У Віцебску затрымалі Таццяну Севярынец. Яе будуць судзіць (абноўлена)

Пра затрыманне маці палітыка і палітвязня Паўла Севярынца паведаміла «Вясна».

Фота «Радыё Рацыя»

Фота «Радыё Рацыя»

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманне адбылося сёння раніцай. Прычыны пакуль невядомыя.

У жніўні 2021 года Таццяне Севярынец пагражалі крымінальнай справай. Да яе прыходзіў міліцыянт, каб папярэдзіць яе пра існаванне крымінальнага артыкула №342, які прадугледжвае адказнасць за «арганізацыю або падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях».

Візіт быў выкліканы тым, што раней Таццяна Севярынец была некалькі разоў пакараная штрафамі за ўдзел у так званых несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Супрацоўнік міліцыі папярэдзіў, што актывістку будуць прыцягваць да адказнасці ўжо не як за адміністрацыйнае правапарушэнне, а за крымінальнае злачынства.

Актывістка тады выказала меркаванне, што міліцыя актывізавалася напярэдадні даты мінулых прэзідэнцкіх выбараў:

З падобнымі папярэджаннямі пра крымінальную адказнасць міліцыянты тады прыходзілі і да іншых віцебскіх актывістаў. Пераважна да тых, якія праявілі сваю грамадзянскую пазіцыю менавіта пасля 9 жніўня 2020 года.

Тры гады таму Таццяну Севярынец затрымлівалі паводле настолькі дзіўнага абвінавачання, што яго не вытрымала нават сама сістэма.

Раніцай 13 студзеня ў лесе пад Віцебскам сабралася кампанія жанчын: Таццяна Севярынец, Людміла Камінская, Людміла Валадкевіч, Алена Коснава, Тамара Ільіна і Раіса Кухто. Таццяна Севярынец хацела правесці для іх майстар-клас па скандынаўскай хадзе. Аднак іх затрымалі 12 супрацоўнікаў міліцыі.

Жанчын даставілі ў Першамайскі РАУС. На ўсіх склалі пратаколы па артыкуле 23.34 КаАП і абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце «з бел-чырвона-белым палотнішчам».

Таццяну Севярынец хацелі судзіць увечары 13 студзеня, але працоўны дзень ужо скончыўся, і яе адпусцілі дадому. Пенсіянерку Тамару Ільіну з РАУС на хуткай адвезлі ў бальніцу. Астатніх жанчын даставілі ў ІЧУ — да судоў 14 студзеня. У выніку працэсы перанеслі: у Севярынец, Коснавай і Ільіной — на 19 студзеня, для Кухто, Камінскай і Валадкевіч — на 20 студзеня.

Суд Першамайскага раёна Віцебска 19 студзеня разгледзеў адміністрацыйную справу жанчын. У выніку суддзя Вераніка Барысава спыніла справу — за недаказанасцю віны гараджанак — і выбачылася перад імі. Зала сустрэла гэта апладысментамі.


Глядзіце таксама

Сына Таццяны Паўла Севярынца затрымалі за два месяцы да прэзідэнцкіх выбараў 7 чэрвеня 2020 года, калі ён ішоў з з пікета па зборы подпісаў вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты.

Спачатку Севярынцу неаднаразова прысуджалі суткі і не выпускалі Акрэсціна — так ён правёў там 75 сутак і на знак пратэсту парэзаў сабе рукі. Пазней Паўлу Севярынцу было прад'яўлена абвінавачанне па ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — «Арганізацыя масавых беспарадкаў». Яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага.

25 траўня 2021 года палітыка і яшчэ шэсць палітвязняў асудзілі ад чатырох да сямі гадоў калоніі. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Севярынцу прызначылі 7 гадоў зняволення.

UPD. Як паведаміла ў сацсетках дачка Таццяны Ганна Севярынец, прычынай затрымання сталі «падпіскі ў фэйсбуку, якіх даўно не было». Наперадзе суд паводле адміністрацыйнага абвінавачання, дата якога пакуль невядомая.