«Добра сябе адчуваюць толькі прыдворныя блазны». Хто захапіў эстраду ў Беларусі?

Каму і што можна спяваць у Беларусі? Цяпер «білет» на беларускую сцэну — гэта лаяльнасць, данос, сувязі або расійскі пашпарт. 

Сёстры Груздзевы

Сёстры Груздзевы

Беларускія артысткі сёстры Груздзевы спявалі 30 гадоў, а слава прыйшла пасля іх прамовы перад дзецьмі, вывезенымі ў Беларусь з акупаваных тэрыторый Украіны. Відэа, у якім сёстры жадаюць Зяленскаму і Байдэну «здохнуць», а Пуціну — «квітнець», стала вірусным. І з'явілася пытанне: пазіцыя Груздзевых —люстэрка беларускай эстрады?

Пасля пратэстаў 2020 года многія артысты аказаліся за мяжой, іншыя — за кратамі, як удзельнікі «Еўрабачання» ад Беларусі гурт «Лайтсаўнд». З тых часоў ідэалагічныя ціскі толькі сціскаюцца.

Сёстры Груздзевы ў топе зорак ніколі не былі, а цяпер не сыходзяць з тэлеэкранаў. Затое музыкаў, якія выказалі мінімальную нелаяльнасць, могуць звольніць нават з кавер-бэнда.

Каму і што можна цяпер спяваць у Беларусі на ТБ і радыё, выступаць з канцэртамі? «DW» паразмаўляла з экспертамі, якія з'ехалі, і з тымі, што знаходзяцца ў краіне.

Глядзіце таксама

«Рэжым ультрацэнзуры і лаяльная самадзейнасць»

Пасля 2020 года «чорныя спісы» з'явіліся і ў сферы культуры, кісларод артыстам перакрываюць на любых пляцоўках. Перад канцэртамі ідэолагам перадаюць усю інфармацыю, уключаючы тэксты песень, правяраюць сацсеткі.

«Рэжым ультрацэнзуры, — характарызуе сітуацыю музычны журналіст Аляксандр Чарнуха, аўтар Youtube-канала «Міністэрства культуры». — Пасля 2020 года ў краіне засталася толькі дазволеная прыдворная «кармушкавая» эстрада. Гэта адмоўная селекцыя».

Да 2020 года беларуская поп-музыка цяжка-бедна развівалася, хоць у ёй заўсёды было больш шоу, чым бізнесу. Найлепшыя выканаўцы 10-гадовай даўніны — Ларыса Грыбалёва, Аляксей Хлястоў, гурты «Топлес» і поп-рокавы «J:Mors», Іна Афанасьева, Венера, Іскуі Абалян... Нікога цяпер няма на эстрадзе, а некаторых — і ў краіне.

«І калі зніклі папулярныя артысты, засталіся такія фрыкі, як Груздзевы. Яны спадзяваліся, што цяпер да іх пойдуць людзі, будуць канцэрты! А людзі не пайшлі», — кажа прамоўтар Ганна з Беларусі (імя зменена. — Рэд.), якая ў беларускім музычным бізнесе ўжо шмат гадоў.

З ёй згодны іншы эксперт: «Гэтая лаяльная самадзейнасць сядзела ў засадзе, зайздросна пазірала на «вялікіх» і цяпер лічыць, што нарэшце іх час прыйшоў, заслужылі», — лічыць беларускі прадзюсар Максім (імя зменена. — Рэд.).

Але, на яго думку, новыя «зоркі» не цягнуць нават на званне фрыкаў. «Хоць Груздзевы, дарэчы, бліжэйшыя за ўсіх — яны самі ад сябе ўпадаюць у экстаз і іх нясе. Я даўно іх ведаю, яны захапляюцца сумессю эзатэрыкі, варажбы, містыкі... Каша ў галаве, самалюбства і жаданне быць зоркамі. І вось — прастора вызвалілася!» — кажа Максім.

Глядзіце таксама

«Творчая імпатэнцыя: сам зрабіць не можаш, іншым не дазволіш»

Ганна ўдакладняе: не вызвалілася — а вызвалілі: «Праблема не толькі ў ідэолагах, але і гэтых «недаартыстах». Яны пішуць даносы, займаюцца стукацтвам. Такая творчая імпатэнцыя: сам не магу і не дам нічога рабіць таму, хто можа. Яны думаюць, калі вычысціць рынак, людзі на іх пойдуць».

У шчырасць пралукашэнкаўскіх поглядаў тых, хто заняў беларускую сцэну, эксперты не асабліва вераць. «Уся гэтая кампанія — група «Aura», Алёна Ланская, сёстры Груздзевы, Дарафеева, Аляхно, Алешка... Гэта не пра перакананні, а пра імкненне да выгады, нерэалізаваныя амбіцыі і зайздрасць. Адсюль і іх любоў да Расіі. Пуцін абсыпае баблом тых, хто «за», і яны хочуць аб'яднання краін, каб таксама азалаціцца. Ёсць і выключэнні: рэпер Сярога — шчыры сталініст», — кажа Ганна.

Ахоўнікі ідэалагічнай чысціні ўмешваюцца літаральна ўсюды. «Цяпер — горшыя часы з усіх, — кажа прамоўтар. — Раней можна было ў цень сысці, працаваць па клубах. Зараз пад прыцэлам нават кавер-бэнды ў рэстаранах! Рэальныя гісторыі, калі ўмоўныя «груздзевы» заходзяць на вячэру, бачаць кавер-бэнд і — ах, гэты артыст або музыка нешта пра пратэсты пісаў! Назаўтра з выканкама тэлефануюць у рэстаран: “Такі-та не павінен у вас працаваць”. Я ведаю выдатных музыкаў, якія цяпер працуюць у таксі і на будоўлі. Нават на карпаратывы патрэбны апавяшчэнні, дазволы. Некаторыя кампаніі з-за гэтага пачалі рабіць карпаратывы за мяжой».

Глядзіце таксама

«Ты прасты, А я прасцейшы»: Ганна Сялук і яе лірыка

Для перамогі ў конкурсах, уключаючы «Песню года», патрэбна ўмова — каб тэкст напісала Ганна Сялук, жартуюць у музычных колах. Пад гэтым імем хаваецца нявестка Лукашэнкі, жонка сярэдняга сына Дзмітрыя, як паказала расследаванне Беларускага даследчага цэнтра. Хоць, здаецца, аўтарка і сама хоча быць раскрытай: псеўданім-скарачэнне ад «Ганна Сяргееўна Лукашэнка», а ў інтэрв'ю праўладным СМІ яна назвала імя свайго дзеда.

У выніку на «Песні года-2022» лепшай песняй стала патрыятычнае тварэнне «За намі праўда» на вершы Ганны Сялук. На думку журы, краіна ведае і любіць песню са словамі  «За намі праўда, за намі род. І Бог над намі і ў нашых душах. А мы, славяне, адзін народ. І няма зямлі на зямлі ўсёй лепшай». Сялук стала яшчэ і «лепшым аўтарам слоў» за 2022 год.

«Для сумнай жанчыны — забаўка, для артыстаў — магчымасць падабрацца да кармушкі, — іранізуе Аляксандр Чарнуха. — Гэта не для масавай аўдыторыі, гэта для сваіх: “Аня-та малайчына якая, песню напісала!”».

Яшчэ адзін хіт Ганны Сялук — песня «Бульба-дэнс», у музыцы якой цалкам адгадваецца хіт Лэдзі Гагі. Зрэшты, галоўнае — тэкст: «Ты просты, я прасцейшы, Але жывём а'кей».

Глядзіце таксама

«Выступае Шаман, і зала беларусаў спявае «Я рускі»

Але людзям патрэбны забавы, і на змену сваім артыстам прыходзяць расійскія. «Праўладныя беларускія музыкі — такой якасці, што ніхто ў сваім розуме іх слухаць не будзе. У выніку беларусы ведаюць расійскую эстраду лепш за сваю. Але і Расія цяпер — тэрыторыя «паслухмянай музыкі», — кажа Чарнуха.

Нават калі беларусы не гатовы ісці на Z-патрыётаў накшталт Газманава і «Любэ», знаходзіцца альтэрнатыва. Прыклад, які складана сабе ўявіць да 2020 года: нейкая Anna Asti з Расіі, якую называюць клонам забароненай Лабады, тры дні (!) збірала Палац спорту ў Мінску.

Сярод дазволеных беларускіх артыстаў рэдка хто ў стане сабраць залу. Па іроніі лёсу, выключэннем эксперты называюць Аляксандра Саладуху, якога калісьці лічылі галоўным фрыкам беларускай эстрады. Цяпер, на фоне астатніх, ён сур'ёзны артыст. «Саладуха існуе ў сусвеце пад назвай «Саладуха» пры любой уладзе. Тым і выдатны. Ён наогул змену ўлады заўважыць толькі па змене партрэта і прозвішча», — кажа прадзюсар Максім.

Па словах прамоўтара Ганны, цяпер праходзіць усяго 5-10% ад той колькасці канцэртаў, што было некалькі гадоў таму. «Беларускіх канцэртаў амаль нуль. Заходніх няма наогул. Расійцаў менш, затое едзе махрысты «рускі мір». Мы аддаём рынак, а гэта пытанне нацыянальнай бяспекі. Заўтра Пуцін скажа пра Беларусь у складзе РФ, і ўся расійская папса, якую тут раскруцілі, будзе гэта прасоўваць. Выступаў Шаман — і зала беларусаў спявала «я рускі». Вось да чаго мы прыйшлі. Калі б мы выбудавалі беларускамоўную музыку, было б па-іншаму. Але нашы топ-зоркі спявалі па-руску, і цяпер замяніць іх расійцамі прасцей», — дзеліцца думкамі Ганна.

Глядзіце таксама

Што далей?

Артысты працягваюць сыходзіць з публічнага поля, не прыцягваюць да сябе ўвагі. Калі ёсць магчымасць — зарабляюць іншым спосабам.

«Будзе рэжым татальнага гвалту і знішчэння. Стартавых пляцовак амаль няма, магчымасцей зарабляць амаль няма, а рызыкі сур'ёзныя. Мы атрымаем выпаленую зямлю. Добра сябе адчуваюць толькі прыдворныя блазны», — кажа Аляксандр Чарнуха.

«Хутка патрэбная будзе не толькі лаяльнасць, але і правільны рэпертуар. Цяпер яшчэ нейкая «філасофія» праскоквае, якой ідэолагі не разумеюць. А будзе, як у Паўночнай Карэі. Я глядзеў канцэрты адтуль. Сцэна, гітары, граюць добра, спяваюць нармальна... А тэксты — як трэба, пра вялікага стырніка», — прагназуе прадзюсар Максім.