Дубавец: Забарона Дуніна-Марцінкевіча — забарона ўсёй беларускай літаратуры
Мінская пракуратура прызнала два творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча экстрэмісцкімі матэрыяламі. Што гэта значыць, не тлумачыцца, піша Сяргей Дубавец на «Свабодзе».
У новапрынятых законах увогуле нідзе не раскрываецца панятак
экстрэмізму. Але практыка паказвае, што ўсё «экстрэмісцкае» — забароненае, і за
хоць якую сувязь зь ім учыняюцца рэпрэсіі.
Выглядае ўсё даволі абыкла за гэтыя тры гады. Навіна і прэцэдэнт у тым, што пад забарону трапілі творы клясыка беларускай літаратуры.
Трэба мець на ўвазе, што ўся беларуская літаратура ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя прасякнутая тэмай і духам вызваленьня Беларусі з-пад Расейскай імпэрыі і станаўленьня беларускай нацыі. У гэтым сэнсе ўвесь корпус тэкстаў выглядае як маналіт. І Дунін-Марцінкевіч тут ніяк ня большы экстрэміст за Багушэвіча ці Купалу з Коласам і Багдановічам. Гэта значыць, што пракурорскі прэцэдэнт нават «по умолчанию» забараняе ўсю беларускую літаратуру.
Дзе там ГУБАЗіК пры пагроме ў вашай кватэры будзе разьбірацца, Дунін-Марцінкевіч у вас на паліцы ці нехта іншы зь беларускіх клясыкаў. І калі раней пагромшчыкаў магло спыніць тое, што гэта аўтар са школьнай праграмы ці што яго імем названыя вуліцы і тэатры, ці што яму стаяць помнікі, дык цяпер ужо, калі кніга па-беларуску, ня спыніць нішто.
Між іншым, забароненыя творы толькі прыпісваюцца Дуніну-Марцінкевічу, за чым можна разгледзець падступную хітрасьць пракурораў (маўляў, рэальнага Дуніна мы не чапаем), а можна і пачатак масавай кампаніі чысткі беларускіх кнігарняў і бібліятэкаў ад усяго беларускага.
Калі ўлічыць узровень кампэтэнцыі цяперашніх праваахоўнікаў, а таксама нядаўні факт закупу кніг для бібліятэкаў Магілёва выключна ў расейскіх выдавецтвах, плюс да гэтага — разгром «Кнігаўкі» і ўсіх незалежных беларускіх выдавецтваў (у тым ліку «Кнігазбору», які выдаў згаданую кнігу Дуніна-Марцінкевіча), дык гэта менавіта кампанія разгрому беларушчыны.
Сьледам за сымболікай і атрыбутамі дэмакратыі і грамадзянскай супольнасьцю пад забарону такім чынам трапляе ўся жывая беларуская культура. А на зьмену ўсяму зьнішчанаму свайму прыходзіць усё расейскае.
То-бок яны зьнішчаюць усё, ад суб’ектнае волі народу да прыкметаў самабытнасьці беларусаў. Паспрабуйце сёньня выступіць за незалежнасьць Беларусі, калі вы не чалавек рэжыму. Зараз жа вас прызнаюць экстрэмістам. Як Дуніна-Марцінкевіча.
Навошта? Таму што незалежнасьць Беларусі — гэта зусім не сувэрэнная суб’ектнасьць нацыі і краіны, а ўсяго толькі інструмэнт утрыманьня пэрсанальнае ўлады Лукашэнкі. Гэта незалежнасьць крэсла, на якім ён сядзіць. Але ж ён ня вечны. Вось тут даводзіцца канстатаваць найвышэйшую ступень безадказнасьці гэтага кіраўніка і ягонага атачэньня. Бо незалежнасьць Беларусі як інструмэнт скончыцца разам зь ягоным кіраваньнем. А там хоць трава не расьці. Іншымі словамі, «там» — Расея, якая патроху атабарваецца ўжо і тут.
Рэжым навязвае беларусам сваё ўяўленьне пра абсурднасьць сьвету, непатрэбнасьць у Беларусі ўсяго беларускага, фікцыю справядлівасьці-юстыцыі, безальтэрнатыўнасьць для Беларусі «русского мира», варожасьць атачэньня з боку чатырох краін-суседак, якія прытулілі беларускую дэмакратыю і чамусьці зусім не варагуюць паміж сабою і з намі.
Між тым грамадзянская супольнасьць можа ўбачыць у
чарговай забароне пракуратуры карысную для сябе падказку. Рэжым забараніў
нацыянальныя сымбалі, адрокся ад беларускай мовы, пайшоў наступам на нашых
літаратурных клясыкаў. Беларусы высока ўзьнялі сьцягі, загаварылі па-беларуску
і пачалі пашыраць кнігі і тэксты. Пагатоў, само сабою цікава, што ж там такога
напісаў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч 150 гадоў таму.