Былога вайскоўца Паўла Кучынскага асудзілі на 19 гадоў зняволення

У Мінскім абласным судзе 15 снежня былому вайскоўцу Паўлу Кучынскаму прызначылі 19 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Працэс вёў суддзя Аляксандр Рыбакоў. Мужчыну прызналі вінаватым паводле сямі крымінальных артыкулаў — сярод іх «здрада дзяржаве», «акт тэрарызму», «стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй», распавядае праваабарончы цэнтр «Вясна».

Фота з сайта «Вясны»

Фота з сайта «Вясны»

Летась арганізацыя сілавікоў Беларусі BYPOL пісала, што яго пад катаваннямі прымусілі ўдзельнічаць у правакацыі супраць іх.

Паўла Кучынскага затрымалі прыкладна напачатку верасня 2022 года. Тады арганізацыя BYPOL пісала, што Кучынскі быў затрыманы ў сувязі з верагодным дачыненнем да справы «інкасатараў».

«Спецслужбы пад катаваннямі прымусілі яго ўдзельнічаць у правакацыі, у рамках якой апошні выйшаў на сувязь з прадстаўнікамі BYPOL і прапанаваў здзейсніць акцыі прамога дзеяння. Усе перамовы і перапіска фіксавалася», — паведамлялі ўдзельнікі ініцыятывы BYPOL.

У выніку Паўлу Кучынскаму выставілі абвінавачанні паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

ч. 1 арт. 356 — здрада дзяржаве;

ч. 2 арт. 295-3 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў;

ч. 2 арт. 290-5 — арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі;

ч. 4 арт. 295 — незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;

ч. 2 арт. 290-4 — стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй;

ч. 3 арт. 289 — акт тэрарызму;

ч. 1 арт. 309 — наўмыснае прывядзенне ў непрыдатны для эксплуатацыі стан сродкаў чыгуначнага транспарту.


Глядзіце таксама

Працэс над ім распачаўся 4 кастрычніка ў Мінскім абласным судзе. Суддзём па справе быў прызначаны Аляксандр Рыбакоў — былы старшыня суда Лагойскага раёна. Менавіта ён у 2021 годзе вёў першы суд па «справе Ціханоўскага».

15 снежня Кучынскаму вынеслі прысуд — 19 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Падрабязнасцяў справы няма, у чым менавіта абвінавацілі Паўла Кучынскага, таксама невядома.

Як нагадвае «Люстэрка», у верасні 2022 года з'явілася інфармацыя, што ў мінскае аддзяленне «Белгазпрамбанка» прыйшлі сілавікі і жорстка затрымалі больш за дзясятак супрацоўнікаў інкасатарскай службы — верагодна, за абразу Лукашэнкі. Усіх іх абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыі і далі па 14 сутак, некаторымі зацікавіўся Следчы камітэт.

Аднаго з былых інкасатараў банка, спецназаўца Яна Папковіча ў траўні 2023 года асудзілі на чатыры гады калоніі паводле арт. 342 КК («Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і паводле ч. 1 арт. 13, ч. 1 арт. 361-3 КК («Падрыхтоўка да ўдзелу ва ўзброеным фармаванні на тэрыторыі замежнай дзяржавы»).