
Секс лічыўся не толькі неабходным, але і прызнаваўся карысным для здароўя. Нават многія маралісты таго часу казалі пра гэта. У 16-18 ст. пра секс пісалі шчыра і адкрыта, пра што сведчыць велізарная колькасць эратычных тэкстаў. На жаль, пазней гэтыя тэксты пачалі выкідацца з фальклорных і літаратурных зборнікаў. А ў савецкія часы ўвогуле падобныя пытанні былі табуяваныя — таталітарны рэжым не любіць некантраляваных сфер жыцця.
Юрлівыя ліцвінкі ў строгіх сукенках


Але, можа, гэта і прывабіла Жыгімонта?
Эратычныя тэксты, альбо Адкуль пайшла кузькіна маць
Традыцыям кахання, эротыцы былі прысвечаныя і розныя трактаты, і падарожныя нататкі, і літаратурныя творы. Гэта толькі тое, што тычыцца афіцыйных крыніц. Але ж былі і неафіцыйныя, тыя, што пісаліся для сябе — мемуары, аўтарская недрукаваная і нецэнзураваная паэзія, фальклор. У гэтых вершах аўтары, паверце, апісвалі зусім не пакуты юнага Вертэра, а шчыра казалі пра вельмі канкрэтныя рэчы.
Большасць такіх шэдэўраў былі ананімныя. Асаблівай мудрагелістасцю змест гэтых твораў не вызначаўся, а часам і ўвогуле ўсё зводзілася да звычайных апісанняў памераў або іншых характарыстык пэўных частак цела.
Мяркуючы па тэкстах, існавалі і пэўныя стандарты жаночай прыгажосці. У прадстаўніцах слабай паловы тагачасныя мужчыны цанілі зусім не прывабны твар — пра яго ўвогуле пісалі няшмат. Больш за ўсё тэкстаў пра жаночую прыгажосць прысвечана якраз ніжняй частцы цела. Так, у той час цаніліся жанчыны з шырокімі сцёгнамі — чым больш, тым лепш (шляхетным мужчынам увогуле падабаліся мажныя жанчыны — што зробіш, густы барока).
Асноўная ж увага ў нецэнзураваных творах надавалася непасрэдна апісанню канкрэтнага жаночага органа — менавіта ён больш за ўсё прывабліваў тагачасных мужчын і па сутнасці лічыўся самым асноўным і прыгожым.

І для шляхты, і для простага насельніцтва адносіны з жанчынай круціліся вакол фізічных стасункаў і, зразумела, вакол органаў, якія ў гэтым удзельнічалі. Такім тонкім духоўным адносінам, пра якія мы чытаем у больш позніх творах эпохі Рамантызму, увагі ў той час не надавалі. У эпоху Барока вельмі мала што ў гэтым разумелі. Секс быў часткай весялосці, забавай. У тыя часы пра такія рэчы размаўлялі прасцей, менш было сарамлівасці, усё рабілася больш публічна. У гэтым плане ў параўнанні з пазнейшым перыядам эпоха Барока не такая ілжывая.
Дарэчы, і назваў для адпаведных органаў у нашых продкаў было значна больш, чым зараз. Сёння з такіх найменняў мы з вамі можам прыгадаць хіба што медыцынскае альбо некалькі нецэнзурных. У нашых жа папярэднікаў для абазначэння гэтых паняццяў мелася ў запасе вялізнае мноства назваў — ад непрыстойных да вельмі вобразных, метафарычных.
Самае цікавае, што сёння мы, нават таго не ведаючы, часам ужываем словы, якія маюць да органаў цялеснага нізу непасрэдныя адносіны. Думаецца, наўрад ці незабыўны Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў, пагражаючы амерыканцам паказаць кузькіну маць, ведаў, што “кузем” у 17 ст. называлі прадмет мужчынскага гонару і, адпаведна, гэтая самая «маць» — зусім не сваячка нейкага Кузі (хаця ў цэлым генсек прыкладна гэта і меў на ўвазе).
Тая ж гісторыя і са словам «кепскі», корань якога паходзіць ад забытай назвы жаночага органа (нават не сумняваюся, што гэта мужчыны прыдумалі перакладаць адказнасць за тое, што дрэнна атрымалася, менавіта на жанчын). Як бы там ні было, але дзесьці да 18 ст. гэтыя назвы былі вельмі распаўсюджаныя. А па тым, наколькі гэтыя словы стала ўвайшлі ў наша паўсядзённае выкарыстанне, можна меркаваць, як часта іх ужывалі тады.
Эпісталярныя помнікі, якія дайшлі да нашых дзён, таксама сведчаць пра тое, што нашым продкам было чым заняцца ў ложку. Так, напрыклад, захаваліся лісты караля Яна Сабескага да сваёй жонкі Марысенькі (той самай «модніцы»). У іх супругі даволі шчыра апісвалі свае пачуцці. Прычым распавядалі не толькі пра тое, наколькі моцна кахаюць адзін аднаго, але і ўдакладнялі, як канкрэтна. Вядомы ліст караля, дзе ён расказвае сваёй жонцы пра захопленага ў палон калмыка, які, як піша Сабескі, ведае шмат любоўных пазіцый. Некаторыя з іх кароль прапаноўваў паспрабаваць па яго вяртанні.
Цікавая ў гэтым плане і перапіска вядомай пісьменніцы Францішкі Уршулі Радзівіл са сваім мужам Міхалам Казімірам. Гэта той выпадак, калі актыўнасць у такіх зносінах належала якраз жанчыне. Уршуля піша мужу, што ніяк не можа дачакацца, калі ён прыедзе і «возьме варту каля яе ложка» альбо «споўніць сваю любоўную справу». Трапляюцца і больш шчырыя выказванні...