«Сістэма адукацыі ў 2023 годзе стала адкрыта праяўляць сябе як рэпрэсіўная»
У Беларусі ў 2023 годзе ўзмацнілася дэградацыя сістэмы адукацыі і навуковых даследаванняў. Сфера адукацыі — адна з тых, якія ў найбольшай ступені пацярпелі ад рэпрэсій. Але ці магчыма цяпер выслізнуць з-пад машыны падаўлення думак і вучыць, але не прамываць мазгі?
Інструмент ідэалагічнага тэрору
«Сфера адукацыі — адна з тых, якія ў найбольшай ступені пацярпелі ад рэпрэсій. Улада перабудоўвае сістэму адукацыі, выкарыстоўвае яе як інструмент індактрынацыі і ідэалагічнага тэрору», — адзначыў у каментары «Позірку» эксперт у сферы адукацыі Павел Церашковіч.
Паводле яго, у рэпрэсіях удзельнічае і кіраўніцтва ўніверсітэтаў. У 2021 і 2022 гадах колькасць выкладчыкаў ВНУ скарацілася на 1,5 тыс., або на 8%. Колькасць настаўнікаў стала меншай на 6 тыс. (-5,6%).
Ён падкрэсліў, што звальненне выкладчыкаў азначае забарону на прафесію, а ў асобных выпадках — на любую працоўную дзейнасць, у выніку чаго адбываецца вымушаная эміграцыя. Вакансіі выкладчыкаў, адзначыў эксперт, запаўняюцца людзьмі, якія не маюць адпаведнай кваліфікацыі, што не спрыяе паляпшэнню якасці адукацыі.
Наступ «рускага міру»
У 2023 годзе праводзілася актыўная русіфікацыя сістэмы адукацыі, адзначыў суразмоўца. «Наступ «рускага міру» выяўляўся ў скарачэнні набору на спецыяльнасці, звязаныя з беларускай мовай і літаратурай, выключэнні са школьнай праграмы рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» (пра паўстанне Кастуся Каліноўскага), абвяшчэнні «экстрэмісцкім» зборніка твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча», — сказаў эксперт.
Ён звярнуў увагу на актыўную дзейнасць у Беларусі «Рассупрацоўніцтва» (расійскае Федэральнае агенцтва па справах СНД, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве). Паводле слоў Церашковіча, яно імкнецца ўцягнуць беларусаў, перш за ўсё моладзь, у разнастайныя ідэалагічныя праграмы. Ужо ёсць тры прадстаўніцтвы агенцтва («Рускія дамы») у Мінску, Гомелі і Брэсце. Гэта больш, чым у любой іншай краіне свету.
Паралельна, сказаў ён, адбываецца рэкрутынг беларускай моладзі для вучобы ў РФ: «У 2023 годзе беларусам прапанавалі 1300 стыпендый для навучання ва ўніверсітэтах Расіі, якія цалкам пакрываюць яго кошт. За апошнія чатыры гады колькасць такіх стыпендый павялічылася ў 18 разоў. Колькасць беларусаў, якія навучаюцца ў Расіі, амаль такая ж, як у Польшчы — каля 12 тысяч».
За мяжой пазітыў, але ёсць пытанні да ЕГУ
Адначасова «супрацьлеглая пазітыўная тэндэнцыя» назіраецца за мяжой. «Беларусы імкнуцца арганізаваць школьнае навучанне на роднай мове. Напрыклад, у Грузіі зарэгістравалі школу на беларускай мове. Магчыма, змена палітычнай сітуацыі ў Польшчы дазволіць арганізаваць навучанне на беларускай мове ў звычайных школах, што з'яўляецца правам беларускай меншасці. У Літве, у гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільні, не хапае месцаў для беларусаў, таму вядзецца праца па адкрыцці яшчэ адной такой установы», — адзначыў Церашковіч.
Эксперт згадаў таксама распачаты ў 2023 годзе дыялог беларускіх дэмакратычных сіл з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам (ЕГУ). Аб'яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада звярнуліся да кіраўніцтва ўніверсітэта з просьбай пачаць дыялог, каб растлумачыць нацыянальную ідэнтычнасць універсітэта і яго місію, месца і ролю беларускай мовы і культуры ў выкладанні і даследаваннях, прадстаўніцтва беларусаў у кіраўніцтве ЕГУ.
«Цяпер у Кіроўнай Радзе ЕГУ беларусы ў меншасці, у Радзе саўладальнікаў іх няма наогул», — адзначыў Церашковіч. На яго думку, ва ўніверсітэце дамінуе група рускамоўных касмапалітычных інтэлектуалаў, для якіх Беларусь — усяго толькі краіна, з якой яны калісьці з'ехалі. Большая частка курсаў чытаецца на рускай мове, які, лічыць суразмоўца, прывязвае да «рускага міру». «Студэнты ў самастойнай працы будуць непазбежна звяртацца да расійскіх інтэрнэт-рэсурсаў, якія катастрафічна дэфармаваныя разнастайнымі «скрэпамі», геапалітыкай, еўразійствам і г.д.», — мяркуе эксперт.
Да кожнага не прыставіш даносчыка
Пры ўсім гэтым, па словах Церашковіча, у Беларусі засталося шмат выкладчыкаў, верных прафесіі, якія займаюцца ў цяжкіх умовах тым, чым павінны. Гэта магчыма таму, што да кожнага настаўніка або прафесара «не прыставіш даносчыка». Акрамя таго, многія выкладчыкі знаёмыя з вопытам савецкіх часоў, калі даводзілася даносіць інфармацыю эзопавай мовай, адзначыў суразмоўца.
З тым, што ў рэпрэсіўных умовах выкладчыкі могуць працягваць працу над якаснымі методыкамі, уключэннем новых тэхналогій у адукацыю толькі ў мікрафармаце, згодная экспертка ў сферы адукацыі Святлана Мацкевіч.
«Варыянты нармальных непалітычных ведаў выкладчыкі могуць шукаць у зоне асобных прадметаў або дысцыплін», — сказала яна.
У цэлым яна лічыць, што сістэма адукацыі ў 2023 годзе стала адкрыта праяўляць сябе як рэпрэсіўная: «Ужо не сорамна ажыццяўляць татальны кантроль, не сорамна звальняць па палітычных матывах. Я б сказала, што сістэма стала бессаромнай, перакрэслены ўсе прафесійныя стандарты і агульначалавечыя каштоўнасці. Любыя ацэнкі сістэмы адукацыі з пункту гледжання маралі, дэмакратычных каштоўнасцей становяцца бессэнсоўнымі», — заявіла Мацкевіч.
Паводле яе слоў, трагічнасць сітуацыі ў тым, што ўвесь гэты «бессаромны парасон» накрывае вялікую сістэму, якая ўплывае на жыцці мільёнаў людзей.