Гомельская жаночая калонія — на першым месцы па колькасці палітзняволеных
У Гомельскай жаночай калоніі ўтрымліваюцца 124 палітзняволеных. Гэта, па звестках праваабаронцаў «Гомельскай Вясны», вывела ўстанову на першае месца па гэтым параметры. Сумны топ-3 працягваюць папраўчая калонія №15 у Магілёве (120 палітзняволеных) і калонія №3 у г. п. Віцьба Віцебскага раёна (113).
У Беларусі па стане на 5 студзеня 1427 палітзняволеных, з іх 182 – у месцах зняволення ў Гомельскай вобласці, адзначае «Штодзень». У жаночай калоніі знаходзяцца сярод іншых палітолаг Валерыя Касцюгова, актывістка Вольга Маёрава, журналісткі Ларыса Шчыракова, Ірына Леўшына і Кацярына Бахвалава, праваабаронцы Марфа Рабкова і Наста Лойка, палітык Марыя Калеснікава.
Нагадаем, Гомельская вобласць — рэкардсмен па колькасці аб’ектаў УДВП. Тут знаходзяцца дзве жаночыя калоніі (№4 У Гомелі і №24 пад Рэчыцай), мужчынская ПК-20 пад Мазыром, гомельскае СІЗА №3, чатыры «хіміі», адно ЛПП №1 у Светлагорску і адна калонія-пасяленне.
З калоніі №4 неаднаразова паступалі паведамленні ад палітзняволеных пра кепскія ўмовы ўтрымання і здзекі. Мяркуючы па сведчаннях зняволеных, рэжым там не агульны, а ўзмоцнены, і мяжуе з катаваннямі.
«У калоніі быў дакладны падзел на палітычных і непалітычных. Калі ў цябе жоўтая бірка, ты жывеш па-іншаму. Прычым усе палітычныя, я ўпэўненая, раскажуць па-рознаму, таму што да ўсіх быў свой падыход», – распавядала былая студэнка Ася Булыбенка пасля вызвалення.
«Асаблівы спосаб катаванняў у ПК — супрацьпажарныя вучэнні, — распавядае суразмоўца. — Гэта калі па сігнале пажарнай трывогі ўвесь атрад пад крык і абразы супрацоўнікаў калоніі абавязаны за некалькі хвілін хутка вынесці з капцёркі ўсе скрыні і сумкі, а з астатніх памяшканняў — усе рэчы і матрацы, у тым ліку жалезныя і вельмі цяжкія нары».
Побыт у гэтай калоніі апісала ў сваіх дзённіках журналістка Вольга Класкоўская, якая адбывала свой тэрмін у гэтай калоніі. За гэтыя аповеды яна атрымала прэмію імя Францішка Аляхновіча.
Прачытаць турэмныя дзённікі Вольгі Класкоўскай можна ТУТ.