Саша Філіпенка: Беларусь не знікла, і тысячы людзей у турмах
Пісьменнік Саша Філіпенка выказаўся пра сваё бачанне таго, калі і як скончыцца вайна Расіі ва Украіне, а таксама пра тое, наколькі важная цяпер Беларусь для Еўропы.
— Вайна ідзе ўжо цэлы год. Я не ведаю, у якім фактычным стане мы цяпер знаходзімся: у поўнай акупацыі або ў квазі? Калі мы знаходзімся ў акупацыі, ці павінны беларусы брацца за зброю і змагацца за незалежнасць сваёй краіны? — задаецца пытаннем пісьменнік у эфіры «Обычного утра». — Беларусаў абвінавачваюць, што пратэсты 2020 года былі мірнымі, але я цвёрда перакананы, што гэта быў адзіны спосаб барацьбы, паколькі з гісторыі мы ведаем, што мірныя пратэсты часцей прыводзяць да нейкага глабальнага стратэгічнага поспеху.
Да таго ж, у беларусаў проста няма зброі. Беларусь — голая краіна ў параўнанні з той жа Літвой або Швейцарыяй, дзе ў кожнага мужчыны ёсць аўтамат пад канапай пасля таго, як ён адслужыў у войску. У гэтым сэнсе наіўна меркаваць, што ў Беларусі мог здарыцца нейкі іншы пратэст, чым той, які быў.
— Я не бачу перадумоў, што вайна Расіі з Украінай скончыцца хутка, — дадае пісьменнік. У Еўропе ёсць адчуванне: «Мы не можам даць Пуціну перамагчы, таму што гэта будзе катастрофа для ўсёй Еўропы, і мы не можам даць Пуціну прайграць, таму што гэта будзе катастрофа для ўсёй Еўропы».
— У гэтым сэнсе я назіраю зацяжную вайну, вайну на знясіленне. Погляды ў Еўропе адрозніваюцца: у Літве ці Польшчы можна пачуць дыханне вайны — там адзін погляд, у Швейцарыі, Германіі, Францыі, Іспаніі — прынцыпова іншы.
Еўрапейцы, у пэўным сэнсе, супакоіліся і бачаць, што канфлікт перайшоў у «мясцовы», няма перадумоў лічыць, што Пуцін пойдзе кудысьці далей, таму што ён затрымаўся ва Украіне. І як бы жудасна гэта ні гучала, многіх людзей у Еўропе гэта цяпер задавальняе, таму што яны вельмі хочуць, каб гэты канфлікт максімальна аддаліўся ад Еўропы — яны гатовыя дапамагаць, але абмяркоўваюць, як гэта зрабіць, не раззлаваўшы Пуціна.
На жаль, я не схільны лічыць, што ў бліжэйшы месяц мы ўбачым заканчэнне вайны. Я таксама не бачу аніякага іншага рашэння, акрамя поўнай перамогі Украіны, інакш гэта будзе сітуацыя, у якой мы проста не заўважылі вайну, што працягвалася цэлы год, генацыд народа і сказалі: «Скончылася — добра. Давайце жыць далей».
Гэта проста немагчыма. Я цвёрда перакананы, што ў Крамлі павінен быць музей Украіны, а ў гасцініцы «Украіна» ў Маскве павінен быць музей Бучы. І пакуль гэтага не здарыцца, нельга гаварыць, што мы гэтую старонку перагарнулі.
Філіпенка дзеліцца, што цяпер часта сустракаецца з палітыкамі, абмяркоўвае тое, што адбываецца, і піша пра гэта. Ён таксама лічыць важным рабіць данаты УСУ і дапамагаць людзям, якія збіраюць грошы на генератары, цёплае жыллё.
— Калі мы бачым, што людзі ў Беларусі і Расіі не могуць выходзіць на пратэсты, мы павінны заклікаць іх авалодваць мастацтвам сабатажу. Людзі, якія жылі ў Савецкім Саюзе, выдатна ведалі, што такое ўнутраны сабатаж і італьянскі страйк.
Аднак мы абмяркоўваем рэчы, пра якія Дантэ пісаў 700 гадоў таму: самыя гарачыя месцы ў пекле належаць не тым, што займалі тую ці іншую пазіцыю, а тым, якія не займалі аніякую.
Семсот гадоў прайшло, а людзі па-ранейшаму займаюць пазіцыю нейтралітэту, не заўважаюць вайны і нічога не хочуць рабіць. У гэтым сэнсе наўрад ці варта спадзявацца, што мы зараз зможам змяніць грамадства.
Але мы можам гаварыць пра гэта, спрабаваць дагрукацца, заклікаць да таго, каб яны хаця б не станавіліся саўдзельнікамі. Мы бачым, што расійскае грамадства ў масе сваёй інфантыльнае і не праяўляе той мужнасці, якую праяўляе ўкраінскае грамадства.
Пісьменнік таксама падкрэслівае, што Беларусь і беларусы абсалютна зніклі з еўрапейскага парадку дня, што нясе свайго роду пагрозу:
— Я думаю, нам трэба рыхтавацца, што пры іншых роўных нас могуць здаць з трыбухамі як трафей Пуціну ў выпадку, калі будзе паражэнне Расіі, а Пуціну трэба будзе хоць нешта перад выбарамі. Уласна, цяпер я стаўлю сабе задачу расказваць, што Беларусь не знікла і тысячы людзей там знаходзяцца ў турмах.
Паводле «Салідарнасці»