Хронікі рэпрэсій за 8 студзеня

Асудзілі гурт «Nizkiz»; у Гомелі чарговы «хапун»; у палітзняволенай Вікторыі Кульша выявілі анкалогію — такія навіны сёння былі знутры Беларусі.

hroniki_represij2_logo_1.webp

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1152 дні, Дзяніс — 1032 дні.

***

Суд Ленінскага раёна разгледзеў адміністрацыйную справу за распаўсюджванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт.19.11 КаАП) у дачыненні да затрыманых удзельнікаў гурта «Nizkiz», пішуць праваабаронцы з MAYDAY.TEAM.

Вынікі суда невядомыя, але праваабаронцы мяркуюць, што саліст Аляксандр Ільін, бас-гітарыст Сяргей Кульша і бубнач Дзмітрый Халяўкін атрымалі адміністрацыйны арышт.

Пра затрыманне ўдзельнікаў гурта «Nizkiz» стала вядома 6 студзеня.  

«У 2020 годзе нашу папулярнасць вырашылі выкарыстаць, нам прапанавалі зняць кліп на акцыях пратэсту ў Мінску», — гаворыць на міліцэйскім відэа Ільін. Двое іншых затрыманых удзельнікаў гурта таксама расказваюць пра кліп «Правілы», які набраў больш за мільён праглядаў на ютуб-канале гурта. Цяпер ён выдалены.

Ільін таксама згадвае, што гурт выступаў на дазволеным мітынгу ў гонар стагоддзя БНР і браў удзел у здымках музычнай праграмы на «Белсаце».

Гурт створаны ў 2008 годзе ў Магілёве.

***

Інэса Ворыхава, маці дарадцы Святланы Ціханоўскай, з'ехала з Беларусі пасля 15 сутак арышту. Пра гэта жанчына расказала ў каментары «Настоящее Время. Беларусь».

Яе затрымалі на працы 30 лістапада — і прызначылі 15 сутак арышту. Інэса — маці дарадцы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыты Ворыхавай.

***

Тройчы асуджаная палітзняволеная Вікторыя Кульша правяла Новы год у ШІЗА без матраца і пасцельнай бялізны, пры гэтым у дзяўчыны выявілі анкалагічнае захворванне, піша «Радыё Свабода»

Выданне паведамляе, што летась Кульша правяла сумарна 100 дзён у ШІЗА і ПКТ.

Нягледзячы на выяўленую анкалогію, жанчыну зноў змясцілі ў ШІЗА на Новы год. Крыніцы выдання паведамляюць, што ў штрафным ізалятары ёй не выдаюць матрац і пасцельную бялізну. Ад холаду Вікторыі даводзіцца ратавацца фізічнымі практыкаваннямі.

Пасля Новага года зняволеная так і не выйшла са штрафнога ізалятара.

***

Суд Лідскага раёна аштрафаваў мясцовага жыхара за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў (ч.1 арт.24.23 КаАП) на 1 850 рублёў — такая інфармацыя з'явілася ў банку судовых рашэнняў. На пастанову суда звярнуў увагу тэлеграм-канал «Права маюць».

Суд прайшоў 15 снежня, але вынікі сталі вядомы толькі сёння. 

У пастанове гаворыцца, што жыхар Ліды каля 22 гадзін 53 хвілін у сябе дома правёў несанкцыянаванае пікетаванне, «дэманстратыўна размясціўшы ў зоне ўсеагульнага агляду на ўваходных дзвярах у калідоры налепку з выявай сцяга бел-чырвона-белага колеру».

Асуджаны выхоўвае траіх непаўналетніх дзяцей, уключаючы дзіця-інваліда 4 ступені страты здароўя. З пастановы вядома, што мужчына не працуе і ўжо прыцягваўся да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці.

***

Чарговы «хапун» на Гомельшчыне — затрыманы як мінімум 4 чалавекі. 

Усіх затрыманых вінавацяць у «распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў». Як паведаміла «Гомельская Вясна» 8 студзеня, адзін з затрыманых — Ігар Песікаў са Светлагорска.

***

У жыхаркі Віцебска ў сацсетках знайшлі старыя публікацыі з бел-чырвона-белым сцягам і фотаздымкамі пратэстаў. Ёй прысудзілі велізарны штраф, паведамляецца ў пастанове, апублікаванай у банку судовых пастаноў, піша «Зеркало»

Згодна з дакументам, на агульнадаступнай старонцы жанчыны ў «ВКонтакте» меліся выявы бел-чырвона-белага сцяга, фотаздымкі людзей, якія ўдзельнічаюць у пратэстах супраць вынікаў выбараў у 2020 годзе, і выявы пратэсных сімвалаў і лозунгаў.

Суд па ч.1 арт.24.23 КаАП адбыўся 18 снежня. Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна «правяла несанкцыянаванае пікетаванне без адпаведнага дазволу адміністрацыі Першамайскага раёна г. Віцебска, выказваючы грамадска-палітычныя, асабістыя і іншыя інтарэсы, пратэст супраць вынікаў выбараў, якія прайшлі ў 2020 годзе».

Віцяблянка прызнала сябе вінаватай. Ёй прызначылі штраф у памеры 100 базавых велічынь — 3700 рублёў. Жанчына не працуе, у яе двое малалетніх дзяцей.

***

Ціктокер Андрэй Бяляўскі выйшаў на волю, піша праваабарончы цэнтр «Вясна»

Ён адбываў пакаранне ў віцебскай калоніі №3.

Сілавікі затрымалі блогера 25 красавіка на працы. На відэа, апублікаваным у праўладным тэлеграм-канале «Адваротны бок», блогер расказваў пра тое, што яго затрымалі за «выраб і распаўсюджванне відэаролікаў у сетцы Tiktok», і прасіў прабачэння

Суд Бабруйскага раёна і Бабруйска прысудзіў ціктокера Андрэя Бяляўскага да 2 гадоў калоніі паводле артыкула аб «абразе Аляксандра Лукашэнкі» (ч.1 арт.368 КК).

На яго акаўнт былі падпісаны больш за 100 тысяч чалавек.

***

У Брэсце судзяць 68-гадовага жыхара Ляхавічаў. Барыс Вітко летам 2023-га быў прызнаны палітвязнем — ён быў асуджаны на два гады «хатняй хіміі» за абразу суддзі.

Цяпер, як пішуць праваабаронцы, яго абвінавачваюць адразу па некалькіх артыкулах. Новую справу вядзе суддзя Вера Філонік.

***

Камітэт дзяржаўнай бяспекі 8 студзеня абнавіў «спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ траіх чалавек: Аляксея Краснагіра, 31-гадовага Ігара Федарэнкі і 23-гадовага Аляксандра Вітухноўскага, піша «Вясна».

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1159 чалавек, з іх 400 — беларусы.

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 329 дзён, Максіма Знака — 333 дні, Мікалая Статкевіча — 332 дні, Ігара Лосіка — 323 дні, Віктара Бабарыкі — 259 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 188 дзён, Уладзіміра Гундара — 157 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1420 палітвязняў.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1610 чалавек. Сярод іх — 184 жанчыны і 7 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.