376-ты дзень на вайне. Расійскія вайскоўцы выкарыстоўваюць танкі 60-гадовай даўніны

Самае істотнае, што адбылося на фронце да гэтай хвіліны, у нашай падборцы.

Фота: facebook.com_GeneralStaff.ua

Фота: facebook.com_GeneralStaff.ua

Як паведамляе брытанская выведка, расійскія вайскоўцы з-за вялізных страт у цяжкай бронетэхніцы ва Украіне вымушаны задзейнічаць «старажытныя» баявыя танкі Т-62.
У апошнія дні на ўкраінскім фронце таксама былі заўважаны расійскія бронетранспарцёры БТР-50, упершыню прынятыя на ўзбраенне яшчэ ў 1954 годзе.
Абодва гэтыя састарэлыя тыпы ваеннай тэхнікі будуць паражальныя на сучасным полі бою, у тым ліку з-за адсутнасці сучаснай брані, дадаюць у выведцы.


За суткі акупанты нанеслі 4 ракетныя і 27 авіяўдараў, а таксама здзейснілі больш за 70 абстрэлаў з РСЗА па тэрыторыі Украіны. На Бахмуцкім кірунку вораг не спыняе спроб акупаваць горад.
Як гаворыцца ў ранішняй справаздачы Генштаба УСУ, па стане на раніцу 6 сакавіка ва Украіне захоўваецца высокая верагоднасць ракетнага ўдару з боку РФ.
Між тым на Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках слядоў фарміравання варожых наступальных груповак не знойдзена. На працягу сутак акупанты абстралялі з мінамётаў і артылерыі раёны 2-х населеных пунктаў Сумскай вобласці і раёны 7-мі населеных пунктаў Харкаўскай вобласці.
На Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках акупанты правялі безвыніковыя наступальныя дзеянні каля населеных пунктаў Краснагораўка, Каменка, Паўночнае, Перамога і Мар'інка Данецкай вобласці. Варожым абстрэлам падвергліся раёны 21 населенага пункта. Сярод іх — Вясёлае, Аўдзееўка, Вадзяное, Бердзічы, Першамайскае, Краснагораўка і Вугледар.


На Запарожскім і Херсонскім напрамках вораг абараняецца, на асобных участках спрабуе стварыць умовы для пераходу ў наступ. Агнявое ўздзеянне зазналі больш як 40 населеных пунктаў. Ёсць ахвяры сярод цывільнага насельніцтва і пашкоджанні грамадзянскай інфраструктуры.
У Генштабе таксама адзначылі, што ўкраінская авіяцыя за мінулыя суткі нанесла 12 удараў па раёнах засяроджвання акупантаў, а падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі знішчылі 3 пункты кіравання, 4 раёны засяроджвання і 1 пазіцыю сродкаў супрацьпаветранай абароны ворага.

У ноч на панядзелак, 6 сакавіка, варожыя войскі запусцілі па Днепрапятроўскай вобласці чатыры БПЛА. Па даных украінскіх вайскоўцаў, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе аб іранскіх дронах «Shahed». Нагадаем, што гэтай ноччу ў Белгародскай вобласці (тэрыторыя РФ) таксама гучалі выбухі.
Як адзначыў кіраўнік Днепрапятроўскай АВА Сяргей Лысак, варожыя лятальныя апараты паспяхова ліквідавалі.