«Мая мама закапала сына ў двары шматпавярхоўкі»

Пра банальнасць зла сказана шмат. Але гэтая гісторыя Маі Шурхавецкай з Марыупаля — пра банальнасць гераізму. Мы запісалі яе маналог.

Мая Шурхавецкая. Фота Паўла Хадзінскага

Мая Шурхавецкая. Фота Паўла Хадзінскага

Да нападу

— Я жыла ў Марыупалі з дзяцінства. Мы з сябрамі заўжды былі фанатамі свайго горада. Часам, вядома, узнікала думка з’ехаць у больш вялікія гарады, але любоў да Марыупаля заўжды спыняла.

Гэта вельмі працавіты горад — у нас былі порт, заводы, універсітэты… А яшчэ моцны па духу. Самай вялікай нашай праблемай было забруджванне паветра праз працу заводаў. З аднаго боку, яны давалі працоўныя месцы, але з іншага — рабілі невыносным навакольнае асяроддзе. Людзі ладзілі вялізныя мітынгі, выходзілі з патрабаваннем, каб для горада былі набыты ачышчальнае абсталяванне. І наўпрост перад вайной, 23 лютага, хаця выходзіць на вуліцы было ўжо страшна і небяспечна, у цэнтры горада адбыўся вялізны праўкраінскі мітынг, усе выйшлі з нашымі сцягамі, з лозунгамі «Мы хочам быць Украінай».

У 2014-м, калі адбыўся першы напад на нашу вобласць, калі Данецк стаў ДНР, Марыупаль таксама крыху пацярпеў. Быў абстрэл часткі горада, каля 30 чалавек загінулі. Але ж горад утрымалі. Пасля гэтага ў нас заўжды стаялі блок-пасты. Яны сталі чымсьці звыклым, звычайным. Даволі хутка адчуванне небяспекі знікла, здавалася, усё было вырашана, усё будзе нармальна. Але мы ўсе памыляліся.

У маім асяроддзі людзей з прарасійскімі настроямі ўвогуле не было. Некаторыя засталіся ў Марыупалі і жывуць пад акупацыяй, але гэта толькі ад безвыходнасці. Не кожны мае магчымасць проста ўзяць і з’ехаць у іншую краіну. Часам у людзей няма выбару, яны прыстасоўваюцца да ўмоў. А потым ужо і кажуць, маўляў, мы хацелі, каб тут была Расія. Проста таму, што ім трэба неяк выжываць. Я лічу, што зараз нельга нікога асуджаць. Але ж і я, і ўсё маё асяроддзе ад самага пачатку ведалі, што жыць пад расійскай акупацыяй мы самі ніколі не будзем.

Мая Шурхавецкая. Фота Паўла Хадзінскага

Мая Шурхавецкая. Фота Паўла Хадзінскага

24 лютага

— У Марыупалі з 2014 года былі АБСЕ. Іх супрацоўнікі сачылі за сітуацыяй, я з некаторымі з іх была знаёмая. Яны не маглі агучыць аніякай канкрэтнай інфармацыі, але ж заўжды намякалі: «Калі мы тут, значыць, гэта бяспечна. Калі прыйдзе небяспека, нас маментальна вывезуць». Калі сітуацыя пачала накаляцца, я прасіла: «Калі ласка, напішыце мне хоць бы нейкае паведамленне, каб я разумела, што трэба выязджаць». 24 лютага першае паведамленне я атрымала менавіта ад іх. Прачнулася, спачатку нічога не зразумела, потым пачаліся выбухі і поўнамаштабная вайна. А ў маёй маці 24 лютага дзень народзінаў.

Нам пачалі тэлефанаваць сябры з Харкава, Кіева, усе мітусяцца, не ведаюць, куда бегчы, на выездах абстрэлы… У выніку ўсе сядзелі па кухнях у істэрыцы, збіралі «трывожную валізку». Я без гэтай «валізкі»-заплечніка нікуды не выходзіла. Заўжды мела пры сабе дакументы, таму што ніколі не ведаеш, дзе і што можа здарыцца. Магчыма, выйдзеш лавіць сувязь, а цябе заб’е, тады лепш, каб былі дакументы. Неяк так.

Удзень абстрэлы крыху сціхлі, я вырашыла з’ездзіць да мамы. Павіншавала яе. Тады яшчэ брат быў жывы. Зрабілі апошняе фота тады з братам.

Потым набылі нейкія прадукты, бо ў першыя дні яшчэ працавалі некаторыя крамы, і вярнуліся дадому. Я забрала да сябе сяброўку з дзіцём, увогуле стараліся неяк гуртвацца, трымацца разам блізкай кампаніяй. 25 і 26 лютага абстрэлы чуліся неяк удалечыні, мы ўсе спадзяваліся, што ўсё ж такой вайны, якую мы перажылі, не будзе. Але хутка людзі пачалі паміраць проста адзін за адным.

«Самае страшнае — калі пачыналася авіябамбардзіроўка, бо выратавання ад яе няма»

— Калі пачалася поўнамаштабная вайна, людзі таксама не адразу разумелі, што з кожным днём будзе горш і горш. Шмат хто супакойваў сябе і іншых, маўляў, нічога, усё скончыцца праз тры дні. Але ў мяне было прадчуванне, што ўсё будзе дрэнна. Усім казала — трэба збірацца, выязджаць. Мы з сяброўкай з першых дзён думалі, як будзем арганізоўваць эвакуацыю. Калі яшчэ прабівалася нейкая сувязь, мы хаця б ведалі, дзе былі выстралы, колькі людзей загінула. Але гэта толькі першыя некалькі дзён. А потым сувязь цалкам знікла, мы нічога не ведалі, абстрэлы чуліся проста ўвесь час. Самае страшнае — калі пачыналася авіябамбардзіроўка, таму што выратавання ад яе няма. Калі яна адбывалася за паўтара кіламетры, наш дом проста трэсла. А калі былі пападанні ў суседнія дамы, мы развітваліся з жыццём.

Мая Шурхавецкая. Фота Паўла Хадзінскага

Мая Шурхавецкая. Фота Паўла Хадзінскага

Я жыла ў вайне тры тыдні, кожны дзень было безліч жыццёвавырашальных сітуацый, нейкіх шчаслівых альбо нешчаслівых выпадковасцей. Напрыклад, аднойчы я адчула, што мне трэба бегчы за сяброўкай. Яна жыла на ўскрайку горада з сынам. І пад абстрэламі я за ёй пабегла. Разам з дзяўчынай-суседкай, якая мяне раней ніколі не бачыла, яны сядзелі ў калідоры. Я кажу: «Дзяўчаты, збірайцеся, сыходзім». У іх у двары ўжо рылі акопы, каб танкі ставіць. Дзяўчаты спадзяваліся, што выратуе правіла дзвюх сцен. Але яны паслухаліся мяне і сышлі адтуль. Уначы ў іх кватэры было пападанне. Суседка маёй сяброўкі сказала: «Мая, я табе даверылася, бо ў папярэднюю ноч ты мне снілася. Я не ведала цябе, але сніла, што мяне выратуе бландзінка, і калі ты прыйшла, я ўсё зразумела».

Калі жывеш у вайне, кожная хвіліна бясконцая. Гэта не так, як у навінах паказваюць, маўляў, дзесьці адзін раз выстраліла. Страляюць кожную хвіліну.

Гатуеш ежу на вуліцы, рэзка кідаешся на асфальт, бо над галавой пралятае міна. І вось ты на асфальце плачаш, лаешся, потым устаеш і разумееш — гэтым разам пашчасціла, праляцела міма нас.

Мой муж хацеў прынесці бацькам прыгатаваную ежу, яны жылі за 400 метраў ад нас. Але прабег 100 метраў, вярнуўся, сказаў, што гэта немагчыма. Проста паўсюль лётае.

«Заставацца ў горадзе — 100-адсоткавая смерць. А так ёсць хоць нейкі шанец»

— Маёй дачцэ, Насці, зараз 9, яна вельмі моцная. Заўжды мяне падтрымлівае і супакойвае.

12 сакавіка мы былі ў сваёй кватэры. Мой дом 53-ці, а на 51-шы ўпала авіябомба, яна абваліла тры паверхі. Потым быў абстраляны ўвесь раён. Мы вышлі а пятай раніцы, агледзеліся, відовішча было страшэннае. Мы думалі, што памром у тую ноч. Ляжалі ўпяцёх у калідорчыку — я, муж з дзіцём і сяброўка з дзіцём. Таксама спадзяваліся на выратаванне праз правіла дзвюх сцен, але паўтару, калі авіябомба — нічога не выратуе.

Дачка спытала: «Мама, мы што, загінем»? Я разумела, што не магу адказаць ёй «не», таму што ў мяне было рэальнае адчуванне хуткай смерці.

Але мая сяброўка ўзяла сябе ў рукі, цвёрда казала дачцэ: «Наста, што ты такое кажаш, вядома, мы выжывем»! Потым да выезду дачка амаль не размаўляла, сядзела моўчкі ў куточку. А ўжо 14 сакавіка я арганізавала эвакуацыю.

Мая Шурхавецкая. Фота Паўла Хадзінскага

Мая Шурхавецкая. Фота Паўла Хадзінскага

13 сакавіка мы прынялі канчатковае рашэнне з’язджаць, але я не змагла заехаць па маму — яе раён страшна абстрэльвалі, да яго немагчыма было падабрацца. Нам некалькі разоў абяцалі, што будзе арганізавана эвакуацыя, але кожны раз яна зрывалася. Таму трэба было самаарганізавацца.

Але проста ўзяць і паехаць, вядома ж, немагчыма, таму што няма аніякай сувязі, мы не ведаем, што вакол горада, куды можна ехаць, а дзе яшчэ горш. Таму пад абстрэлам, стоячы на даху дома, бо там прабівалася сувязь, я тэлефанавала знаёмаму, які перад вайной па шчаслівай выпадковасці паехаў на адпачынак у Егіпет. Ён адтуль нам падказваў адносна бяспечны маршрут да Запарожжа.

13 сакавіка мы сказалі, што збіраем аўтамабільную калону для выезду, усім суседзям, хадзілі па суседніх дамах таксама, казалі, каб людзі збіраліся а 8-й раніцы на выездзе з горада. Але 14-га, у дзень выезду, у большасці маіх сяброў здарылася істэрыка, яны пабаяліся ехаць. Мужу свайму я не дала выбару, проста сказала, што не прабачу яму, калі мы не з’едзем. Таму што застацца ў горадзе — гэта была 100-адсоткавая смерць. А так ёсць хоць нейкі шанец.

На выездзе з горада мы пачалі спыняць машыны, прапаноўвалі стаць у калону, таму што так больш бяспечна. Адну машыну расстраляюць, і нават ніхто не даведаецца.

У калоне я ўсім сказала тэрмінова пачысціць тэлефоны, каб аніякага здымка з вайной не было. А яшчэ абсалютна кожнаму казала: «Я дапамагаю арганізаваць выезд, але ж на мяне адказнасць не ўскладайце. Вы самі прымаеце рашэнне. Я магу нешта падказаць, але калі хтосьці з нас, з вашых блізкіх загіне, не трэба мяне вінаваціць. Можаце ехаць, можаце не ехаць, рашэнне толькі ваша». Потым, калі ўжо выехалі, усе ціснулі мне руку і вельмі дзякавалі.

Як потым высветлілася, у гэты ж дзень, прыблізна ў той жа час, яшчэ адзін хлопец — Аляксандр — арганізаваў выезд, але з цэнтра горада. Пазней нашы калоны аб’ядналіся, усяго машын было 60-80, па маіх падліках.

Наша машына была першай у калоне, мы аб’язджалі міны, усе астатнія аўтамабілі ехалі строга за намі.

Муж быў за стырном, казаў: «Мая, глядзі, там міна блізка»? Я істэрычна пасміхаюся і кажу: «Так!». У нас яшчэ кот быў, то Уладзь, мой муж, крычаў: «Вакно, бл*дзь, закройце, зараз выпрыгне і п*здзец нам усім!». Вось так мы выехалі.

А потым пачала з’яўляцца сувязь, у мужа пачалі здаваць нервы. У Марыупалі мы заўжды стараліся даслаць блізкім паведамленне на тэлефон, а раптам дойдзе. І вось яго бацькі напісалі нешта кшталту «Мы згарэлі, мы ў вас». У мужа пачалася істэрыка, а я кажу: «Улад, ты галоўны ў калоне, за табой людзі, вазьмі сябе ў рукі!». Потым даведаліся, што згарэла іх кватэра, а яны, цэлыя, перайшлі ў нашу кватэру.

Увогуле людзі тады вельмі шмат так перасоўваліся з аднаго месца на іншае. Без сувязі цяжка было іх знайсці, не ведаеш, у які бок падаліся, каму якія думкі ў галаву прыйшлі. Спрабуеш злавіць нейкую логіку… Потым мы запісвалі ўсе адрасы: у каго, дзе, чые блізкія жывуць, каб ведаць, дзе шукаць.

Пазней калону ўзначаліў Аляксандр. Мы былі ўжо не ў сілах ехаць у яе галаве. Ён аб’язджаў вельмі страшныя ўчасткі. Мы стэлефаноўваліся са знаёмымі, каб зразумець, у якіх сёлах абстрэлы, і так пракладвалі гэты адносна бяспечны маршрут.

На наступны дзень пра нас напісалі матэрыял, у якім назвалі нас першай афіцыйнай калонай. Але гэта была простая самаарганізацыя, не было аніякіх дамоўленасцей, аніякага зялёнага калідора.

Мы праехалі 11 расійскіх блок-пастоў. Было па-рознаму. Расійцы запісвалі асабістыя даныя і нумары машын. Майму мужу сказалі: «Каб сюды больш не вяртаўся». Я нават прапаноўвала, каб ён выехаў праз расійскі бок, але Улад сказаў, што туды не паедзе дакладна. Вайскоўцы сустракаліся розныя. Некаторыя ажно выбачаліся перад намі. Але былі і тыя, якія ўсё выкідвалі з машыны, казалі: «Што вы едзеце ў Запарожжа, там заўтра будзе тое самае, што з Марыупалем. Мы там вас усіх знішчым». Страшныя рэчы казалі. Былі і блок-пасты чачэнцаў.

Як я ўжо казала, у нашай калоне 14 сакавіка было 60-80 машын. На наступны дзень, пасля навін па сарафанным радыё, з горада выехала каля 1000 аўтамабіляў, у тым ліку мая сяброўка паехала. Наўпрост перад ёй некалькі машын абстралялі. Сяброўка казала, што гэта быў чарговы раз, калі яна развітвалася з жыццём. Потым у іх пачаўся хаос — усё ў цемры, машыны пачалі адна адну біць, некаторыя траплялі пад абстрэлы… Гэта быў жах. А 16 сакавіка на выездзе машыны ўзарваліся на мінах. Вельмі цяжка было іх аб’ехаць, яны ў полі, там бруд, іх не бачна.

Яшчэ хачу адзначыць, што я вельмі незадаволеная паводзінамі нашага мэра, гэта маё асабістае меркаванне. Яшчэ да пачатку вайны ён з’ехаў з горада, але зрабіў выгляд, што застаўся ў Марыупалі. Пакуль была яшчэ сувязь, мы бачылі яго выступленні, але яны запісваліся ў іншым горадзе. У гэтых выступленнях ён супакойваў марыупальцаў, маўляў, усё пад кантролем. Я лічу, што мэр павінен быў заставацца ў горадзе і вырашаць праблемы, дамаўляцца наконт эвакуацыі, наконт паставак вады і ежы людзям. Некаторыя мне кажуць: «А чым бы ён дапамог, калі б сядзеў з намі ў падвалах». Але прабачце, ён не проста чалавек, ён мэр. І ён павінен быў адказваць, акрамя іншага, за аднаўленне электрычнасці, сувязі. Чалавек, які адказваў у горадзе за водазабеспячэнне, быў у Марыупалі да апошняга, змагаўся за тое, каб у горадзе была вада. Але наш мэр па сутнасці збег, і ён дагэтуль не пакараны. Так, зараз ён арганізаваў пункты дапамогі марыупальцам у буйных гарадах Украіны, дзе кожны месяц ім даюць нейкі пакет ежы. Хоць нешта. Але калі разбураюцца дамы ў іншых гарадах, напрыклад, у Днепрапятроўску, людзям, якія пацярпелі, выплачваюць грошы, і вельмі вялікія. Але ж марыупальцы не атрымалі ні капейкі дапамогі. Хаця да вайны мне наш мэр падабаўся. Таму што за апошнія 5 гадоў, пакуль ён быў ва ўладзе, Марыупаль вельмі змяніўся ў лепшы бок. Ён стаў сапраўды сучасным еўрапейскім горадам.

Мая Шурхавецкая. Фота Паўла Хадзінскага

Мая Шурхавецкая. Фота Паўла Хадзінскага

«Брат загінуў, калі дапамагаў закапваць жанчыну, суседку. У выніку мая мама сама закапвала сына ў двары дома»

— У раёне, дзе жыла мая мама, былі жудасныя абстрэлы. Мама кажа, што трупы ляжалі адзін на адным. Нават нельга было выйсці, каб дапамагчы закапаць людзей, таму што стралялі з усяго — мінамёты, грады, танкі, аўтаматныя стрэлы… Калі прабягаў нейкі хлопец, яго проста застрэльвалі.

Мой брат загінуў, калі дапамагаў закапваць жанчыну, суседку. У выніку мая мама сама закапвала сына ў двары дома. Ёй дапамагаў 80-гадовы дзядуля, сусед.

Паша трапіў пад мінамётны абстрэл. У яго ўжо было перад гэтым некалькі аскепкавых раненняў, таму што заўжды выходзіў за вадой, за ежай для людзей. Хадзіць даводзілася ўсё далей, вада станавілася ўсё горшай. Мая дачка, напрыклад, такую ваду піць увогуле не магла. А гэта былі толькі першыя тры тыдні.

Брат памёр 30 сакавіка. А 28-га яны са свайго раёна пайшлі ў маю кватэру, бо там была прызапашана ежа. У маім раёне тады ўжо не стралялі, але яны там не засталіся. Чаму? Яны ж ледзь туды дайшлі, дык чаму не засталіся? Пашы было 38 гадоў.

У Марыупалі была вядомая сямейная пара, яны займаліся арганізацыяй дзіцячых свят. І вось муж з жонкай зайшлі ўдваіх у кватэру за нейкімі рэчамі, дзяцей пакінулі з бабуляй. Пачаўся абстрэл, яны імгненна памерлі на месцы. Двое дзетак засталіся без бацькоў. Іншы мой знаёмы, мажны мужчына, загінуў, калі выгульваў сабаку. Вельмі шмат людзей памерла. Проста вельмі.

І дагэтуль мноства людзей у расійскім палоне. Напрыклад, тата майго знаёмага. Проста грамадзянскія.

Пра смерць брата я даведалася не адразу. А яшчэ не ведала, дзе мая мама. Увесь час шукала людзей, якія маглі б вывезці яе адтуль за грошы, якія дадуць хоць якую інфармацыю. Але ніхто не мог трапіць у гэты раён, ён быў акружаны чачэнцамі. У выніку туды ўсё ж неяк дабраўся мой сусед і тады сказаў мне: «Мая, загінуў твой брат. Мы не ведаем, дзе твая мама, але часам яна сядзіць каля дома і моцна плача. А куды яна потым вяртаецца — ніхто не ведае». Я потым цэлае расследаванне правяла, каб зразумець, дзе яна.

Зараз вельмі часта сніцца Паша. Нібы ён тут, проста побач. Потым мой тата сам перазахаваў цела брата на могілках. Ён казаў, што Пашу было ўжо не пазнаць.

Мы з братам былі блізкія, хаця і вельмі розныя. Моцнай у нас заўжды была я. Яму заўжды хацелася дапамагаць, так і памёр. Увогуле так многія памерлі, бо па ваду заўжды хадзілі пад абстрэламі.

З іншага боку, небяспека чакала паўсюль і ў любы момант. Мама маёй сяброўкі памерла ў падвале дома, дзе былі толькі жанчыны і дзеці. Іх заваліла, памерлі 60 чалавек.

Няма бяспечнага месца: падвал, вуліца, выезд — паўсюль можа быць смерць.

Маму мы вывезлі праз два месяцы ад пачатку вайны, спачатку да Бярдзянска, за вялікія грошы. Бярдзянск таксама акупаваны, але там мама магла хоць крыху перавесці дух. Дарога ад Бярдзянска да Запарожжа займае прыблізна дзве з паловай гадзіны. Але мама дабіралася туды чатыры дні. Яна ночыла на трасе. Я яе да гэтага маральна рыхтавала. Мама кажа, што калі трапіла ва Украіну — расплакалася. Плакала і казала: «Дзякуй Богу, я ва Украіне!». Спачатку мы арандавалі ёй жыллё ў Чарнаўцах, а потым тут, на Сіцыліі, атрымалася знайсці для яе арганізацыю, што займаецца дапамогай украінцам. Зараз яна тут па праграме.

Мая Шурхавецкая. Фота Паўла Хадзінскага

Мая Шурхавецкая. Фота Паўла Хадзінскага

«Мы з тых людзей, у якіх нельга пытацца пра будучыню»

Зараз усе спрабуюць неяк недзе жыць, неяк браць сябе ў рукі, рабіць нешта. Але час ад часу ўсіх накрывае. Апускаюцца рукі, не ведаеш, што рабіць далей, колькі яшчэ так працягнеш. Навіны таксама прыгнятаюць. Кожны дзень недзе страляюць ва Украіне, адразу кідаешся думаць — так, хто там з тваіх, як дапамагчы. У Марыупалі апошнім часам чамусьці страляюць — што гэта? Дэакупацыя ці што?

Усе гэтыя людзі, якія зараз у інстаграме паказваюць прыгожую карцінку жыцця ў Марыупалі — я іх не ведаю, гэта чужыя людзі. Мае знаёмыя адтуль проста спакойна кажуць: «Мая, сюды не едзь. Усё хрэнова». Ідзеш — і горад увесь разбураны, увесь чорны. Дамы зносяць, людзі не пазнаюць вуліцы, таму што няма дома злева, няма дома справа. Зносяць усе нашы гістарычныя помнікі. Замятаюць сляды злачынстваў. Няма дома — няма злачынства.

А людзі там проста жывуць. Стараюцца нічога лішняга не гаварыць. Проста жывуць, неяк так.

Мы ўсе чакаем, што Марыупаль стане Украінай. Але ці адбудзецца гэта  — я не ведаю. Мы з тых людзей, у якіх нельга пытацца пра будучыню. Пытанні кшталту «дзе ты бачыш сваю будучыню», «якой будзе Украіна», «якім будзе Марыупаль» і гэтак далей — не да нас. Нам бы хацелася, каб скончылася вайна, каб мы вярнуліся, але як яно будзе… Аднойчы мы ўжо былі аптымістамі і вельмі памыляліся.

Я настойвала, каб мама з братам з’язджалі ў першую ж запланаваную эвакуацыю 4 сакавіка (якая потым сарвалася), але яны казалі: «Не, мы будзем тут ахоўваць кватэру». Кватэру, якой цяпер няма. І брата няма.

Але тады яны казалі мне, што застаюцца, бо проста не думалі, што будзе так страшна. І нават я, калі 4 сакавіка збіралася з’язджаць, пакінула маме золата, нейкія грошы, у надзеі, што не будзе такой вайны. Але ўсё аказалася вельмі страшна.

«Мы дагэтуль жывём на грошы, якія адклалі ў Марыупалі, бо там жылі вельмі добра»

Звычайна ўкраінцы едуць туды, дзе ёсць дапамога. Але я выбірала краіну сэрцам, бо раней часта казала, што ў іншым жыцці жыла б у Італіі. Думала застацца тут толькі на тыдзень, а потым ехаць у Гермацію ці Іспанію, дзе ёсць мноства праграм для ўкраінцаў. Прыехала ў Рым, потым у Неапаль, дзе мне вельмі не спадабалася, а потым проста ўбачыла на сайце добры варыянт жылля на некалькі дзён у Палерма, туды і паехала. Тым больш тут ёсць мора, а гэта для мяне вельмі важна, бо нагадвае Марыупаль.

Даволі хутка мая дачка захварэла на монануклеёз. Хутчэй за ўсё, яна падхапіла хваробу, калі мы хаваліся ў падвалах альбо выязджалі з Украіны на эвакуацыйным цягніку, бо ў ім было жудасна — усе сядзелі адзін за адным. Так мы трапілі ў мясцовы шпіталь на тры тыдні. У гэтыя ж дні я займалася пошукам мамы і брата, потым даведалася, што Паша памёр, у дачкі тэмпература пад 40 — усё гэта было вельмі цяжка. І так мы засталіся тут.

Палерма. Фота Паўла Хадзінскага

Палерма. Фота Паўла Хадзінскага

Дачка ходзіць у Палерма ў школу, робіць вялікія поспехі ў матэматыцы. А яшчэ займаецца тут балетам. Мы дагэтуль жывём на грошы, якія адклалі ў Марыупалі, бо там жылі вельмі добра.

Мая Шурхавецкая. Фота Паўла Хадзінскага

Мая Шурхавецкая. Фота Паўла Хадзінскага