Узровень стабільнасці настолькі стабілізаваўся, што ёй цяжка перажываць нават вершы Дуніна-Марцінкевіча

Творы беларускіх класікаў, вядома, перажывуць прызнанне іх экстрэмізмам. І тых хто прызнаваў іх экстрэмізмам, таксама перажывуць, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

fota_aryny_sjankevicz__6__1_logo.jpg

Учора быў моцны палітычны прагноз. Хтосьці любіць рабіць прагнозы. Учора ён сказаў, што пасля наступных выбараў у Расіі прэзідэнтам Расіі застанецца Пуцін. Улічваючы, што выбары ў Расіі праз паўгода, ніхто быццам бы і не сумняваўся, што прэзідэнтам у Расіі застанецца Пуцін. Таму што на любых выбарах, якія будзе праводзіць прэзідэнт Пуцін, прэзідэнтам застанецца Пуцін.

Але пасля ўчорашняга асабіста ў мяне сталі закрадвацца смутныя сумневы. Ты ж памятаеш, што сёй-той — вялікі майстар палітычных прагнозаў. Сёй-той наогул ніколі не памыляецца. У яго і Парашэнка прэзідэнт Украіны, і Трамп сядзіць у Белым доме, а не рыхтуецца сесці ў турму. І я нават не буду табе нагадваць пра Кіеў за тры-чатыры дні.

Карацей, пасля такога прагноза Пуціну варта было б, напэўна, задумацца пра вечнае. Ці ёсць жыццё пасля  прэзідэнцтва. Хоць пра існаванне жыцця пасля прэзідэнцтва ніяк, вядома, не праверыш, пакуль сам не паспрабуеш.

Але прэзідэнцтва Пуціна хай будзе цяпер выключна праблемай прэзідэнта Пуціна. Тут учора адбылося страшнае. 

Сёй-той раптам прызнаў, што калі яму здарыцца ваяваць з суседзямі, то яго хопіць на месяц. Пра месяц гэта я лічу, што сёй-той вялікі аптыміст. Але нават калі месяц… 

А як жа вертыкальная тэрабарона, сельскагаспадарчыя апалчэнні і паляўнічая-рыбалоўная брыгада? Спецыяльны спецназ у кожным абласным цэнтры? Вось усе тыя паўтара мільёна чалавек, якія генерал Вальфовіч абяцаў паставіць пад ружжо і даць адпор?

Так, дзе адпор, генерал Вальфовіч? Дзеля чаго часткова мабілізаваныя адказныя асобы раённых адміністрацый на зборах пот пралівалі? Каб месяц прастаяць? Іх жа потым ні ў адну акупацыйную адміністрацыю не возьмуць на працу.

І так, мы ўсе чулі пра ядзерную бомбу. І пра тое, што ёсць сёе-тое, якое нават больш крутое, чым ядзерная бомба. Таму што ядзерная бомба тактычная, а гэта сёе-тое адразу нанясе ўсяму ворагу непрымальны ўрон. Але чым канкрэтна нанясе — ваенная таямніца. Я б паставіў на Гіпербалоід інжынера Гарына, які працуе ад вербальных інтэрвенцый.

Я, праўда, сумняваюся, што суседзяў атрымаецца ўразіць вербальным гіпербалоідам. У парадку трызнення і міжнароднай разрадкі можна было б паспрабаваць перастаць закідваць суседскія межы мігрантамі. І, скажам, здзейсніць учынак адчайнай адвагі — і выпусціць Пачобута.


Глядзіце таксама

Але замест гэтага Пачобут сядзіць у карцары. Таму што беларуская стабільнасць такая стабільная, што вызваленага Пачобута яна ўжо не перажыве. Узровень стабільнасці настолькі стабілізаваўся, што ёй ужо цяжка перажываць нават вершы Дуніна-Марцінкевіча. Таму прызналі экстрэмісцкім верш:

"Гэй скажэце, добрыя людзі,

Што ўжо на сьвеце будзе,

Ці то так судзіў Бог з намі

Гінуць век пад маскалямі?»

Вершы Дуніна-Марцінкевіча, вядома, перажывуць прызнанне іх экстрэмізмам. І тых, хто прызнаваў іх экстрэмізмам, таксама перажывуць. А вось наконт жыццяздольнасці стабільнасці ёсць сумневы.