«Гераічнымі бываюць дзеянні, і іх можна здзейсніць у любой геалакацыі»

Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка разважае над апошнімі спрэчкамі беларусаў у сацыяльных сетках, якія выкліканыя арыштам музыкаў Nizkiz, ці ёсць геалакацыя цяпер гераізмам, і што, на яго думку, сапраўднае геройства.

Фота з news.myseldon.com

Фота з news.myseldon.com

Хто вінаваты ў арышце музыкаў Nizkiz? Не яны самі, не Белсат, і не Стрыжак з Ціханоўскай. Вінаваты рэжым Лукашэнкі і канкрэтныя сілавікі. Ці з'яўляецца геалакацыя геройствам? Не, не з'яўляецца — што ў Беларусі, што па-за Беларуссю. Гераічнымі бываюць дзеянні, і іх можна здзейсніць у любой геалакацыі.

Можна ў Польшчы працаваць грузчыкам у «Жабцы» і з апошніх сіл данаціць сем'ям палітвязняў. А можна айцішнікам, і данаціць ненапружна для сябе, але ў 10 разоў больш. Можна пайсці добраахвотнікам у ПКК, а потым яшчэ і разграбаць праблемы ў кіраўніцтве самога ПКК, рызыкуючы сабой ва ўсіх сэнсах. А можна займацца прававой і палітычнай працай, разумеючы, што тым самым ставіш пад пагрозу магчымасць блізкіх жыць у Беларусі, а таксама рызыкуеш беларускай нерухомасцю.

Можна ў Беларусі кожны дзень гаварыць па-беларуску, пераказваць калегам і знаёмым навіны з экстрэмісцкіх медыя і насіць на пошту лісты палітвязням. А можна пайсці ў партызаны і ладзіць дыверсіі, рызыкуючы жыццём. А можна адкрыць у сваім горадзе беларускую краму і прастору, як «Шустры вожык» у Гародні — насуперак трэндам і пагрозам.

Глядзіце таксама

Ці абавязаны хтосьці быць героем? Не абавязаны. Кожны сам можа выбраць прыдатную сваім магчымасцям і поглядам актыўнасць, якая будзе прыносіць карысць агульнай справе свабоднай незалежнай дэмакратычнай Беларусі.

Канфлікты паміж тымі, хто з'ехаў, і астатнімі да карыснай дзейнасці не адносяцца, а на руку ў першую чаргу рэжыму Лукашэнкі.

Творчасць — таксама выдатны варыянт карыснай дзейнасці.