Алесь Чайчыц пра зайздрасць расейцаў і ганебныя пратэсныя сімвалы 2020 года

Што й казаць, беларусы звыкліся камплексаваць перад суседзямі з прычыны сваіх стогадовых няўдач, разважае Алесь Чайчыц у блогу на «Свабодзе».

img_3052_logo_2.jpg


Беларусам не атрымалася абараніць незалежнасьць у 1918 годзе. Не атрымалася замацаваць паўнавартасны посьпех — дасягненьне незалежнасьці — у 1991 годзе. Амаль не атрымалася захаваць уласную мову — і так далей.

Ад гэтага трэба пазбаўляцца, і цяперашняя сытуацыя, як ні дзіўна, для гэтага стварае спрыяльныя ўмовы. Мы жывём у час, калі беларусы могуць глядзець зьверху ўніз як мінімум на расейцаў, якіх многія ў Беларусі звыкліся лічыць «старэйшымі братамі» і мэтраполіяй. А расейцам ёсьць у чым зайздросьціць беларусам.

Глядзіце.

У Беларусі ёсьць структурызаваны моцны дэмакратычны рух. Ёсьць збольшага легітымная прэзыдэнт-элект Ціханоўская з палітычнымі структурамі вакол яе. Ёсьць якасная апазыцыя Ціханоўскай на чале з Пазьняком.

У Беларусі ёсьць выразная нацыянальна-дзяржаўная ідэалёгія. Ёсьць выразнае канструктыўнае нацыянальнае бачаньне сваёй мінуўшчыны і сваёй будучыні. Ёсьць Рада БНР як увасабленьне гістарычнай пераемнасьці.

У Беларусі ёсьць добра вядомая і ідэйна рэлевантная зарыхтоўка для зьяўленьня нацыянальнага войска — полк Каліноўскага і іншыя атрады добраахвотнікаў ва Ўкраіне.

У расейцаў з гэтага няма нічога.

Замест лідэра апазыцыі, за якога прагаласавалі сотні тысяч ці нават мільёны чалавек — некалькі публічных асобаў (Хадаркоўскі, Каспараў, Касьянаў, хтось яшчэ?), якіх, пры ўсёй павазе, ніхто не выбіраў і якія прадстаўляюць толькі сябе.

Замест пратэставага руху — групкі людзей, якія імкнуцца пазьбягаць адно аднаго: навальністы, панамароўцы, а ў асноўным проста самотныя адзінкі.

Думку пра існаваньне расейскіх легіянэраў ва ўкраінскім войску (як тых, хто нібы зьдзейсьніў рэйд на Браншчыну 2 сакавіка) расейская апазыцыйная грамадзкасьць, такое ўражаньне, старанна адганяе ад сябе, называючы іх выключна правакатарамі.

І нават што тычыцца носьбітаў нейкае гістарычнае пераемнасьці і ідэнтычнасьці: дынастыя Раманавых ухваляе анексію Крыму, нашчадкі белаэмігрантаў пайшлі ў правы радыкалізм і супрацоўнічаюць з чэкістамі.

Нават савецкі дысыдэнцкі рух так і ня вырас у штосьці большае, чым дасьледчыцкае і асьветніцкае таварыства «Мемориал» — сапраўды адзіную арганізацыю ў Расеі, годную Нобэлеўскай прэміі, але якая і блізка не зьяўляецца палітычным рухам або ідэйным натхненьнем для такога руху.

У расейцаў няма нават нацыянальных сымбаляў. Трыкалёр, які быў сьцягам дэмакратычнай рэвалюцыі 1991 году, цяпер запэцканы як сымбаль пуцінскага рэжыму. Гімна няма. Герба няма. На гэтым тле беларусы маюць агульнапрызнаны бел-чырвона-белы сьцяг, агульнапрызнаны і ўсімі любімы герб, а на ролю нацыянальнага гімна прэтэндуюць ажно дзьве ці болей выдатных песень.

Расейцам давядзецца перавынаходзіць саміх сябе, шукаць у якасьці апірышча нейкія новыя гістарычныя фігуры і вобразы. Ані Расейская імпэрыя, ані СССР, ані постсавецкая РФ ужо такім апірышчам быць ня могуць.

І расейцы пакуль нават блізка не падышлі да гэтага. Больш за тое, не праглядаецца нават, хто гэтым мог бы заняцца.

Бо расейская апазыцыя нагадвае цыбуліну, ад якой можна адзін за другім аддзяляць слаі. Спачатку ідуць фашысты, для якіх мінус Пуціна — у ягоным недастатковым радыкалізьме. Потым — крывадушнікі, якія да лютага 2022 году пад рознымі адгаворкамі не хацелі вяртаць Украіне анексаваны Крым, нават прызнаючы незаконнасьць самой анексіі. Потым ідуць тыя, хто ня хоча плаціць Украіне рэпарацыі і адмаўляецца ад адказнасьці за вайну. Потым тыя, у каго пры згадцы магчымасьці дэкалянізацыі Расеі на твары зьяўляецца грымаса Маргарыты Сіманьян і хто піша зьедлівыя рэпартажы са зьездаў розных татарскіх, чачэнскіх і ўральскіх незалежнікаў.

І толькі ў самым канцы ідуць дзеячы, з кім у навакольнага сьвету магчымы адэкватны дыялёг: зусім тонкая праслойка людзей, як Аркадзь Бабчанка, якія часам ужо і не ідэнтыфікуюць сябе з Расеяй і пра некаторых зь якіх большасьць нават антыпуцінскай публікі разважае лексыкай Уладзіміра Салаўёва.

У расейцаў ёсьць цікавыя журналісты, публіцысты, мэдыйныя праекты — зь лепшым фінансаваньнем і больш прафэсійныя, чым у Беларусі і ва Ўкраіне. Але расейцы маюць тых, хто прыгожа гаворыць, і ня маюць тых, хто здольны рабіць справу. У Беларусі, пры ўсіх зразумелых слабасьцях і заганах, наадварот.

У 2020 годзе беларусы капіявалі расейскія пратэставыя сымбалі, што выглядала ганебна: і песьня Цоя, і «Я/Мы», і белыя стужкі, якія штаб Ціханоўскай у пачатку хацеў выкарыстоўваць, каб не карыстацца бел-чырвона-белым сьцягам.

У 2023 годзе ўжо расейцы капіююць беларускія пратэставыя сымбалі, пачынаючы зь бела-сіне-белага сьцяга, які выглядае як плягіят беларускага бел-чырвона-белага. Гэта таксама выглядае непрыемна, але ўжо зусім зь іншай прычыны.