Хронікі рэпрэсій: 15 лютага

Дайджэст асноўных навін знутры краіны.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Стала вядома дата пачатку судовага працэсу над Раманам Пратасевічам. Былога рэдактара ТГ-канала «Nexta» пачнуць судзіць 16 лютага — разам са Сцяпанам Пуцілам і Янам Рудзікам, якіх будуць «судзіць» завочна. Пратасевічу прад'яўлена 9 абвінавачанняў, сярод якіх — «арганізацыя масавых беспарадкаў», «заклікі да санкцый», «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання», «паклёп і абраза Лукашэнкі». 

Сілавікі прыйшлі ў рэдакцыю «Intex-Press» у Баранавічах. Паводле інфармацыі выдання, яны канфіскавалі тэхніку. Як паведамляюць СМІ, прэтэнзіі улад могуць быць звязаны з вулічным апытаннем, вынікі якога «Intex-press» апублікаваў у суботу. Там жыхары Баранавічаў адкрыта адказвалі на пытанне, як вярнуць на радзіму беларусаў, якія з розных прычын з'ехалі за мяжу.  

Масавыя ператрусы і затрыманні прайшлі ў Светлагорску — вядома пра чатырох мужчын і трох жанчын, паведамляюць праваабаронцы. Адзін з затрыманых — Анатоль Змітровіч, у мінулым экаактывіст і ўдзельнік прадпрымальніцкага руху. Таксама затрымана Таццяна Жураўская  кіраўніца рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Людзі Плюс», якое працуе з людзьмі з ВІЧ.

Стала вядома, што на мінулым тыдні на працоўным месцы быў затрыманы пластычны хірург Аляксей Дужы. Ён утрымліваецца на Акрэсціна, адваката да яго не пускаюць.

Выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін, Дзмітрый Кулакоўскі — былы начальнік крымінальнага вышуку ў Заводскім РУУСе Мінска, які ў знак пратэсту звольніўся з органаў пасля выбараў, а пазней быў асуджаны.

За публічныя заклікі да санкцый праект «Маланка Медыя» сілавікі прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем.

Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у краіне налічваецца 1433 палітвязні. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітычнымі зняволенымі 1713 чалавек. Сярод іх — 191 жанчына і 7 непаўнагадовых.