Забытае паляванне каралевы Боны

Увосень 2020 ў самы вір кавіду і ў самае пекла беларускага гвалту я нечакана патрапіў у восеньскую казку, згубленую ў прыгожых і нешта шапталых лясох паміж маўклівых азёраў. Колеры позняй восені нешта хавалі ад мяне – так думалася мне па дарозе з Вільні.

Свята-Пакроўская царква

Свята-Пакроўская царква

 Па запрашэнні места Маляты (Малетай па-летувіску) я трапіў у пісьменніцкую рэзідэнцыю ў вёску Інтуркі (па-летувіску – Інтурке; у беларускай традыцыі вёска завецца Інтуркі). Вёска падобная да мястэчка і вядомая з 1373 года. Ад самой назвы чамусьці дзьмула нечым скандынаўскім, фінскім, калі зусім дакладна. Калі я ўехаў у вёску, то мяне адразу сустрэў драўляны брунатна-чорны касцёл Унебаўзяцця найсвяцейшай Панны Марыі – сімвал і цэнтр Інтурак.
Бліснулі наводдаль азёры, а таксама дзіўная блакітная Свята-Пакроўская царква-мураўёўка на ўзгорку па-за дрэвамі зачапіла вока. Цішыня і ніводнага чалавека. Так было мусіць і ў 1550-я гады, калі вялікая княгіня і каралева Бона Сфорца, аматарка ловаў, апынулася ў гэтых мясцінах, аддаўшыся замілаванню прыродай, але перадусім няўцерпу спаляваць гожага аленя ці вялікага лася. Паводле легенды, каралева так упарта скакала, што згубілася і значны час шукала дарогі. Узрушаная і вымерханая немаладая ўжо каралева ўзмалілася аб выратаванні і паабяцала ў гэтай мясціне пабудаваць бажніцу. Неўзабаве світа знайшла гаспадыню ля возера Уркіс, паселішча пачало называцца Антурке (на возеры Уркіс, ля Уркіса; па-летувіску: ant Urkio = Anturke).
Пазней па-летувіску назва змянілася на Інтурке. І легенда пра адно забытае паляванне каралевы спраўдзілася. 28 снежня 1555 года Бона Сфорца стала фундатаркай бажніцы ў Інтурках. Святыня была прысвечаная Ўнебаўзяцьцю найсьвяцейшай Панны Марыі. І хоць з таго часу касцёл перабудоўваўся і ад арыгіналу часоў Боны Сфорцы нічога не засталося, Бона Сфорца сталася часткай гісторыі вёскі. І дасюль рамантыкі могуць пакружляць па лесе па слядах аднаго забытага палявання каралевы.

Возера Гялоты

Возера Гялоты


Не толькі па слядах каралевы Боны можна прайсціся ў Інтурках і ў наваколіцах. Шмат патаемных сцежак тут праклалі ў мінулым вядомыя кніганошы, якія за расійскай акупацыяй перанеслі тоны літаратуры, з-за якой можна было патрапіць у Сібір. І ранейшы след летувіскіх кніганошаў за савецкай акупацыяй праходзіць акурат праз цэнтр Інтурак. У 1975 годзе падкрадня сябры Хаўрусу змагароў за свабоду Летувы, сярод якіх быў мясцовы ксёндз Юозапас Дабравольскі, у плябаніі друкавалі выданне Varpas (Звон) і распаўсюджвалі яе ў Летуве.
Апрача гэтага ў Інтурках цалкам згубіўся жыдоўскі след мясцовай гісторыі – за нямецкай акупацыяй у жніўні 1941 года 23 мясцовыя жыдоўскія сям’і былі вывезеныя ва Уцяну, дзе ўсе былі забіты. А праз тое, што раней інтуркскія жыды хаваліся ў Малятах, то ніякага следу зусім не засталося аб іх у цяперашняй вёсцы.

Касцел Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

Касцел Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі


А след яшчэ адных мінарытарных мясцовых культураў – праваслаўнай і стараверскай — можна дасюль пабачыць тут. Свята-Пакроўская царква 19 ст. – мураўёўка, як яе дасюль часта называюць, нагадвае пра яшчэ адзін няпросты перыяд у гісторыі рэгіёну. Цікава, што якраз у Інтурках дзіўным чынам у межах такой з'явы, як адзінаверства, злілася праваслаўе і стараверства. Да паўстання 1863 года ў рэгіёне амаль не было праваслаўных. Былі стараверы, раскіданыя па аддаленых вёсках, але амаль не было праваслаўных. Пасля паўстання 1863 года многія землі і маёнткі шляхты былі канфіскаваныя, землі пуставалі. Улады ўлагоджвалі праваслаўных, нават старавераў і ў Інтуркі перабраліся 30 праваслаўных сямей. У 1865 улады пабудавалі праваслаўную Свята-Пакроўскую бажніцу, дарэчы, паводле праекта пабудовы праваслаўных храмаў у Беларускіх губернях. Так, Свята-Петрапаўлаўская бажніца падобнай планіроўкі месціцца ў Касуце Вялейскага раёну. На службу да мясцовых праваслаўных часам далучаліся некаторыя стараверы-адзінаверцы – да Першай сусветнай вайны адзінкі, а падчас вайны, калі ў вёсцы Гайлюнай згарэла адзінаверская царква ў гонар князя Уладзіміра, то амаль уся адзінаверская вёска хадзіла маліцца ў Інтуркскую царкву. І пасля адзінаверцы ахвотна наведвалі гэты храм, як сведчаць успаміны старажылаў, запісаныя Таццянай Завадскай, старастай Інтуркскай царквы. Часам адзінаверцы хаваліся ў Інтурках на праваслаўных могілках. Таму праваслаўная царква ў Інтурках шчыльна звязаная з адзінаверствам, часткай старавераў, якія паспрабавалі ўз'яднацца з праваслаўем. Ці не таму дасюль летувісы часам называюць мясцовую царкву праваслаўнай, а часам стараверскай? І гэта не блытаніна – на мае запытанне яны кажуць, што раней яна была і праваслаўнай, і стараверскай царквой адначасова.
І, канечне, прырода ў саміх Інтурках – возера Гялоты і лясы ў наваколлі з'яўляюцца ці не галоўнай сілай, якая прываблівае турыстаў з Вільні ды з усяе краіны. Амаль тысячагадовы алкунскі дуб, які бачыў і паганцаў, і, мажліва, каралеву Бону, і хрысціянаў, і жыдоў, і рознага кшталту партызанаў, з'яўляецца помнікам прыроды. Ён ахоўваецца дзяржавай, але, на жаль, у 20-м стагоддзі нейкія злыдні некалькі разоў жартам ці сумысля падпальвалі волата, значна пашкодзіўшы дрэва.
Волат у вышыню сягае да 29 метраў, таўшчыня – амаль 7 мэтраў. Узрост ад 800 да 1000 год. Дасюль у наваколіцах жывуць легенды пра гэты дуб. Адна з самых цікавых распавядае аб тым, што раней дуб гаварыў – з траўня па восень ён размаўляў з светам. І калі пачынаў ён сваю гаману, то ля яго пачыналіся маёўкі, якія доўжыліся да канца лета. І цяпер яшчэ некаторыя старыя з настальгіяй прыгадваюць, што сотні людзей збіраліся іншым разам, каб патанчыць ды пазіркаць на іншых. У вайну ці пасля вайны свет змяніўся, моладзі стала менш і замаўчаў стары дуб. 

Стары Алкунскі дуб

Стары Алкунскі дуб


Зрэшты, Інтуркі – цудоўны прыклад для беларускіх вёсак у плане экалагічнасці. Вёска, якая ганарыцца касцёлам, зафундаваным каралевай Бонай, цешыць вока ходнікамі, сметніцамі, і не простымі сметніцамі, а частымі экалагічнымі скрынямі для шкла, паперы, металу і пластыку. Праўда, лёс летувіскіх вёсак падобны да беларускіх – моладзь з'язджае адсюль у места.
І, канечне, Інтуркі – гэта не толькі багатая гісторыя, гэта сучаснасць, увасобленая ў людзях. Падаецца, культурнае, інтэлектуальнае і артыстычнае жыццё развіваецца тут перадусім дзякуючы двум чалавекам, вядомым на ўвесь край – бібліятэкарцы-літуаністцы Ануце Цесюлене і фатографу-краязнаўцу Алгімантасу Пячукайцісу. Дарэчы, калі будзеце ў Інтурках, абавязкова пачніце тур з знаёмства з гэтымі слыннымі інтуркцамі.