Купала, Колас і іншыя — супраць Генпракуратуры і рэжыму
Пасля фантасмагарычнай навіны аб тым, што два вершы беларускага класіка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча былі прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі», на абарону творцы сталі іншыя слынныя сыны і дочкі роднай літаратуры. Мы склалі падборку «гарачых» паэтычных радкоў ад класікаў. Прачытайце і дашліце іншаму!
Янка Купала
Гэта крык, што жыве Беларусь (урывак)
Ці завылі ваўкі, ці заенчыў віхор,
Ці запеў салавей, ці загагала гусь, —
Я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор,
Сваю матку-зямлю — Беларусь.
Хоць гарыста яна, камяніста яна,
Вераб’ю па калена, што сею, расце,
Дый люблю ж я яе, шкода хаткі, гумна:
О, такіх няма, мусіць, нідзе!
Ды і што гаварыць! — дзе я толькі гляджу,
Бачу родненькі край, сваю матку-зямлю;
Тут і людзі... ат... што!.. аб іх после скажу...
Долі іх надта ж я не люблю!..
А вот як не любіць гэта поле, і бор,
І зялёны садок, і крыклівую гусь!..
А што часам тут страшна заенча віхор,—
Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь!
[1905-1907]
Уладзіслаў Сыракомля
Добрыя весьці (урывак)
А як урадзім вайну на грамадзе,
Бараніць дзеткі, і зямлю, і дом,
Мужык і шляхціц на каня усядзе
Касіць касою, рубаць тапаром!
Эй, згіне вораг, як Бог нам паможа
За нашу крыўду, за горкі наш жаль.
Запяём песню: «Хваліць цябе, Божа!»
Лягчэй будзе сэрцу, як згіне маскаль.
Зямля ты наша, зямля ты святая,
Радзі нам збожжа ды судзі пажаць, —
Не прыйдзе вораг з маскоўскага краю
На магазын наша зерне браць!
Ручыць рукою худоба ў хаце.
Паны мужыцкіх слёз не забяруць —
Мужык і шляхціц стаў за пане браце,
Рукі за рукі і грудзь за грудзь.
Пяром на карце, сахой на ніве
Адзін другому роўнасць засцярог.
Эй, у свабодзе зажывём шчасліве,
Мы будзем дзеткі, а наш бацька — Бог.
1848
Песьня беларускіх жаўнераў падчас паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі
«Помнім добра, што рабілі,
Як нас дзёрлі, як нас білі.
Докуль будзем так маўчаці?
Годзе нам сядзець у хаце!
Нашто землю нам забралі?
Пашто ў путы закавалі?
Дочкі, жонкі нам гвалцілі.
Трэ, каб мы ім заплацілі!
Коней нам пазаязджалі,
Што хацелі, то і бралі.
Пойдзем жыва да Касьцюшкі,
Рубаць будзем маскалюшкі!»
1794
Якуб Колас
Беларускаму люду
Змоўкні ты, сціхні, песня пакуты,
Заварушыся, наш край!
Люд беларускі! Рві свае путы!
Новую песню спявай!
Дружна, згодна станьма сцяною,
Доля не прыйдзе сама,
Воля не зойдзе к нам стараною,
Збоку дарог ёй няма.
Люд! Праканайся: толькі мы самі –
Долі сваёй кавалі!
Годзі жа, досыць панукаць намі,
Гнаць з нашай роднай зямлі!
Нам паганятых болей не трэба –
Будзем мы жыць без паноў.
Самі вы дбайце лепей пра неба! –
Скажам мы так да ксяндзоў.
Хіба забудзем мы тыя межы,
Што правадзілі без нас?
Раны глыбокі, ох, яшчэ свежы!
Помсты агонь не пагас.
Нас падзялялі — хто? Чужаніцы,
Цёмных дарог махляры.
К чорту іх межы! К дʼяблу граніцы!
Нашы тут гоні, бары!
Будзем мы самі гаспадарамі,
Будзем свой скарб ратаваць!
Годзі тэй крыўды! У ногу з братамі
Пойдзем наш край вызваляць.
Ох, і агорклі гэтыя кпіны...!
Злучым мы ў хор галасы:
Эх, вы разлогі роднай краіны,
Нашы палеткі, лясы!
Родны вы сэрцу нашаму, гмахі
Лесу, лугоў і палёў!
Досыць ўсчувалі нас паны-ляхі,
Ведаем ціск маскалёў...
Змоўкні жа, сціхні, песня пакуты!
Заварушыся, наш край!
Люд! Вызваляйся, рві свае путы,
Новыя песні спявай!
1921
Алесь Дудар
Кастусь Каліноўскі (урывак)
Беларусь — не царам маскоўскім.
Беларусь — не варшаўскім панам!
Зазвінелі ў лесе бярозкі,
дуб стары галаву падняў.
Забуяніла ў полі рэхам:
— За мужычую праўду — у бой!..
Не Ілля па хмарах праехаў,
не Пятро зазваніў булавой…
1925
Максім Танк
Раманс
Мы любім вас усіх,
і вашы ўсе заслугі
не сцёрліся з худых
плячэй з слядамі пугі.
3 пашанай хілім карк
да самых ботаў, нізка,
нічога, што рука
чагось шукае блізка.
Калі-ж у рызманох
вам нешта ўдасца выкрыць –
адвостраны нарог,
ці ў слове нашым іскры, —
не трэба дзіка выць
і псуць жалезам зубы:
не можа нешта быць,
калі мы вас так любім!
Святыя вы для нас,
вялікія над ўсімі, —
а некалі-ж мы вас
яшчэ вышэй падымем!
1937
Язэп Пушча
Смерць тырана
Нязвыклы дзень: тыран сканаў,
На твары чорная сляза;
Яе нікому не злізаць.
З касою смерць каля вакна.
Яна вартуе, каб не ўстаў
Тыран расправу учыняць.
Сляза на твары, а чыя?
Сказаць пра гэта жах і страх.
Народная сляза і кроў:
Бацькоў, і матак, і дзяцей.
Ён адбіраў жыццё ў людзей
І куляй цэліўся у скронь.
Вартуй жа, смерць, ўсю ноч і рань,
Каб больш не ўстала яго здань.
1953
Цётка
Вера беларуса
Веру, братцы: людзьмі станем,
Хутка скончым мы свой сон;
На свет божы шырэй глянем,
Век напіша вам закон.
Не чарнілам на паперу,
Дзесь ў архівы не здае, —
Ён збірае поту меру
I на ніву нашу лье.
Землю поіць, ява родзе
Сок ў зярнятах нам на хлеб.
Спажываем, а ў народзе
Штось як шэпча: «Ўставай, слеп!»
Веру, братцы, ў нашу сілу,
Веру ў волі нашай гарт:
Чую агонь ў нас — не брыну,
Бачу, братцы, мы не з карт,
Мы не з гіпсу, мы — з камення,
Мы — з жалеза, мы — са сталі,
Нас кавалі у пламенні,
Каб мацнейшымі мы сталі.
Цяпер, братцы, мы з граніту,
Душа наша з дынаміту,
Рука цвёрда, грудзь акута,
Пара, братцы, парваць пута!
1905
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
З гутаркі старога дзеда
(Адзін з тых самых вершаў, якія знаходзяцца па-за законам у захопленай Беларусі)
Эй скажэце, добры людзі,
Што ужо на сьвеце будзе,
Ці то так судзіў Бог з намі
Гінуць век пад маскалямі?
Як пачалі ваяваці,
Магазыны сталі браці:
У абоз вязьці ўсё збожжа,
А народ — хоць гінь, нябожа.
І аддаўшы ўсё із хаты,
Сталі браці у салдаты,
Кідай жонку, дзеткі ў дому,
Едзь ў калодцы да прыёму.
Там лоб голяць і муштруюць,
Б’юць, і ломяць, і катуюць,
Глодзяць, глумяць, як скаціну
На зарэз, бяз дай прычыну.
А як войска непатрэба,
Дык салдат шукай сам хлеба!
Шле дамоў, хаця ня знае,
Ці каторы дом свой мае.
Толькі кажуць: не хавайся,
Зараз на прыказ стаўляйся,
Нясьці боты, стрычцца, брыцца,
Хоць ня маеш чым пражыцца.
Людзі лепш даўней тут жылі,
І другіх дабра вучылі,
А чужы, чаго ня знае,
То й на ліха навучае.
Дзе жандар званкамі зьвягне,
То усіх ў вастрогі цягне,
Ці убогі, ці багаты —
Ад работы цягнуць з хаты.
Ўсе чыноўнікі збыткуюць,
Абдзіраюць і катуюць,
Глумяць, крыўдзяць, разьбіваюць,
Жаліцца не пазваляюць.
Але-ж, братке, ня тужэце,
Лепш у Бога папрасеце
Міласэрдзьдзя, каб Ён скора
Перамёніў наша гора!
Бо пара ўжо наступае,
Што свабода заглядае,
А як гэта тое будзе —
За вум бярыцеся, людзі.
Памятайце тую пору,
Як прыдзе да прыгавору,
Каб часамі ня змыліцца,
На век векаў ня згубіцца.
А гарэлку кіньце піці,
Каб розуму ня здурыці:
Як трэ слова вам сказаці,
— Долю добру выбіраці!
Бо хоць яны круцяць, муцяць,
Народ просты баламуцяць:
Што маскаль мае даць волю,
Палягчыці нашу долю.
Ой, ня верце таму, людзі,
Бо ніц з гэтага ня будзе —
Каб ён так хацеў зрабіці,
То даўно-б мусіла быці…
1863
Чытайце сваё, вывучайце сваё, завучвайце на памяць сваё!