Вершы Дуніна-Марцінкевіча — цяпер «экстрэмісцкія матэрыялы»
Генпракуратура прызнала два вершы Дуніна-Марцінкевіча «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Экстрэмізм угледзелі і ў прадмове да яго збору твораў.
Улады прызналі два вершы Дуніна-Марцінкевіча і прадмову да збору твораў класіка «экстрэмісцкімі матэрыяламі», паведамляе Свабода.
У кнізе выдавецтва «Беларускі кнігазбор» «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Выбраныя творы». «Экстрэмісцкімі матэрыяламі» на хадайніцтва пракуратуры Менску прызналі прадмову Язэпа Янушкевіча да кнігі і два вершы самога класіка беларускай літаратуры — «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда».
Гэтыя вершы Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч напісаў падчас паўстання Кастуся Каліноўскага супраць расійскага імперскага прыгнёту на беларускіх землях.
Гэта першы выпадак прызнання асобных твораў беларускага класіка літаратуры «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Зрэшты, наконт аўтарства «Гутаркі старога дзеда» беларускія літаратуразнаўцы спрачаліся:
Генадзь Кісялёў лічыў яе аўтарам Дуніна-Марцінкевіча, а Адам Мальдзіс, Вячаслаў Рагойша і Уладзімір Мархель называюць аўтарам «Гутаркі старога дзеда» Вінцэся Каратынскага.
У любым выпадку, твор узнік у асяродку паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Відаць, Генпракуратуры не спадабалася ідэя твора, дзе ёсць такія радкі “Маскаль, кажуць, мае волю,/ Палягчыць нам нашу долю,/ Ой! Не верце таму, людзі,/ Нічога з таго не будзе./ Калі б хацеў так зрабіць,/ Даўно б то мусела быць”.
Літаратуразнаўца Генадзь Кісялёў знайшоў у матэрыялах архіва ІІІ аддзялення данос агента В. Бярнацкага, які сведчыў, што сучаснікі прыпісвалі аўтарства «Гутаркі» В. Дуніну-Марцінкевічу: «Нядаўна гэты самы Марцінкевіч напісаў твор на народнай мове пад загалоўкам «Гутарка старога дзеда», дзе паказвае лёс Літвы ў вершах ад 1796 года да цяперашняга часу, выказваючы ўсе прыцясненні, якія толькі маглі быць на сялян, і прыпісваючы ўсе гэтыя прыцясненні ўраду. Гэты твор ужо даволі распаўсюджаны і так пераканальна дзейнічае на сялян, што дзе толькі ён паявіўся, то сяляне пакінулі быць прывязанымі да гасудара, якога раней бласлаўлялі, і пачалі шукаць заступніцтва памешчыкаў. Цяпер яшчэ Марцінкевіч пераклаў на народную мову гімн «Божа, што Польшчы…»