У снежні па палітычных крымінальных справах судзілі не менш як 161 чалавека

У снежні праваабарончы цэнтр «Вясна» працягваў фіксаваць развіццё больш чым трохгадовай тэндэнцыі крымінальнага пераследу і асуджэння грамадзян па палітычных матывах. За апошні месяц 2023 года, паводле папярэдніх звестак, крымінальныя рэпрэсіі ўжытыя супраць прыкладна 161 чалавека.

img_2814_logo_1_logo.jpg.webp

У рэгіянальным разрэзе гэтыя лічбы выглядаюць наступным чынам: Мінск — 105 чалавек, Гомельская вобласць — 16, Брэсцкая вобласць — дзевяць, Гродзенская вобласць — 10, Мінская вобласць — 13; Магілёўская вобласць — пяць, Віцебская вобласць — тры.

Праваабаронцам удалося зафіксаваць 18 прысудаў па палітычных матывах: 13 — у дачыненні да мужчын, пяць — жанчын. Суды над сваякамі, пераслед за падтрымку беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, новыя суды над палітвязнямі — што вядома пра асаблівасці крымінальнага пераследу ў снежні 2023 года.

Таемныя суды

Праваабаронцы ў снежні фіксавала самыя разнастайныя віды абмежавання галоснасці «пратэсных» крымінальных спраў. Так, напрыклад, раздзел «Электроннае судаводства. Расклад судовых пасяджэнняў» на афіцыйным сайце Вярхоўнага суда не змяшчаў інфармацыі аб разглядзе судом Савецкага раёна Мінска справы ў дачыненні да Сяргея Назаранкі паводле арт. 342 КК у парадку выязнога судовага разгляду, які праходзіў ва ўстанове адукацыі «Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт». Падобная сітуацыя мела месца і ў дачыненні да Сяргея Яраша, справу якога суд Цэнтральнага раёна Мінска разглядаў у прысутнасці працоўнага калектыву ў памяшканні закрытага акцыянернага таварыства «Атлант». Адсутнічала інфармацыя пра месца разгляду крымінальнай справы ў дачыненні да Максіма Кронды, якога суд Маскоўскага раёна Брэста асудзіў да года пазбаўлення волі па артыкуле аб абразе Лукашэнкі. Гэтая крымінальная справа разглядалася ў выязным судовым пасяджэнні ў памяшканні СІЗА-7 Брэста.

Па-ранейшаму фіксуюцца факты апублікавання інфармацыі пра судовыя справы ўжо пасля пачатку іх фактычнага разгляду. Вышэйпаказаныя факты праваабаронцы зафіксавалі па кейсах Аляксандра Залеўскага, справу якога разглядаў суд Маскоўскага раёна Мінска, а таксама Сяргея Яраша, Ксеніі Каспяровіч і Яўгена Данчанкі, якіх судзілі ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Усіх чацвярых судзілі паводле артыкула 342, які прадугледжвае адказнасць за ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак.

Актуальнай з'яўляецца праблема не давядзення да грамадскасці інфармацыі аб дакладным месцы судовага разбору ў дачыненні да фігурантаў крымінальных спраў. Праваабаронцы зафіксавалі ў снежні такія факты ў шэрагу выпадкаў. Так, калі ў дачыненні да Сяргея Чурына і Кацярыны Младзянковай, абвінавачаных па народным артыкуле, была паказаная інфармацыя аб разглядзе судом Добрушскага раёна крымінальных спраў у актавай зале, то ў дачыненні да Уладзіслава Лагойкі (арт. 342 КК), Мацвея Дубоўскага, Арцёма Мінгулава і Арцёма Вашкевіча, абвінавачаных па артыкулах аб хуліганстве і здзеку з дзяржаўных сімвалаў, інфармацыі не было зусім.


Глядзіце таксама

Суды над сваякамі

На працягу апошняга месяца 2023 года не менш за сем сем'яў або груп сваякоў трапілі пад рэпрэсіі ў парадку судовага разбору па крымінальнай справе. У судзе Дзяржынскага раёна за маршы 2020 года судзілі Іллю і Мілану Баркоўскіх. У судзе Цэнтральнага раёна Мінска за ўдзел у стыхійных мірных сходах 2020 года судзілі Сяргея і Марыну Кіргет, Яўгенію і Андрэя Лабанкоў. У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска былі ўжытыя рэпрэсіі супраць Юрыя і Анастасіі Макушыкаў, а таксама Вікторыі ды Лідзіі Марозавых. У судзе Маскоўскага раёна Мінска разглядалася справа ў дачыненні да бацькі і сына — Івана і Яўгена Грышчанковых, а ў судзе Савецкага раёна Мінска — Дзмітрыя і Святланы Лагуноўскіх. Абставіны і вынікі судовых разглядаў у дачыненні да іх высвятляюцца.

Суды за падтрымку добраахвотнікаў

Неабходна адзначыць, што ў снежні адбыўся ўсплёск судовых разглядаў спраў аб «удзеле на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўцы альбо падрыхтоўцы асоб да такога ўдзелу». Прынамсі сямёра чалавек маглі быць асуджаныя паводле гэтага артыкула. Правапрымяняльная практыка сведчыць, што па ім улады актыўна рэпрэсуюць людзей за данаты ў адрас добраахвотніцкіх фармаванняў, што прымаюць удзел у баявых дзеяннях на боку Узброеных сіл Украіны. Палітвязня Чэслава Канановіча асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі за дзесяць данатаў на адрас палка Каліноўскага. На такі ж тэрмін рэпрэсаваны Аляксандр Ганчароў, за грашовы перавод гэтаму ж добраахвотніцкаму аб'яднанню.


Глядзіце таксама

Завочны суд

У снежні адзін чалавек быў паўторна асуджаны ў рамках працэдуры спецыяльнай вытворчасці. Брэсцкі абласны суд, у парадку закрытага судовага разбору, разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да бізнесоўца, які заявіў пра свае палітычныя амбіцыі праз выбары ў Каардынацыйную раду ў эміграцыі — Вадзіма Пракоп'ева, і асудзіў яго да 25 гадоў турэмнага зняволення і штрафу сумай 1000 базавых адзінак. Раней бізнесмен быў асуджаны да 25 гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў адну тысячу базавых велічынь завочна, па справе аб падпале дома дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Гайдукевіча, а таксама пазбаўлены воінскага звання. Гэтым разам прэтэнзіі ў дзяржавы да Пракоп'ева паўсталі ў сувязі з паклёпам і абразай Аляксандра Лукашэнкі, абразай прадстаўніка ўлады, распальваннем варожасці і заклікамі да санкцый.

Новыя суды над палітвязнямі

У снежні працягвалася развіццё тэндэнцыі, калі супраць раней асуджаных па палітычных матывах ужывалі крымінальны пераслед яшчэ адзін або некалькі разоў. Асуджанага ў жніўні судом Маскоўскага раёна Мінска паводле трох артыкулаў, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады і суддзі, Сяргея Мардзіловіча зноў судзілі ў снежні ў гэтым жа судзе, паводле артыкула аб абразе прадстаўніка ўлады. Падобная сітуацыя мела месца ў дачыненні да Іллі Немца, якога ў верасні рэпрэсаваў суд Баранавіцкага раёна паводле артыкулаў аб абразе Лукашэнкі ды прадстаўніка ўлады, а ўжо ў снежні яго зноў судзілі ў гэтым судзе паводле артыкула, які прадугледжвае адказнасць за абразу прадстаўніка ўлады. Уладзіміра Запольскіх, раней асуджанага паводле артыкулаў аб распальванні варожасці, абразе прадстаўніка ўлады і «народнага» артыкула, і вызваленага ў студзені 2023 года, затрымалі ў траўні і ўжо ў снежні суд Цэнтральнага раёна Мінска асудзіў яго да года пазбаўлення волі паводле артыкулаў, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу Лукашэнкі ды прадстаўніка ўлады.

Паводле папярэдніх звестак, ужо сёмая крымінальная справа разглядаецца ў дачыненні да палітвязня Васіля Дземідовіча ў судзе Старадарожскага раёна, па эпізодзе аб абразе прадстаўніка ўлады. У дачыненні да Яна Папковіча ў снежні прайшло судовае разбіральніцтва ў рамках крымінальнай справы аб злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, што выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі. Па выніках судовага разбору палітычнаму зняволенаму дадалі тры месяцы пазбаўлення волі да раней прысуджаных чатырох гадоў зняволення, а таксама змянілі рэжым адбыцця пакарання на больш жорсткі.


Глядзіце таксама

Пэўная тэндэнцыя ёсць у тым, што раней асуджаным па палітычных матывах грамадзянам на этапе адбыцця пакарання пачынаюць ставіць у віну больш цяжкія склады злачынстваў, якія прадугледжваюць больш жорсткія тэрміны турэмнага зняволення, чым тыя, па якім яны былі асуджаныя раней. Гэта можа сведчыць аб тым, што ў дачыненні да рэпрэсаваных ідзе аператыўная праца ў месцах адбыцця пакарання, дзе супраць іх ужываецца дадатковы ціск. Рэпрэсаванага раней да чатырох гадоў калоніі Яраслава Саковіча ўжо цягам некалькіх месяцаў судзяць за здраду дзяржаве. Праваабаронцы маюць дадзеныя аб тым, што Яраслава Саковіча, як і Яна Папковіча, катавалі на стадыі папярэдняга расследавання з мэтай выбіць паказанні і прызнаць сваю віну. Асуджанага раней да трох гадоў пазбаўлення волі паводле артыкулаў аб паклёпе і абразе Лукашэнкі Аляксандра Кулікова, у снежні судзілі паводле артыкулаў аб «стварэнні экстрэмісцкага фармавання (альбо ўдзеле ў ім), удзеле на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або канфлікце (вярбоўцы альбо падрыхтоўцы да такога ўдзелу) і праходжанні навучання для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці». Па выніках працэдуры судовага разбору палітвязню дадалі яшчэ паўтара года зняволення. Кулікоў жа трапіў пад рэпрэсіі пасля вяртання ў Беларусь з эміграцыі.

Пераслед палітычных эмігрантаў

Яшчэ адным прыкладам, калі вяртанне з палітычнай эміграцыі скончылася досыць рэзананснай справай, з'яўляецца кейс 30-гадовай ураджэнкі Ваўкавыска Аляксандры Каско, якую Гродзенскі абласны суд пакараў дзесяццю гадамі турэмнага зняволення. Падставай да крымінальнага пераследу палітзняволенай сталі абвінавачанні ў тым, што яна з'яўлялася адміністратаркай тэлеграм-каналаў, прызнаных «экстрэмісцкімі фармаваннямі», а таксама ў тым, што змест інфармацыі, якая ёю размяшчалася у гэтых каналах, меў на мэце распальванне сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, публічная абраза прадстаўнікоў улады, суддзяў, незаконны распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных пацярпелых без іх згоды. Ужо пасля абвяшчэння прысуду на афіляваных з сілавікамі рэсурсах з'явілася інфармацыя пра тое, што вяртанне Аляксандры Каско стала следствам праведзеных у дачыненні да яе мерапрыемстваў з боку сілавікоў.

Праваабаронцы настойліва просяць, у асаблівасці палітычных эмігрантаў, больш узважана ставіцца да прыняцця рашэнняў аб паездках у Беларусь. Да таго ж, ёсць падставы меркаваць, што сістэма дзяржаўнага апарату арыентаваная ў сувязі з планаванай выбарчай кампаніяй па выбарах прэзідэнта ў сярэдзіне 2025 года на брутальнае затрыманне апанентаў рэжыму адразу пасля іх вяртання і правядзенне поўнага комплексу рэпрэсіўных мер.