Беларускі ПЭН: Пасля 2020 года ў Беларусі ўзмацнілася русіфікацыя
Русіфікацыя «не з’яўляецца новай для Беларусі пагрозай, мы можам гаварыць аб пэўным узмацненні і паскарэнні гэтага працэсу пасля падзей 2020 года», гаворыцца ў аналітычным аглядзе Беларускага ПЭНа, прысвечаным уплыву «рускага свету» на беларускую культуру, піша Позірк.

Ілюстрацыйная выява
Тэкст аналізу “базіруецца на аснове публічнай інфармацыі са СМІ (незалежныя і дзяржаўныя крыніцы), якая трапіла ў поле зроку маніторынгавай групы Беларускага ПЭНа ў працэсе фіксацыі парушэнняў у культурным сектары краіны ў 2022–2023 гадах”.
Арганізацыя адзначае, што “адзін з асноўных удараў інтэграцыі з Расіяй” прыпадае на культуру Беларусі. Краіны падпісваюць “шматлікія “дарожныя карты” супрацоўніцтва ў гэтай сферы: “паміж Мінскам і Мурманскам, Мінскам і Санкт-Пецярбургам, Магілёўскай вобласцю і Бранскай вобласцю, Беларуссю і Растоўскай, Новасібірскай абласцямі, Татарстанам і г. д”.
“Адпаведна, расце колькасць пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж музеямі, тэатрамі, Дамамі творчасці і іншымі ўстановамі культуры і адукацыі. Праводзяцца Дні Саюзнай дзяржавы, Дні культуры Расіі ў Беларусі, Татарстана ў Беларусі, Пскоўскай вобласці ў Віцебску, Санкт-Пецярбурга ў Мінску і да т. п. мерапрыемствы”, — адзначаецца ў дакуменце.
У выніку гэтага, падкрэслілі аўтары, “сфера культуры Беларусі, працягваючы перажываць вялізныя прафесійныя страты ў сувязі са звальненнямі і далейшай забаронай на прафесію нелаяльным рэжыму спецыялістам, усё больш запаўняецца расійскімі кадрамі — расце колькасць запрошаных з РФ рэжысёраў, артыстаў, акцёраў, дырыжораў; прыязджаюць з гастролямі шматлікія расійскія выканаўцы; арганізуюцца тэатральныя і кінапастаноўкі, мастацкія выставы; усё больш расійскіх кніг з’яўляецца ў крамах і бібліятэчных фондах краіны. Замяшчэнне нацыянальна арыентаванага прадукта культуры расійскім — адна з асноўных негатыўных тэндэнцый, якія ўзніклі ў сферы культуры Беларусі”.
Паводле інфармацыі Беларускага ПЭНа, “адзін з актараў па прасоўванні рускай культуры ў Беларусі — Рассупрацоўніцтва”, сярод напрамкаў працы якога “прасоўванне рускай мовы і расійскай адукацыі за мяжой”. Беларусь у леташняй справаздачы арганізацыі згадваецца дзевяць разоў. Павестку Рассупрацоўніцтва прасоўваюць у Беларусі “Рускія дамы” ў Брэсце, Гомелі, Мінску, Віцебску, у 2024 годзе плануецца адкрыццё прадстаўніцтва ў Гродне.
Глядзіце таксама

Маніторынгавая група Беларускага ПЭНа звяртае ўвагу, што “апошнія некалькі гадоў прыцягненне для пастановак у беларускія тэатры рэжысёраў, мастакоў, музыкантаў, акцёраў і іншых спецыялістаў з Расіі — не адзінкавая гісторыя”. Пры гэтым “асобнай увагі заслугоўвае тэма шматлікіх гастроляў расійскіх тэатраў на беларускіх пляцоўках — гэта адназначны трэнд тэатральнага жыцця сталіцы і рэгіёнаў”.
Акрамя гастроляў, тэатральныя спецыялісты з РФ “прыязджаюць у Беларусь для правядзення майстар-класаў, семінараў і творчых сустрэч, удзельнічаюць у тэатральных лабараторыях, форумах і фестывалях, выступаюць у якасці экспертаў на конкурсах”, ёсць прыклады “прамога фінансавання, а значыць, магчымасці ўплываць на дзейнасць тэатра”.
Адзначаецца рост “колькасці сумесных музейных праектаў, абменаў часовымі экспазіцыямі, удзелу ў майстар-класах, семінарах, канферэнцыях і іншых відаў расійскай прысутнасці, у прыватнасці, у выяўленчай і музейнай сферах культуры Беларусі”. Акрамя таго, расейскія музыкі ўсё часцей прыязджаюць у Беларусь, дзе пасля 2020 года “незалежная сцэна знаходзіцца пад прэсам палітычнага пераследу і заканадаўчага ціску”.
Глядзіце таксама

“Музычныя пляцоўкі Беларусі сёння сталі сцэнай пераважна для канцэртаў ідэалагічна вывераных расійскіх музыкантаў — прыхільнікаў вайсковай агрэсіі і аўтараў патрыятычных песень. Дзяржаўнымі арганізатарамі, якія бесперашкодна прывозяцца ў краіну, праўладныя расійскія артысты выступаюць хэдлайнерамі на Днях гарадоў”, — адзначыла маніторынгавая група.
У арганізацыі падкрэслілі, што звязаныя з русіфікацыяй змены ў культурнай сферы Беларусі “ўздымаюць пытанні аб культурнай і палітычнай самабытнасці”.
Глядзіце таксама

“Фарміраванне адзінай культурнай прасторы дзвюх краін, рэалізацыя якой ідзе асабліва заўзята ў апошнія пару гадоў, — рэальная пагроза беларускаму суверэнітэту і ідэнтычнасці. А як паказвае гісторыя, пагрозу, якая паходзіць ад Расіі, лепш перабольшыць, чым недаацаніць”, — рэзюмуецца ў справаздачы.