нешта расказаць. Было шмат розных эмоцый. Але чаго ў іх не было — дык гэта нянавісці і злосці. Была горыч страшная, іронія горкая, жыццялюбства адчайнае. Сярога ўвесь час нібы жартам паўтараў: «На, паглядзі на мяне, які я страшны карнік». Ён нібы клікаў мяне ў сведкі.

Я размаўляю з імі і разумею, што яны — звычайныя людзі. У якіх было нейкае сваё жыццё. Фашыст… Карнік… Гэта была галоўная тэма размовы. Бо ва ўкраінцаў тое, што адбываецца, не ўкладаецца ў галаве: «Вы б што заўгодна прыдумалі, але толькі не гэта. Лепш бы сказалі шчыра, што проста хочаце адабраць наш дом. Неяк, б***ь, больш зразумела і проста было б».

І там быў яшчэ адзін хлопец. Не запомніў, на жаль, як завуць. Малады прыгожы бландын з блакітнымі вачыма на мыліцах і без нагі. Мы стаялі на вуліцы, курылі і няспешна размаўлялі, я б нават сказаў, што больш маўчалі. Ведаеце, у цішыні часам значна лепш адно аднаго чуваць. У нейкі момант я падымаю на яго вочы, а ён стаіць, глядзіць кудысьці ў сябе, амаль плача і кажа з такім сумам: «Я не разумею, як гэта адбылося… Не разумею. Чаму мы забіваем адно аднаго?».

І калі ты асабіста сутыкаешся з такой гісторыяй — гэта п*****ц. Добра, ногі і рукі ім паставяць, а душы іх хто будзе лячыць? Таму што за гэтым смехам і весялосцю застаецца разбуранае жыццё. Проста так, ні за што. «Можам паўтарыць», разумееце? Пуцін проста вырашыў зноў пагуляць, як у дзяцінстве, у салдацікаў, толькі цяпер салдацікі сапраўдныя. І паміраюць па-сапраўднаму. Мяне сустрэча з гэтымі хлопцамі ўзрушыла. Я не баяўся, але разумеў, што калі яны ў мяне зараз спытаюць «якога ***?», то мне не будзе чаго адказаць. Я проста моўчкі буду глядзець у падлогу. Асабіста я нікому з іх не зрабіў зла і зразумела, на чыім я баку. Але я б маўчаў, бо я частка гэтай краіны і я буду гэтае г***о сёрбаць. А што рабіць? 

Артур Смальянінаў (крайні справа) падчас сустрэчы Уладзіміра Пуціна са здымачнай групай фільма «9 рота», 2005 год. Фота: www.kremlin.ru

Артур Смальянінаў (крайні справа) падчас сустрэчы Уладзіміра Пуціна са здымачнай групай фільма «9 рота», 2005 год. Фота: www.kremlin.ru

«Мой Крым» і сустрэча з Пуціным

— Вы наведвалі Крым пасля анексіі, дзе ў вас былі здымкі фільма «Калашнікаў». Няўжо вы не маглі адмовіцца і не ехаць туды?

— Важнае ўдакладненне: сцэны з маім удзелам у фільме «Калашнікаў» здымаліся ў Маскве. У той момант я б, вядома, у Крым ужо не паехаў. Эпізод, пра які вы кажаце, здарыўся летам 2015 года. У той час я ўсё, што адбываецца, зусім інакш успрымаў — усё гэта было нібыта не са мной, у паралельнай рэальнасці, і мяне не вельмі датычыла. Было зразумела, што ніякага «грамадзяніна» ў Расіі не існуе, сістэмы інстытутаў у дзяржаве няма. Краіна ўжо тады жыла па паняццях Уладзіміра Пуціна і яго набліжаных, а не па законе. Таму я ў дастатковай ступені адстаронена на гэта глядзеў і разумеў, што я нічога выправіць не магу.

Наогул, я ў Крым ездзіў з 2000 года. Гэта адно з самых важных і любімых месцаў у маім жыцці: у мяне там палова маладосці прайшла. Важна разумець, што ёсць вымярэнне палітычнае, а ёсць чалавечае. І калі здарылася анексія і ўсе сталі пытаць адно аднаго «чый Крым?», я адказваў сам сабе, што юрыдычна, палітычна, ён, безумоўна, украінскі. І мусіць быць вернуты Украіне неадкладна і безумоўна. Але па-чалавечы ён быў мой. Проста мой. І ў той момант для мяне, па сутнасці, нічога не змянілася. Проста перасталі ставіць штамп у пашпарце.

Калі вы б спыталі мяне, паехаў бы я туды цяпер ці нават за пару гадоў да вайны, то адказ, быў бы, вядома, «не». Але тады я не ставіўся да гэтага з належнай адказнасцю. Калі хтосьці лічыць неабходным паставіць мне гэта ў віну, калі ласка.

— Ваш хросны — актор Іван Ахлабысцін, які крычыць «гойда» на Краснай плошчы. Ён заўсёды быў такім?

— Я хачу і буду адказваць толькі за сябе. Давайце мы гэтую тэму закрыем. Спытайце ў Вані.

— Калі б ён адказаў.

— Але вы ж усё бачыце на свае вочы і чуеце. Калі ў доме пажар і з вокнаў валіць агонь, вам трэба ў кагосьці ўдакладніць, ці сапраўдны гэта агонь? Так, гэта сапраўдны агонь.

— Добра, пойдзем далей. Фільм «9 рота», дзе вы сыгралі адну з галоўных роляў,паказвалі Пуціну, вы былі там, а пасля ў вас адбылася размова з прэзідэнтам. Пра што ён быў?

— Мы гаварылі пра Афганістан, і Пуцін расказваў пра наркатрафік і амерыканцаў. Я быў, па сутнасці, адзіным, хто вёў з ім дыялог. Таму вельмі ўважліва слухаў, і мне здавалася вельмі важным і пераканаўчым тое, што ён кажа. Але калі мы выйшлі адтуль, хвілін праз дзесяць, я паспрабаваў успомніць, пра што канкрэтна мы гаварылі. І не змог. Я зразумеў, што мяне не тое каб падманулі, але ёсць адчуванне нейкага туману замест дажджу — размова была пра ўсё і ні пра што. Я тады падумаў нават з нейкім захапленнем: «Вось, аказваецца, як гэта працуе, вось што такое гэбня». Пуцін пасля сябе ўва мне нічога не пакінуў. Ні следу. Па сутнасці, гэта тое самае, чым ён займаецца і сёння — імітацыя змястоўнасці.

— Як вы ставіцеся да маўчання рэжысёра фільма «9 рота» Фёдара Бандарчука?

— Ніяк не стаўлюся. Я не буду нікога каментаваць. Пакуль Фёдар Сяргеевіч жывы, ён у стане адказаць за сябе сам.

— Вы здымаліся ў Міхалкова ва «Утомлённых солнцем — 2». Яго грамадская пазіцыя ўплывала на вашае рашэнне?

— Тады я ішоў здымацца да рэжысёра Міхалкова, а не да грамадскага дзеяча. Ён таленавіты чалавек ад прыроды. Проста быў час, калі ён распараджаўся сваім талентам з большай адказнасцю і усвядомленасцю. Мне здаецца, што ў нейкі момант ён перастаў шукаць і сумнявацца. Ён пачаў ведаць адказы на ўсе пытанні. А гэта смерць для мастака.

— Калі б такая прапанова зняцца ў Міхалкова была ў 2020-м ці 2021 годзе, вы б пагадзіліся?

— Не.

— Чаму?

— Усё змянілася, час змяніўся.

«Як настолькі здаровае, здавалася б, грамадства нараджае такіх хворых лідараў?»

— Вашая хросніца жыве ў Беларусі.

— З яе бацькамі мы пазнаёміліся на здымках у Мінску. Я шмат разоў працаваў у вашай краіне. Дарэчы, адно з любімых маіх месцаў — натурная пляцоўка «Беларусьфільма» ў Смалявічах, пад Мінскам. Дык вось, мы пазнаёміліся на здымках, потым у Маскве сустракаліся, сябравалі і ў нейкі момант мне прапанавалі стаць хросным.

— Падтрымліваеце сувязь?

— Зрэдку. Віншуем адно аднаго з днямі нараджэння.

— Вы сказалі, што любімае месца — гэта натурная пляцоўка. А чаму?

— Прыгожа там вельмі. Шмат эмоцый і перажыванняў звязана з гэтым месцам. Яшчэ, дарэчы, гатэль «Беларусь». Там таксама шмат чаго было (смяецца).

— Гулянкі?

— Ды ўсё, чым жывуць маладыя і свабодныя. Шмат светлага звязана з Беларуссю. І неяк не вяжацца, як у такой добрай і ветлівай краіне кіруе такі чалавек. Незразумела. Як настолькі здаровае, здавалася б, беларускае грамадства нараджае такіх нездаровых лідараў? Памятаеце, як у савецкім гімне, саюз непарушны? Ён аказаўся сапраўды непарушным. А чаму? Ды таму што ён не на картах, а ў галовах. Мне здаецца, што ён па-сапраўднаму разбурыцца і знікне толькі тады, калі памрэ апошні чалавек, які на ўласныя вочы бачыў і памятае гэты таталітарны «рай».

— Для вас глыбіня віны беларусаў і расіян адрозніваецца?

— Маральна ці юрыдычна?

— Маральна.

— Ступень сваёй віны вы вызначыце самі. Я нікому не суддзя, а вам — тым больш. Я акурат за тое, каб усе жылі як хочуць і з кім хочуць. Калі мы хочам раз’ехацца, то мы спакойна раз’язджаемся. А не ходзім з дубальтоўкай па хаце і кажам: «Не, с**а, ты будзеш мяне любіць».

— У вас ёсць адчуванне, што адносіны трох краін больш ніколі не будуць ранейшымі?

— Мне вельмі хочацца думаць пра добрае, і часам нават атрымліваецца. Але кожны раз, калі мне хочацца памарыць пра будучыню, я ўспамінаю, што проста цяпер на рэальнай вайне гінуць рэальныя людзі. Пакуль яны паміраюць, пакуль льецца кроў і гарыць гэты пажар, я не магу цвяроза пра гэта разважаць. Давайце дачакаемся, калі вынікі гэтай катастрофы будуць бачныя, і тады можна будзе адносна сур’ёзна разважаць пра тое, што будзе далей паміж намі. Бессэнсоўна гаварыць, якія часткі цела застануцца, а якія давядзецца адрэзаць, калі пацыент знаходзіцца ў глыбокай коме. Цяпер стаіць пытанне, ці застанецца ён жывы.

— Калі і як скончыцца вайна?

(Доўгая паўза.) Не ведаю. Я магу сказаць, што я буду рабіць усё, што ў маіх сілах, каб яна скончылася як мага хутчэй. Рана ці позна гэта здарыцца. Я ўсім сэрцам за Украіну і на баку Украіны, але мяне разрывае на кавалкі ад думак, што здарылася з маёй краінай і што з ёй будзе далей. Гэта як калі б твая маці звар’яцела і пачала б шалець, а ты нічога не можаш зрабіць і так моцна ненавідзіш яе за гэта, што крычыш ёй: «Будзь праклятая». А праз секунду ўсведамляеш, што няма ў цябе іншай маці. Няма і ніколі не будзе. І ты любіш яе гэтак жа моцна, як і ненавідзіш. Гэта жудасны стан насамрэч. Гэта бясконцы ківач.

— Надзея ёсць?

— Пытанне абстрактнае. У мяне? Так. Усё можна паправіць, акрамя смерці. У мяне надзея ёсць, а вось у бацькоў, якія страцілі сваё дзіця? Якая ў іх можа быць надзея? На што? Кісларод ёсць? Ёсць, вядома. Але неяк па-іншаму дыхаецца.