Студэнцкі кампус, музэй, кансэрваторыя – чым сталі знакамітыя вязьніцы ў сьвеце

Два стагодзьдзі пакутаў, катаваньняў, сьлёзаў і сьмерцяў беларусаў у сумнавядомай Валадарцы падыйшлі нарэшце да фіналу. Стала вядома, што цёмнае месца плянуюць пераўвасобіць у шматфункцыянальны комплекс. А што рабілі з легендарнымі месцамі зьняволеньня ў іншых краінах?

Вязьніца Сэн-Лазар у Францыі

Вязьніца Сэн-Лазар у Францыі

Усходняя дзяржаўная вязьніца. Філядэльфія, ЗША

Усходняя дзяржаўная вязьніца была адамкнёная ў 1829 годзе. Яе структуру можна было назваць радыкальным пераасэнсаваньнем пакараньня. Вязьніца была распрацавана для таго, чаго раней, бадай што, ніводная турма не спрабавала: рэфармаваць душу праз адзіноту. Яе стваральнікі, у тым ліку квакеры-рэфарматары і філядэльфійскія інтэлектуалы, верылі, што ізаляцыя і роздум прывядуць да пакаяньня.

Вязьніца была спраэктаваная брытанскім архітэктарам Джонам Хэвілэндам. Яна была цудам архітэктуры пачатку ХІХ стагодзьдзя. Цэнтральны частка разгаліноўвалася, як сьпіцы кола, дазваляючы ахоўнікам сачыць за некалькімі камернымі блёкамі з аднаго месца.

Усходняя дзяржаўная вязьніца

Усходняя дзяржаўная вязьніца

Кожны зьняволены быў заключаны ў асобную камэру з люкам на даху («вокам Бога»), Бібліяй і невялікім месцам для шпацыру. Ежу прасоўвалі праз маленькія шчыліны. Падчас перасоўваньня на зьняволеных апраналі каптуры, каб захаваць ананімнасьць. Нават ахоўнікам было загадана не размаўляць зь імі.

Шмат для каго гэта было асьветніцтвам і цывілізацыйным уплывам на злачынцаў. Але для крытыкаў гэта было псыхалягічным катаваньнем, замаскіраваным пад дабрачыннасьць. Чарльз Дзікенз наведаў гэтае месца ў 1842 годзе. Ён згадваў: 

«Сістэма жорсткая, строгая і безнадзейная. І я лічу, што гэтая адзіночная турма, па сваіх наступствах, жорсткая і няправільная...»

Нягледзячы на ​​свае высокія ідэалы, у вязьніцы Філядэльфіі ўтрымлівалася шмат сумнавядомых злачынцаў, у тым ліку рабаўнікі банкаў, гангстэры і забойцы. Сярод іх быў Аль Капоне, які адбываў тут кароткі тэрмін у 1929 годзе. У адрозьненьне ад звычайнага зьняволенага, камэра Капоне была шчодра абстаўленая ўсходнімі дыванамі, пісьмовым сталом і радыёпрыймачом. Гэта быў момант камфорту ў будынку, пабудаваным для дыскамфорту.

Усходняя дзяржаўная вязьніца

Усходняя дзяржаўная вязьніца

Да пачатку ХХ стагодзьдзя Ўсходняя дзяржаўная вязьніца стала чарговай перапоўненай амэрыканскай турмой. У 1971 годзе гэтае месца афіцыйна зачынілася. Апошніх зьняволеных перавялі, а будынак пачаў разбурацца. Але ў 1990-х гадах зьявілася новае бачаньне. Вязьніца зноў адчыніла дзьверы ў 1994 годзе як гістарычнае месца і музэй.

Сёньня гэта прастора, як заяўлена, для грамадзянскага дыялёгу. Экспазыцыі дасьледуюць асаблівасьці пэнітэнцыярнай сістэмы ЗША, расавыя адрозьненьні і наступствы ад адзіночнага зьняволеньня.

Усходняя дзяржаўная вязьніца сёньня

Усходняя дзяржаўная вязьніца сёньня

Вязьніца Кампаны. Аргентына

Калісьці гэта быў адзін з самых сумнавядомых цэнтраў утрыманьня пад вартай у Аргентыне ў самыя цёмныя часы ХХ стагодзьдзя. Сёньня ў гэтым самым будынку знаходзяцца аўдыторыі, лекцыйныя залы і лябараторыі. Студэнты філязофіі і прыродазнаўчых навукаў цяпер ходзяць па тых жа калідорах, дзе калісьці чакалі допыту палітычныя зьняволеныя. Гэта не іронія. Гэта наўмыснае пераўтварэньне.

Вязьніца ў Кампане

Вязьніца ў Кампане

Вязьніца ў Кампане, што месьціцца ў правінцыі Буэнас-Айрэс, была адчыненая ў 1957 годзе ў межаш шырокіх намаганьняў па пашырэньні пэнітэнцыярнай сістэмы пры прэзідэнце Артура Франдзізі. Але найбольш чорны этап адбыўся праз некалькі дзесяцігодзьдзяў, падчас ваеннай дыктатуры ў Аргентыне (1976–1983 гадоў), вядомай як «Працэс нацыянальнай рэарганізацыі». Рэжым характарызаваўся цэнзурай, гвалтоўнымі зьнікненьнямі і сістэматычнымі катаваньнямі. Усё як у Беларусі.

Кампана стала падпольным цэнтрам рэпрэсіяў, адным з многіх па ўсёй краіне. У яе сьценах без належнай прававой працэдуры ўтрымліваліся шматлікія палітычныя дысідэнты, студэнты, прафсаюзныя лідэры і актывісты. Шмат хто так і не выйшаў. Месца стала сымбалем здольнасьці дзяржавы выкарыстоўваць інфраструктуру ў якасьці зброі супраць уласнага народа.

Вязьніца ў Кампане сёньня

Вязьніца ў Кампане сёньня

Пасьля вяртаньня да дэмакратыі ў 1983 годзе вязьніца працягвала працаваць, хоць і не так бадзёра. Сьмелым крокам уладаў, частка былога турэмнага комплексу, якая больш не выкарыстоўвалася, была перададзеная Нацыянальнаму ўнівэрсітэту Лухана. Там, дзе калісьці панавалі рэпрэсіі, цяпер квітнее адукацыя. Сёньня гэта паўнавартасны ўнівэрсітэцкі кампус, які прапануе курсы бакаляўрыяту і падвышэньня кваліфікацыі ў такіх галінах, як сацыяльныя навукі, адукацыя і тэхнічныя дысцыпліны. Мясцовыя мастакі і гісторыкі дапамагалі ствараць мемарыялы і пастаянныя экспанаты ў кампусе.

Вязьніца Сэн-Лазар. Парыж, Францыя

Сэн-Лазар — адно з найстарэйшых і найбольш сымбалічна шматслаёвых месцаў зьняволеньня ў Францыі. Са славай Бастыліі гэтаму месцу вядома не спрачацца, але дзе тая Бастылія разабралі па каменьчыку. А гэты будынак можна адведаць і сёньня.

Гісторыя Сэн-Лазар пачынаецца не як турмы, а як месца ізаляцыі. У ХІІ стагодзьдзі тут месьціўся лепразорый (спецыяльнае мэдычная ўстанова, дзе часьцей за ўсё трымалі хворых на праказу). Ім кіравалі рэгулярныя канонікі Сьвятога Віктара. А сама назва — «Лазар» — паходзіць ад біблейскага Лазара, заступніка пракажоных.

Сэн-Лазар

Сэн-Лазар

Аднак роля Сэн-Лазар зьмянілася ў 1632 годзе, калі ўстанова была даручана іншаму ордэну, заснаванаму сьвятым Вінсэнтам дэ Полем. Пад яго кіраўніцтвам гэтае месца стала прытулкам, а таксама месцам маральнага выпраўленьня.

Падчас кіраваньня Людовіка XIV Сэн-Лазар зноў быў перапрафіляваны. На гэты раз у дом зьняволеньня, так званую турму маральнага духу, для маладых мужчынаў са шляхетных сем'яў, чые паводзіны лічыліся ганебнымі. У грамадзтве, апантаным у той час парадкам і рэпутацыяй, Сэн-Лазар стаў сьметнікам для нязручных — месцам, дзе «скандал» мог ціха зьнікнуць.

Глядзіце таксама

Да ХІХ стагодзьдзя Сэн-Лазар чарговы раз быў цалкам пераўтвораны. Цяпер – ў галоўную жаночую турму Парыжа. Яго высокія сьцены сталі домам для тысячаў зьняволеных: дробных злодзеяў, сэкс-працаўніцаў і нават рэвалюцыянэрак.

Сэн-Лазар

Сэн-Лазар

Адной з самых знакамітых «жыхарак» была Мата Хары, загадкавая танцорка і меркаваная шпіёнка, якая прайшла праз камэры Сэн-Лазар, перш чым яе расстралялі.

Вязьніца была афіцыйна зачыненая ў 1930-х гадах. У 1980-х і 1990-х гадах парыжскія архітэктары пачалі пераасэнсоўваць выкарыстаньне гістарычных прастораў для культурнага разьвіцьця. Частка былой турмы пазьбегнула зносу і ўрэшце была пераўтвораная ў Кансэрваторыю музыкі і танца, а таксама ў медыятэку Франсуазы Саган.

Сэн-Лазар сёньня

Сэн-Лазар сёньня

Ува што перарабілі б нашую Валадарку вы?