УСУ, верагодна, адыходзяць з Бахмута — ISW
Нядаўна зробленыя здымкі знішчаных мастоў у паўночна-ўсходняй частцы Бахмута дазваляюць выказаць здагадку, што ўкраінскае войска пакідае пазіцыі на ўсходнім беразе ракі Бахмутка, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны ў сваёй новай зводцы.
Тамсама адзначаецца, што казаць аб поўным адступленні ўкраінскіх сіл з горада рана.
У ISW адзначаюць, што інфармацыя аб баях у Бахмуце паступае супярэчлівая. Расійскія вайсковыя карэспандэнты і блогеры сцвярджаюць, што УС РФ занялі ўсходнюю, паўночную і паўднёвую часткі горада, аднак праверыць гэта не ўяўляецца магчымым.
Здымкі з геалакацыяй пацвярджаюць толькі прасоўванне сіл ПВК «Вагнер» у раёне чыгуначнай станцыі Ступкі на поўначы горада. Разам з тым украінскі вайсковец паведаміў украінскаму выданню, што цэнтр горада застаецца пад кантролем УСУ.
У любым выпадку, для ўкраінскага боку мае сэнс працягваць абараняць Бахмут, паколькі УСУ перамолваюць тут жывую сілу і тэхніку расійскага войска, не несучы пры гэтым самі празмерных страт, гаворыцца ў зводцы ISW.
Такія дзеянні звычайна спрыяльныя для тых, хто абараняецца, і могуць дазволіць украінскім сілам нанесці вялікія страты і без таго знясіленым надыходзячым расійскім падраздзяленням, нават калі ўкраінскія сілы актыўна адыходзяць. Так адбылося пры адыходзе ўкраінскіх войскаў з баямі з лініі Севераданецк — Лісічанск, калі фактычна быў пакладзены канец расійскім наступальным аперацыям у Луганскай і Данецкай абласцях летам 2022 года, адзначаюць эксперты ISW.
Кампанія па захопе Бахмута, хутчэй за ўсё, завершыцца незалежна ад таго, возьмуць расійскія сілы горад ці не, і на працягу некалькіх месяцаў расійскія вайскоўцы наўрад ці змогуць працягваць любыя наступальныя аперацыі.
Расійскія вайскоўцы нядаўна засяродзілі і страцілі значную колькасць мабілізаванага асабовага складу падчас наступу, які ўжо завяршыўся пад Вугледарам у Данецкай вобласці.
Усё гэта яшчэ раз пацвярджае ацэнку ISW аб тым, што расійскім сілам, верагодна, не хапае баявой моцы, каб праводзіць больш за адзін наступ адначасова. Пры гэтым намаганні Расіі па ўзяцці Бахмута не садзейнічаюць дасягненню аператыўных або стратэгічных мэт расійскіх узброеных сіл на полі бою, а моцная ўкраінская абарона ў наваколлях горада змяншае важнасць захопу Бахмута для расійскіх войскаў.
Непазбежнае завяршэнне расійскага наступу ў раёне Бахмута стварае добрыя ўмовы для ўкраінскіх контрнаступальных аперацый, заключаюць эксперты Інстытута вывучэння вайны.