Яна і Ён: шлюбныя гісторыі з Вялікага Княства Літоўскага

Для нашых продкаў з ВКЛ сужэнскі саюз — гэта найперш выгодная здзелка, якая вырашала маёмасныя пытанні і пытанні працягу роду. Ці было месца для шчасця ў шлюбе, дзе першасным быў разлік, і ці сапраўды ён — быў першасны?  

00_vokladka_1.jpg


Погляд на сям’ю і сужэнскі саюз у нашым звыклым разуменні, калі абодва яднаюцца ў адно ў памкненнях кахання і любові, склаўся ў эпоху рамантызму. Гэта светапогляд і каштоўнасці з XIX стагоддзя. Але што было раней? А раней шлюб параджаў акрэсленыя і досыць выгодныя правы і абавязкі мужчыны і жанчыны. Цягам стагоддзяў у грамадстве розных краін шлюбы ладзіліся па згодзе старэйшых сваякоў. Без кахання, але з прагматызмам, са стратэгічнымі і палітычнымі мэтамі. Рамантыцы адводзілася сціплае месца па-за шлюбам. Ці было тут шчасце?    
     

Вітаўт і яго жонкі: уцёкі з Крэва і Наваградак на вясельны падарунак

У Вітаўта Вялікага было дзве жонкі. Для палітыка такога ўзроўню шлюб быў справай выключнай дзяржаўнай важнасці. Нават на сконе Сярэднявечча ў XV стагоддзі княжацкія саюзы заключаліся з разлікам і на ўмовах, выгодных для ўсіх бакоў.

Вітаўт Вялікі, М. Балінскі (1836)

Вітаўт Вялікі, М. Балінскі (1836)


Першай жонкай Вітаўта была Ганна Святаслаўна, хутчэй за ўсё дачка вялікага князя смаленскага Святаслава Іванавіча. Іх шлюб, верагодна, адбыўся яшчэ ў 1360-я, калі Вітаўт быў удзельным князем берасцейскім. Тады ж Вялікім Княствам Літоўскім кіравалі яшчэ Альгерд і Кейстут і шлюб Вітаўта з Ганнай — тыповы дынастычны саюз з акрэсленымі палітычнымі мэтамі. Але падзеі наступных дзесяцігоддзяў павярнуліся так, што Вялікае Княства «ад мора да мора» аказалася абавязаным сваім існаваннем як раз такі жонцы Вітаўта ад шлюбу па разліку.

Ганна Святаслаўна. Т. Нарбут, каля 1839

Ганна Святаслаўна. Т. Нарбут, каля 1839

1382 год. Пік барацьбы за ўладу, калі адбываюцца ўсім вядомыя хрэстаматыйныя падзеі ў Крэве. У час перамоў з Ягайлам Вітаўта разам з ягоным бацькам Кейстутам схапілі і змясцілі ў вязніцу Крэўскага замку. У крэўскіх мурах Кейстута задушылі, аднак Вітаўт здолеў уцячы. І дапамагла яму тут верная жоначка Ганна!

Ягайла змяшчае Вітаўта і Кейстута ў вязніцу. В. Герсан, 1873

Ягайла змяшчае Вітаўта і Кейстута ў вязніцу. В. Герсан, 1873

У шлюбе Ганна і Вітаўт мелі дачку Соф’ю, выдадзеную замуж за вялікага князя маскоўскага Васіля, а таксама іншых дзяцей, дакладных звестак пра якіх гісторыя не захавала. Жыццё Ганны абарвалася ў 1418 годзе, пахавалі ж вялікую княгіню ў Віленскім кафедральным касцёле.
Але аўдавелы Вітаўт, пераможца пад Грунвальдам і гаспадар вялікай дзяржавы, у тым жа 1418 годзе пабраўся другім шлюбам з Юліяніяй Іванаўнай Гальшанскай. Не прынята было ў тыя часы доўга трымаць жалобу і заставацца самотным. Калі ты вялікі князь — ты зайздросны жаніх, нават калі табе ўжо ідзе сёмы дзясятак гадкоў. Дарэчы, узрост — ні занадта малады, ні занадта стары — для дынастычнага шлюбу перашкодай не быў. Той жа сваяк Вітаўта Ягайла, як вядома, ажаніўся з Ядвігай, калі яму ішоў ці ж не чацвёрты дзясятак, а ёй — 12 гадоў…  
Відавочна, шлюб Вітаўта з Юліяніяй — спроба выгоднага ўнутранага саюзу з вяльможнымі і ўплывовымі князямі Гальшанскімі. Але што цікава, і сама нявеста была не «першай цноты», першым яе мужам быў вяльможа Іван Карачаўскі. Праз 10 год пасля шлюбу Вітаўт сваёй жонцы «зрабіў вясельны падарунак»: запісаў ёй Наваградак з навакольнымі землямі. Магчыма, Вітаўт яшчэ спадзяваўся займець спадчынніка, якому б перадаў Літву, але лёс склаўся інакш.
Ці быў шчаслівым Вітаўт у сваіх шлюбах? Адказаць, канешне, цяжка, бо ва ўладароў шчасце спецыфічнае. Але можна быць упэўненым, калі ён, дзякуючы жонцы, уцякаў з муроў Крэўскага замка, то шчасце адчуваў дакладна.

Маргарыта і Францішак: шлюб паляпшае матэрыяльны стан



05_vilnja__xvii_.jpg

Вільня (XVII)
Ва ўсе часы асветнікі цярпелі грашовую нястачу. Калі і былі ў якога вынаходніка дабрадзеі-мецэнаты, то ўсе атрыманыя ад іх сродкі ішлі толькі на справу, як і сродкі ўласныя. Такі кошт гуманітарнай місіі!
Каля 1520 года ў сталіцу Вялікага Княства Літоўскага пераехаў Францыск Скарына. Там ён не толькі імкнуўся наладзіць засвоены ў Празе друк кніг, але і ажаніўся. Яе звалі Маргарыта. Мы не ведаем падрабязнасцей тых адносін, ці былі гэта рамантычныя прыгоды, ці гэта ўласны разлік сталых людзей. Як ні як доктару Скарыну ішоў пяты дзясятак…

Францыск Скарына. Мастак Пётр Сергіевіч

Францыск Скарына. Мастак Пётр Сергіевіч

Не маладой была і пані Маргарыта. Шлюб з Францішкам яна ўзяла ў статусе ўдавы віленскага радцы Юрыя Адверніка. Што цікава, Скарына ажаніўся з удавой свайго дабрадзея. Лічыцца, што Адвернік фінансаваў кнігавыдавецкую дзейнасць Скарыны, быў адным з фундатараў друкарні ў Вільні.

 Жанчына XVI стагоддзя. Так магла выглядаць жонка Скарыны

 Жанчына XVI стагоддзя. Так магла выглядаць жонка Скарыны

У сталіцы Францыск не меў уласнага дому. Імаверна, усе сродкі, ён, апантаны сваёй справай, аддаваў на выдавецкую дзейнасць. А вось пасля шлюбу наш знакаміты асветнік ужо жыў у жончынай камяніцы на Нямецкай вуліцы недалёка ад палаца князёў Слуцкіх. Палепшылася і фінансавае становішча друкара. У 1529 годзе яго жонка Маргарыта перамагла ў судовым працэсе са сваякамі за яе віленскі дом.
Але шлюб Францыска і Маргарыты быў не доўгім. Вялікі пажар у Вільні летам 1530 года выпаліў дзве трэці горада. Хутчэй за ўсё, у тым пажары загінула і жонка асветніка, бо ў дакументах больш позняга часу яна ўжо не сустракаецца. Цікава, што з 1530-х сам Скарына пакінуў Вільню і бадзяўся па свеце. Можа, страта жонкі так паўплывала на яго, што ён не мог заставацца ў месцы іх сужэнскага шчаслівага жыцця. Значыць, гэту сталую пару лучыла не толькі агульная камяніца і дабрабыт, але і каханне…

Барбара і Станіслаў: удава, якая стала каралевай

Былі ў Вялікім Княстве Літоўскім і свае Мантэкі і Капулеці, хоць і жылі яны за некалькі дзесяцігоддзяў да з’яўлення легендарных шэкспіраўскіх прататыпаў.
Гаштольды і Радзівілы. Два магутныя роды, якія ў XV і XVI стагоддзі вялі паміж сабой канкурэнтную барацьбу. Без веронскай жарсці, але не менш напружаную і не такой трагічнай развязкай. Спаборніцтва за пасаду канцлера, збор маёнткаў і стварэнне сеткі падпарадкаванай шляхты, шчодрае мецэнацтва і набыццё раскошы, здабыча замежных тытулаў і стварэння родавых легенд.

Альбрахт Гаштольд і Юры Радзівіл

Альбрахт Гаштольд і Юры Радзівіл

І вось, 18 траўня 1537 году двух супернікаў аб’яднаў шлюб. Магутны ўладар, першы чалавек у Вялікім Княстве канцлер Альбрэхт Гаштольд жэніць свайго сына Станіслава на Барбары, дачцэ гетмана вялікага літоўскага Юрыя Радзівіла. На вянчанні Барбары і Станіслава сышліся два супрацьлеглыя полюсы. Па шлюбе маладая сям’я Гаштольдаў жыла ў Геранёнскім замку, родавай рэзідэнцыі. Её — 17, яму — 30. Цудоўны ўзрост, здавалася, жыві й будзь шчаслівы. Але ж…

Барбара Гаштольдава (Радзівіл) 1860, Юзаф Сімлер

Барбара Гаштольдава (Радзівіл) 1860, Юзаф Сімлер

Лёс адмераў Гаштольдам ўсяго чатыры гады. Шчаслівыя гады? Ох, наўрад ці. Напэўна, для маладой Барбары гэта былі тужлівыя гады. Тужлівыя, бо ці магло ж быць інакш у гэтым зацішку з годным, але вельмі слабым і хваравітым па жыцці мужам, якога яна магла толькі паважаць, але не кахаць, не жыць поўным сужэнскім жыццём.

Геранёнскі замак

Геранёнскі замак

Дый пані Смерць завітала ў іх жыццё, пакінуўшы след жалобы на гады. Літаральна праз два гады ад шлюбу ў 1539 годзе памірае ўплывовы свёкар Гаштольд-старэйшы, неўзабаве па ім на нябёсы пайшла і свякроўка, а за ёй — бацька Барбары. Апошнія хаўтуры ў снежні 1542-га справілі па мужу Станіславу.
Бяздзетная ўдава Барбара Гаштольдава (але ў гісторыі яна вядома не інакш як Барбара Радзівіл!) заставалася без утрымання. І ўсё праз пыху вяльможных бацькоў, іх прагу да выгод і фамільны разлік. Тады, у снежні 1542-га, жыццё падавалася скончаным. Але яе жыццё і гісторыя кахання толькі пачыналася! Што было далей — сюжэт вядомы: рамантычныя адносіны з каралём, таемны шлюб, каранацыя, інтрыгі пры двары і неўміручасць у вобразе Чорнай Панны Нясвіжа.

Геранёны (К. Русецкі 1846)

Геранёны (К. Русецкі 1846)

А вось гаротнага і хворага Станіслава Гаштольда шчыра па-мужчынску шкада. Ён у гісторыю ўвайшоў толькі як першы муж каралевы Барбары Радзівіл. Гісторыя гэтага шлюбу поўная парадоксаў.

Нелюбімыя каралевы шляхты

Дарэчы, пра каралеў. Іх палітычны народ Вялікага Княства Літоўскага не любіў. Асабліва — замежных жонак сваіх абраных каралёў.
Яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай было прынята лічыць, што Жыгімонт Стары, Ян Казімір і Ян Сабескі былі бязвольнымі марыянеткамі, трапяталі пад абцасам у руках сваіх чужаземных жонак. Шляхту абражала нават не тое, што жонкі лезлі ў палітыку, найважнейшы дакор быў у іншым: замежныя жонкі падгаворвалі сваіх мужоў-манархаў да абсалютызму, а гэта цягнула за сабой скасаванне шляхецкіх прывілеяў і залатых вольнасцяў.
Такога шляхта папусціць не магла!
Вакол каралеў сфармаваўся «чорны вобраз», хай і не заўжды праўдападобны. Асабліва атрымалі жару ад вострага слоўца шляхты Бона Сфорца і Людвіка Марыя.

 Атручванне каралевы Боны (Ян Матэйка)

 Атручванне каралевы Боны (Ян Матэйка)

Чаго толькі не прыпісвалі жонцы Жыгімонта Старога Боне Сфорца… Яна атруціла ненавісную ёй нявестку! Сфорца — сімвал сексуальнай разбэшчанасць… Бона прывезла з Італіі невядомыя на нашых землях вычварэнствы! Яна падбадзёрвала злых і падступных людзей! Хітрая і прагавітая італьянка вывезла незлічоныя нашы скарбы к сабе на радзіму! Але ж чорны піяр — таксама піяр: каралеву Бону добра ведаюць усе і праз 500 год. І хай як інтрыганку і атручальніцу, а не рэфарматарку. Але ж памятаюць!

Жыгімонт Стары і Бона Сфорца

Жыгімонт Стары і Бона Сфорца

Не меншы гнеў у XVII стагоддзі абрушыўся на жонку двух каралёў Людвіку Марыю. Спярша яна была ў шлюбе з Уладзіславам IV.

14_karanacyja_uladzislava_iv.jpg

Каранацыя Уладзіслава IV
Потым удаву брата ўзяў за жонкі Ян Казімір.

15_jan_kazimir.jpg

 Ян Казімір
Але ж не гэта турбавала шляхецкі люд, хоць на піке нянавісці і гэтае «кровазмяшэнне» прыгадвалася.

Людвіка Марыя

Людвіка Марыя

Пакуль Людвіка Марыя не лезла ў палітычныя справы, шляхту яна не цікавала. Але ж яна паквапілася на святое — на спробу палітычных рэформаў і нават скасаванне сімвалу шляхецкіх вольнасцей права liberum veta! Такога шляхта не магла дараваць! З каралевы яна пераўтварылася ў небяспечную інтрыганку, папулярнасць хцівай францужанкі спала на нуль. Калі яна ў 1667 годзе сканала, то пісалі: «гэты месяц прынёс каралеве смерць, а каралеўству — здароўе».  

Францішка і Міхал: вечныя чаканні і цяжарнасць даўжынёй на гады

Здавалася б, калі ты жывеш у замку самага заможнага роду Вялікага Княства Літоўскага, а твой муж трымае пасаду вялікага гетмана — ці ж не гэта самае сапраўднае сямейнае шчасце? Але заможнасць і яснавяльможнасць — гэта не заўжды сінонімы шчасця.  
Францішка Уршуля Радзівіл вядомая як драматургіня і арганізатарка Нясвіжскага тэатру. Тагачаснае жыццё ў радзівілаўскай рэзідэнцыі нельга было ўявіць без свят, банкетаў, паляванняў, шэсцяў, парадаў і гульняў. Але ж гэта ўсё знешняе, для публікі, адваротны бок творчасці Францішкі Уршулі — самота ў сямейным жыцці.

 Францішка Уршуля Радзівіл

 Францішка Уршуля Радзівіл

Францішка Уршуля пабралася шлюбам з Міхалам Казімірам Радзівілам у досыць познім для XVIII стагоддзя ўзросце. Ёй было ажно 20! Аб тым, як адбылося знаёмства і шлюб занатаваў у дзённіку Міхал Казімір. Пасля першай сустрэчы з будучай жонкай, малады князь у дзённіку напісаў, што ў той вечар не ўбачыў а ні твару, а ні розуму Францішкі, бо зала, дзе яны вячэралі кепска падсвечвалася, а пасля вячэры ў асноўным шчабяталі іншыя прыдворныя дамы. Радзівіл ажно шкадаваў, што прыехаў!

Міхал Радзівіл Рыбанька

Міхал Радзівіл Рыбанька

Сітуацыя змянілася на заўтра, калі Радзівіл пры добрым свеце пабачыў Францішку і змог з ёй сам насам паразмаўляць. «Я руку пацалаваў і ад таго моманту пачаў яе страшна кахаць» — занатаваў ён у дзённіку. Потым быў абед, па абедзе танцы, а на заўтра Міхал Казімір вырашыў узяць шлюб. Было гэта ў лютым, а ў красавіку ўжо адбылося вяселле.  
А далей — амаль 20 год лістававання, пастаяннага чакання мужа з раз’ездаў… Міхал часта адсутнічаў у Нясвіжы з прычыны ўдзелу ў сеймах і трыбуналах, а таксама ў рэгулярных аб’ездах іншых сваіх уладанняў. Заставалася толькі пісаць лісты, у якіх Францішка падпісвалася: «Да Вашай Княскай Мосці Найканейшага сэрцам і душой Міхаленькі Дабрадзея з сэрцам і душой поўнымі кахання Жонкай…»

 Нясвіжскі замак

 Нясвіжскі замак

Тыя рэдкія і непрацяглыя сустрэчы Францішка і Міхал прысвячалі галоўнай справе, у якой ім не шчасціла, — спробе працягнуць род Радзівілаў. За сваё жыццё Францішка Уршуля была цяжарная 34 разы… Усё ж Бог даў ім спадчынніка — знакамітага Караля Станіслава “Пане Каханку”.
А па смерці жонкі Францішкі Міхал Казімір ажаніўся з Ганнай Людвікай, удавой стражніка польнага літоўскага Лявона Міхала Радзівіла.

Чаму не ажаніўся Тадэвуш Рэйтан?

Але ж не ўсім было наканавана стварыць сям’ю і працягнуць уласны род. Напрыклад, знакаміты патрыёт, пасол ад Наваградчыны на Варшаўскі сойм 1773 году Тадэвуш Рэйтан так і застаўся самотным. Але спроба звязаць сваё сэрца з жанчына была, дый перакананні ўзялі верх.

Тадэвуш Рэйтан

Тадэвуш Рэйтан

Што праўда, пра спробу Рэйтана ажаніцца напісаў Генрык Жавускі ва «Успамінах Сапліцы». А ў іх доля праўды не самая вялікая. Тым не менш, у гэтай гісторыі можа быць штосьці і верагоднае.
Па словах Жавускага, яшчэ ў дваццаць гадоў, Тадэвуш захацеў жаніцца. Яму ўспала на вока адна прыгожая панна ca старадаўняга роду. Рэйтан пазнаёміўся з ёй у доме яе цёткі, пачаў заляцацца і вось аднойчы паехаў да яе, каб бліжэй пазнаёміцца з будучай жонкай.
 Але там ён убачыў у пакоі для гасцей на сцяне партрэт расійскага імператара Пятра Вялікага! Гэта яго настолькі ўразіла, што яму адразу ж расхацелася жаніцца. «Пётр жа наш самы вялікі вораг, — даводзіў Тадэвуш, — лепей я пражыву ўсё сваё жыццё нежанатым, але не вазьму жонку з такога роду, які настолькі паважае памяць ворага, што яго партрэт вісіць у пакоі, дзе прымаюць радню».
Хто ведае, можа, усё так і было, як аб тым напісаў Жавускі. Ведаючы нораў Рэйтана і яго шчырую адданасць Бацькаўшчыне, ці быў бы ён шчаслівы ў шлюбе і сваяцтве з такой сям’ёй? Асабліва пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай.