Колас, Дунін-Марцінкевіч, Севярынец – знакамітыя вязьні Валадаркі да ХХІ ст.

Улетку гэтага году плянуецца канчатковы перавод вязьняў сталічнай вязьніцы, што некалі насіла назву Пішчалаўскага замку, у іншае мейсца. 200 гадоў ён прыносіў пакуты бясконцай колькасьці вядомых і нікому невядомых людзей. Сярод тых, хто правёў там ня самы лепшы час жыцьця, былі і народныя паэты, і паўстанцы. А ў 1997 годзе Павал Севярынец на Валадарцы паверыў у Бога. Згадаем некаторых зь іх.

Валадарка 100 гадоў таму

Валадарка 100 гадоў таму

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Беларускі клясык, ужо пасьмяротна абвешчаны нелегітымнымі людзьмі ў Менску «экстрэмістам», не па сваёй волі бавіў час у Пішчалаўскім замку. Пра крымінальную справу Дуніна-Марцінкевіча стала вядома дзякуючы ўцёкам ягонага падзельніка.

Вывучаючы гісторыю Менскага турэмнага замка, сучасны гісторык Зьміцер Дрозд натрапіў на невядомыя дакумэнты, якія тычацца Вінцэнта. Гісторык так распавядае пра гэта:

«Пакуль што мая знаходка, пра што, па-мойму, ніхто ня ведаў, такая: у 1835 годзе ў турме знаходзіўся Дунін-Марцінкевіч, і зьвесткі пра яго — у зьвязку з уцёкамі арыштанта Чапкоўскага. Незразумела нават, як той уцёк. Былі розныя вэрсіі: ён пераапрануўся ў наглядчыка і выйшаў праз брамы ці вяроўкі нейкія былі знойдзеныя. У турме адбываўся вобшук, і ў Дуніна-Марцінкевіча знайшлі вялікую суму грошай. Ён там быў толькі тыдзень, і захаваліся тры дакумэнты. А Чапкоўскі сядзеў за падробленыя дакумэнты, сядзеў разам з Марцінкевічам па адной справе.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Рэч у тым, што Чапкоўскі, — удакладняе Зьміцер, — у менскім дваранскім дэпутацкім сходзе займаўся радаводамі, доказам дваранскіх правоў. Ён даў паказаньні, што разам з Марцінкевічам яны выраблялі пячаткі старыя, разам пісалі гэтыя дакумэнты. Карацей, Марцінкевіч быў арыштаваны па справе аб падлогу гэтых дакумэнтаў. Дагэтуль факт быў невядомы. Паводле іншых дакумэнтаў, ён знаходзіўся пад хатнім арыштам.

Гэта была тады вядомая справа: у іх былі вялізныя магчымасьці, яны маглі падрабіць любы радавод, упісвалі ў актавыя кнігі, у метрычныя кнігі, цалкам рабілі людзям радаводы. А радавод даваў тады чалавеку вялікія магчымасьці, асабістую свабоду ў тым ліку. Было шмат удзельнікаў, яны займалі пасады ў розных установах. Падраблялі купчыя паперы, пячаткі».

Падобна, што Марцінкевіч не адно дзесяцігодзьдзе гэтым займаўся, зазначае гісторык. Бо ў 1844 годзе яго яшчэ раз арыштавалі за гэта. На той час гэта быў добры бізнэс. Колькі мог каштаваць прыдуманы радавод? Сказаць дакладна цяжка, але выглядала, што зарабляў Дунін-Марцінкевіч нядрэнна, мяркуе Зьміцер Дрозд:

«У Марцінкевіча быў зроблены вобшук пасьля ўцёкаў Чапкоўскага. Была знойдзеная ў кішэні вялікая сума — сорак паўімпэрыялаў і сорак галяндзкіх залатых, прыблізна тысяча рублёў срэбрам. Гэта кошт добрага маёнтку на той момант, разам з прыгоннымі. Значыць, ён нядрэнна зарабляў. У гэтай справе быў замяшаны сам кіраўнік турмы. Яму Чапкоўскі, знаходзячыся ў турме, таксама пісаў нейкія дакумэнты, дапамагаў кіраўніку турмы ў доказе ягонага шляхецтва. Словам, усе адзін аднаго ведалі. Справу замялі, хутчэй за ўсё».

Каміла Марцінкевіч

Дзяўчына нарадзілася ў Менску ў 1834 годзе ў сям’і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Зь дзяцінства яна займалася музыкай і ўжо ва ўзросьце васьмі гадоў давала канцэрты ў гарадох былой Рэчы Паспалітай. Акрамя роднага гораду Каміла грала ў Варшаве, Кіеве, Вільні і некаторых іншых мейсцах.

Апроч выкананьня чужых твораў, Каміла Марцінкевіч пісала і свае. На жаль, будучы клясык літаратуры, ейны бацька Вінцэнт, ня меў дастатковых сродкаў, каб працягваць музычную адукацыю дачкі. Ён паспрабаваў уладкаваць яе ў парыскую кансэрваторыю, але марна.

Паводле пісьмовых крыніцаў тагачаснага губазіку, яна першай стала выконваць патрыятычныя гімны ў касьцёлах, і за сьпевы ў менскім катэдральным касьцёле акупацыйны расейскі рэжым зьмясьціў яе ў псыхіятрычныю лякарню. Больш за тое, самі паліцэйскія справаздачы кажуць, што яна распаўсюджвала «патрыятычную моду» праз свае сьпевы — тады гэта было адзіным, што магла зрабіць Каміла, каб падтрымаць новыя павевы паўстаньня, што даносіліся з Варшавы ў 1861 годзе. Нагадаем — у той час адбыўся расстрэл мірнай варшаўскай дэманстрацыі.

Каміла Марцінкевіч

Каміла Марцінкевіч

Крыху пазьней, калі сьпяваць у касьцёлах забаранілі, Каміла пачала апранаць чорную сукенку і галаўны ўбор — у знак трауру па забітых пратэстоўцах. За ёй зноў пачалі паўтараць, сотні менскіх паненак усіх узростаў пачалі выходзіць у горад у чорным. Расейскія ўлады баяліся ўсяго, што нейкім чынам выходзіць за рамкі — і кабетам забаранілі апранаць чорнае.

Каміла была выхаваная бацькам належным чынам, яна здолела зьдзейсьніць фэерычную палітычную акцыю — выліла вядро памыяў на галаву менскага губэрнатара.

У 1863 годзе быў арыштаваны першы менскі фатограф Антоні Прушынскі, які за жыцьцё пасьпеў зрабіць безьліч культавых здымкаў, у тым ліку партрэтаў беларускіх дзеячаў. Напрыклад, ён зрабіў здымак і бацькі Камілы — ён часта зьяўляецца і ў падручніках. Але апроч звычайных здымкаў Прушынскі рабіў і адмысловыя, паўстанцкія. У яго атэлье быў знакаміты стул, на сьпінцы якога была ў тым ліку і Пагоня. Падчас ператрусу быў знойдзены ў тым ліку і гэты здымак:

v._dunin_marcinkevicz_z_daczkoj_kamilaj_u_hrupe_intelihencyi_horada_minska.jpg

На ім добра бачныя паўстанцы, а адзінай паненкай на здымку была Каміла Марцінкевіч.

Яе арыштавалі па даносе расейскага вайскоўца, які напісаў, што Каміла спакушала яго і схіляла, каб ён перадаў ёй зброю для паўстанцаў. Калі дзяўчына трапіла ў Пішчалаўскі замак (сёньняшнюю Валадарку), яна здолела нейкім чынам знайсьці кветкі, і ў час, калі па калідорах вялі аднаго з паўстанцаў на сьмерць, Каміла кінула яму, як пішуць крыніцы, букет пад ногі. Адважная дзяўчына. Яе выслалі ўглыб Расеі.

Пасьля яна здолела вярнуцца ў былое Вялікае Княства, у Вільню, дзе ўзяла шлюб з лекарам Казімірам Асіповічам, мела 6 дзяцей і памерла ў 1900 годзе.

Якуб Колас

«Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе ня маю сілы…» — радкі, якія ведае ці ня кожны беларус. Іх вывела рука клясыка нашай літаратуры Канстанціна Міцкевіча (Якуба Коласа) у камэры менскага астрогу, пісаў Барыс Палута.

Народны настаўнік Канстанцін Міцкевіч быў асуджаны 15 верасьня 1908 году. Яго абвінавачвалі ў ажыцьцяўленьні праграмы саюзу настаўнікаў, скіраванай, на думку ўладаў, на падрыў грамадзкага ладу Расейскай імпэрыі. Адукаваныя настаўнікі — ворагі злачынных рэжымаў…

На прысуд і зняволенне К. Міцкевіча адгукнулася «Наша Ніва», усё ж ён быў плённым яе аўтарам: «Наша Ніва» страціла аднаго супрацоўніка свайго, вельмі моцнага беларускага народнага паэта Якуба Коласа: яго пасадзілі ў турму на тры гады». Як аказалася, гэтыя тры гады для паэта сталі вельмі плённымі.

Якуб Колас

Якуб Колас

Сам Колас згадваў, што ў час знаходжаньня ў астрозе перад яго вачыма паўставалі малюнкі маленства, прыроды… Зьявілася жаданьне іх апісаць. Так задумалася паэма. Але ж, натуральна, Колас не планаваў эпічных твораў і «энцыкляпэдыі жыцьця беларускага сялянства». Пачыналася ўсё з гумарыстычнага вершаванага апавяданьня «Як дзядзька езьдзіў у Вільню і што ён там бачыў». Гэта быў самастойны твор пра паездку дзядзькі Антося ў зямельны банк, яго камічныя прыгоды ў незнаёмым вялікім горадзе. Затым дадаліся іншыя разьдзелы.

А вось у якіх умовах Коласу давялося згадваць маленства і выводзіць на паперы радкі пра родны кут, ён апісвае ў іншым сваім творы — рамане «На ростанях»:

«Камэра была бітком набітая людзьмі. Пры цьмяным асьвятленьні куравай лямпы камэра здавалася бруднай трушчобай. Даўно беленыя сьцены брудна-рыжаватага колеру выглядалі жудасна, прыгняталі. Насельнікі камэры, якіх за доўгі час перабывала тут тысячы, забівалі ў сьцены цьвікі, каб павесіць свае манаткі. У дзірках каля цьвікоў тоўпіліся кучы клапоў са шматлікім патомствам. Пры сьцяне каля дзьвярэй стаялі зьбітыя з грубых дошчак паліцы. На іх ляжаў хлеб, арыштанцкія «пайкі», лыжкі і розныя дазволеныя рэчы астрожнага ўжытку. У камэры сядзелі ўсе катэгорыі арыштантаў: крымінальнікі і палітычныя».

Як вядома, сам Якуб Колас адбываў свой тэрмін за іншага чалавека, якога ня здаў расейскаму рэжыму.

Кардынал Казімір Сьвёнтэк

Казімір Сьвёнтэк. Фота: Павел Хадзінскі

Казімір Сьвёнтэк. Фота: Павел Хадзінскі

«Калі я сядзеў на Валадарцы...» — з такіх словаў пачынаецца адзін з эпізодаў успамінаў сьвятара. Так і цяпер называюць вязьніцу ў Менску, праз якую, на жаль, і ў наш час праходзяць шматлікія вернікі.

Фэлікс Дзяржынскі

Менская турма выкарыстоўвалася яшчэ і як «перасылка» — як адзін з этапаў на шляху з Варшавы ў Сыбір. Падчас паўстаньняў, асабліва ў 1831 годзе, сюды трапіла багата перасыльных вязьняў, недзе 300–400 чалавек, пры тым што ўся турма была разьлічаная на 200–300. Праз пэўны час іх пешкі адпраўлялі на ўсход, але часу паміж этапамі магло прайсьці шмат — чыгункі тады не было.

«Начальнік турмы дакладваў, што разьмяшчаць іх няма дзе, дык прыміце меры. З гэтай функцыяй турмы як перасыльнай зьвязаная легенда, што нібыта з замку калісьці ўцёк Фэлікс Дзяржынскі, галоўны чэкіст бальшавіцкай Расеі. Насамрэч гэта ня так. Калі ён тут і быў, дык толькі як перасыльны вязень, але адсюль ён не ўцякаў, такіх зьвестак дакладна няма», — кажа Зьміцер Дрозд.

Глядзіце таксама

Павал Севярынец

У 1995 годзе 19-гадовы Павал Севярынец стаў чальцом БНФ, а праз два гады быў абраны сустаршынёй «Маладога Фронту».

Павал Севярынец каля Валадаркі. Фота: Павел Хадзінскі

Павал Севярынец каля Валадаркі. Фота: Павел Хадзінскі

Першы арышт Паўла Севярынца не прымусіў сябе чакаць. На Валадарцы актывіст апынуўся ў 1998 годзе, з годнай фармулёўкай «за зрыў канцэрту, прысьвечанага аб'яднаньню Расеі і Беларусі». У тым жа годзе крымінальная справа была закрытая без тлумачэньня з боку ўлады. Але ж тыя два месяцы аказалі моцны ўплыў на жыцьцё Паўла. Менавіта тады, на Валадарцы, Севярынец стаў хрысьціянінам. Тацьцяна Севярынец, маці Паўла, узгадвала ў інтэрвію «Новаму Часу»:

«Ён вярнуўся вернікам. Для мяне гэта было настолькі нечакана! Сям’я ў нас была звычайная, сьвецкая. Мой хлопчык, рафінаваны такі інтэлігент, які заўсёды быў любоўю сясьцёр, зь якога бабулі пыл здзьмувалі, аказаўся ў невыносных умовах. Было страшэнна, што маё дзіця праз такое праходзіць. Цяпер я ўжо сама ведаю, што гэта такое. Тым ня менш, не магу дачытаць ягоную кнігу «Каменнае сэрца». Там ён апісвае жахі зьняволеньня. Калі дачытаю, пэўна, адразу памру».

«Ён вярнуўся не іншым чалавекам. Павел проста ўпэўніўся ў тым, што ягоныя прынцыпы слушныя, што ён змагаецца за дабро са злом, што ён на правільным шляху», — казаў бацька Паўла Кастусь Севярынец.