Яшчэ адзін беларус загінуў на вайне супраць Расіі

Стала вядома, што ва Украіне загінуў яшчэ адзін ураджэнец Беларусі і ўдзельнік абароны Марыупаля Яўген Логінаў з пазыўным «Мальдэр». Ён загінуў 5 траўня 2022 года каля «Азоўсталі», пра трагічны выпадак стала вядома толькі цяпер.

Фота: ruslandavid / Instagram

Фота: ruslandavid / Instagram

Пра загінулага беларуса паведаміў баец палка «Азоў» Руслан «Давід», якога называюць легендай баёў за «Азоўсталь».

«Невядомы герой той вайны.

Ён нарадзіўся ў Беларусі, але ў дзяцінстве з бацькамі пераехаў у Мікалаеў. Ён быў фізічна развіты, заўсёды займаў першыя месцы ў плаванні. Цяжка было знайсці больш добрага і адукаванага чалавека», — піша Руслан «Давід» пра свайго пабраціма.
Па словах Руслана, Яўген Логінаў удзельнічаў у гарадскіх баях у Марыупалі, ніколі не баяўся ворага, на любыя небяспечныя заданні заўсёды ішоў першым добраахвотна:
«Адбіваць пазіцыю — ён першы падымае руку, патрэбны добраахвотнікі для дапамогі суседнім атрадам — ​​Мальдэр зноў гатовы. Ён заўсёды рваўся ў бой і заўсёды выходзіў сухім з жорсткіх агнявых паядынкаў».

Аднак 5 траўня яму не пашчасціла. Руслан «Давід» распавёў, што ў гэты дзень на завод зайшла вялікая група расійскіх спецназаўцаў. Яны захапілі ў палон некалькі ўкраінскіх салдат з суседніх частак, якія падказвалі, дзе хаваюцца абаронцы «Азоўсталі», як пракрасціся і з якога боку.
«Спачатку аднаму з нашых байцоў кінулі пад ногі гранату, завязалася бойка. Мальдэр адкрыў агонь, пачалася перастрэлка з нападаючымі, але варожая куля трапіла яму ў сонную артэрыю.

Ён не быў медыйным героем, ніхто не падпісваў хадайніцтвы аб узнагароджанні, ён не купляў дарагога абсталявання, не свяціўся на тэлеканалах. Ён не хаваўся за тоўстымі сценамі і ў скляпах, не еў спакойна кансерваў і пайкоў, ён быў смелы, і такіх людзей у Марыупалі было не так шмат. Ён адчуў увесь цяжар і абмежаванасць сапраўднай вайны і гарадскіх бітваў. Вялікая табе павага, Мальдэр», — напісаў пра загінулага беларуса Руслан «Давід».


З моманту пачатку шырокамаштабнай расійскай агрэсіі ва Украіне гэта ўжо як мінімум 20-ы беларус, які аддаў жыццё за абарону ўкраінскай зямлі.