Павел Усаў: Цяпер кожны беларус вывучыць на памяць вершы Дуніна-Марцінкевіча
Праз гады ўнукі тых, хто сёння забараняў творы і творцаў Беларусі, будуць іх вывучаць, а настаўнікі распавядаць пра самадурствы «таго парадку» лукашэнкаўскіх часоў. Дзеці будуць здзіўляцца, што такое было магчыма, піша палітолаг Павел Усаў.
Заўсёды, калі палітычная тыранія намагалася забараніць філосафаў, пісьменнікаў, навукоўцаў, знішчыць іх творы — гэта толькі падкрэслівала іх значэнне для народнага і грамадскага духу, рабіла з іх сцяг, сімвал рэвалюцыйнага супраціву.
Тыя ж, хто забараняе, нават не разумее, што і чаму яны гэта робяць. Якія мэты іх дзеянняў, які палітычны сэнс і ідэалагічнае значэнне. Яны ўжо даўно нічога не разумеюць, толькі круцяць вінцікі той дзяржаўнай машыны, у якой функцыянуюць.
Калі будзе трэба — заўтра забароняць Біблію і зробяць з Ісуса з Назарэту экстрэміста, які такім і быў, бо падважыў палітычны і рэлігійны парадак.
Пра што ў свой час пісаў Дастаеўскі ў маналогу пра «Вялікага Інквізітара». Ён апісаў дух таталітарызму, у якім жыла Расія і зняволеная Беларусь, і жыве зараз.
Існуючая ў Беларусі сістэма, па сутнасці, павінна змагацца супраць усяго таго, што прызывае да барацьбы з тыраніяй, што падважае «палітычны лад» сам у сабе і ў любой рэчаіснасці, асабліва імперска-расійскі, часткай якога з’яўляецца.
Дарэчы, па канонах сучаснага палітычнага парадку Беларусі, Дастаеўскі, Салжыніцын, Булгакаў, Зіноў’еў таксама экстрэмісты. І не вядома, што рабіць з Леніным і Марксам — яшчэ тыя рэвалюцыянеры-экстрэмісты, а Бакунін і Крапоткін? Бо менавіта іх вучні сёння, пры «новым парадку» сядзяць у вязніцах за барацьбу супраць сістэмы.
Прыгадаліся словы аднаго КДБіста падчас вобшукаў хіба ў рэдактараў «Нашай Нівы»: «Зачем вам столько книг». Хіба, хутка будзе выдадзены рэгламент пра колькасць і якасць кніг, якія можна мець у кватэры. І напэўна пад забарону падпадзе Рэй Брэдбэры са сваімі «451», услед за Оруэлам.
Сыходзячы з інтарэсаў новага палітычнага парадку, агульна навука і літаратура сама па сабе павінна разглядацца як экстрэмістычная, бо будзе імкнуцца да свайго вызвалення праз развіццё чалавека. Тым больш, што акрамя забаронаў «новы парадак» нічога не можа прапанаваць. Нічога. У ім няма творчага духу, як і ў той жа Масковіі, хіба толькі Газманаў і Груздзевы: тупей і слухай, слухай і тупей. Толькі так гэты парадак можа існаваць, бо толькі так можна выгадоўваць новыя вінцікі.
Але шрубкі «новага парадку» сваімі забаронамі робяць найвыдатнейшую рэч: яны папулярызуюць тых, каго забараняюць. Асабліва ў сучасную эпоху, калі немагчыма кнігі спаліць, ці зачыніць у сырым архіве.
Зараз кожны беларус вывучыць на памяць вершы Дуніна-Марцінкевіча, шмат хто ўзгадае, што беларуская культура багатая такім цудоўным пісьменнікам-рэвалюцыянерам.
Праз гады ўнукі тых, хто сёння забараняў творы і творцаў Беларусі будуць іх вывучаць, а настаўнікі распавядаць пра самадурствы «таго парадку» лукашэнкаўскіх часоў. Дзеці будуць здзіўляцца, што такое было магчыма, а таксама ганарыцца сваёй культурай і мовай, бо пакутамі яна ўзбагачаецца:
...Эй скажэце, добры людзі,
Што ужо на сьвеце будзе,
Ці то так судзіў Бог з намі
Гінуць век пад маскалямі?
Таксама дзякуючы «новаму парадку» і забаронам, якія ўздымаюць вагу беларускасці, будзе адбывацца дэрусіфікацыя культурнай і духоўнай прасторы.