Ілля Міронаў: Беларускіх рок-канцэртаў у бліжэйшы час не будзе
Вядомы валанцёр да напісання рэкорднай колькасці лістоў палітвязням быў арганізатарам канцэртаў і фанатам рок-музыкі. Цяпер ён распавёў «Штодню» пра ціск на альтэрнатыўную музычную сцэну Гомеля і вобласці і пра тое, што будзе далей.
Па прадстаўніках рок-музыкі Беларусі пракацілася некалькі хваль рэпрэсій у апошнія гады. Ціск на музыкаў, які ўзрос пасля падзей лета 2020 года, працягваецца дагэтуль. Літаральна некалькі дзён таму з ІЧУ павінен быў выйсці вядомы музыкант, вакаліст гурта «Бан-Жвірба» Дзмітрый Гаўрылін, але адбылося судовае пасяджэнне, і яго пакаралі наступнымі 15 суткамі адміністрацыйнага арышту. Аднак эпізод з музыкамі гурта «Бан-Жвірба» — гэта не адзіны прыклад пераследу.
У лютым 2021 года да 3 гадоў пазбаўлення волі быў асуджаны гітарыст Аляксей Губіч. Хлопца асудзілі паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса РБ («Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»).
Згодна з версіяй абвінавачання, Аляксей нібыта «штурхнуў» інспектара міліцыі Шапавалава падчас акцыі 20 верасня ў Гомелі. Калі на закрытым судовым пасяджэнні праглядалі відэа з момантам падзення міліцыянта, высветлілася, што Аляксея не было побач. Тады маладзёна абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да ананімнага супрацоўніка АМАПа, якому музыка нанёс «як мінімум» адзін удар. Нягледзячы на абсурднасць абвінавачання Аляксей Губіч быў прызнаны вінаватым.
У красавіку 2021 года пачалося следства ў дачыненні да вядомага гомельскага музыкі, лідара гурта «GODS TOWER» Уладзіслава Наважылава (Lesley Knife). Яго абвінавацілі быццам бы ў абразе прадстаўніка ўлады (тагачаснага старшыні аблвыканкама Генадзя Салаўя). У ліпені 2021-га суд вынес вырак — 3 гады «хіміі». Пасля гэтага Уладзіслаў быў вымушаны выехаць у бяспечную краіну.
У кастрычніку 2022 года былі затрыманы музыкі з рагачоўскай групы «Tor Band», якія правялі ў сукупнасці больш за 60 сутак у ІЧУ Жлобіна. Іх песні прыраўнялі да экстрэмісцкіх матэрыялаў (за кожную з іх выносілі асобна 15 сутак). Пасля гэтага ў дачыненні да музыкаў пачалі крымінальную справу за «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання». Цяпер яны знаходзяцца ў СІЗА Гомеля. На мінулым тыдні да музыкаў упершыню патрапіў адвакат.
Таксама ў апошнія часы па «тэхнічных прычынах» сталі адмяняць канцэрты некаторых гомельскіх груп. Спачатку не адбыўся канцэрт групы «Бан-Жвірба», пазней адмяніўся выступ фолк-гурта «Ягорава гара».
Акрамя гэтага, пачатак года мы сустрэлі з новым заканадаўствам, якое датычыць арганізацыі канцэртаў. Згодна новаму заканадаўству, арганізатары павінны ўзгадняць усё (рэпертуар, удзельнікаў груп, праграму і гэтак далей) з упраўленнем ідэалогіі пры аблвыканкаме. Па маім меркаванні, гэта прывядзе да таго, што беларускіх рок-канцэртаў у бліжэйшы час не будзе. Нягледзячы на ўсё гэта спадзяюся і веру ў лепшае. Калі забараняюць творчасць музыкаў, яны становяцца больш папулярнымі, асабліва ў наш інфармацыйны век.
Асабіста я не змагу больш займацца правядзеннем канцэртаў, паколькі, пасля атрымання статусу «экстрэміст», не маю права займацца арганізацыяй культурна-масавых мерапрыемстваў цягам пяці гадоў.