Дзмітрый Лаеўскі: Судовая сістэма дзейнічае паводле прэзумпцыі віны
Адвакат Дзмітрый Лаеўскі, былы абаронца Віктара Бабарыкі і Максіма Знака, у сваім ТГ-канале адрэагаваў на выказванні старшыні Вярхоўнага Суда адносна ініцыятывы ўлад па вяртанні тых, хто з'ехаў.
— Выказванне пра ўстаноўкі, паводле якіх дзейнічае судовая сістэма. З ім выступіў старшыня Вярхоўнага Суда, абмяркоўваючы камісію для жадаючых вярнуцца ў Беларусь.
«Я не хаваю, што цяпер крыху ўзрасло паступленне крымінальных спраў экстрэмісцкай скіраванасці. <...> Калі нейкая частка з іх не будзе даходзіць да суда, а будзе спыняцца на дасудовай стадыі, думаю, гэта можна толькі вітаць. Вядома, калі гэтыя людзі раскаяліся ў зробленым, пакрылі шкоду, папрасілі прабачэння», — пракаментаваў Валянцін Сукала.
Пры гэтым такіх опцый, як спыненне справы за адсутнасцю складу злачынства або за недаказанасцю абвінавачання кіраўнік судоў не называе.
Іншымі словамі, раз справа ёсць, то гэтага дастаткова — значыць, было і злачынства, і віна, і доказы. І якая розніца, ці ёсць там аргументы для апраўдання і якія яны.
Называецца гэта — прэзумпцыя віны.
І гэта ў корані разыходзіцца з тым галоўным прынцыпам, паводле якога павінен дзейнічаць увесь дзяржапарат і ў прыватнасці суд — прэзумпцыі невінаватасці, калі чалавек лічыцца невінаватым, пакуль з захаваннем усіх правілаў не даказана адваротнае.
А калі выснова пра вінаватасць чалавека прадвызначана яшчэ да суда, то сам разгляд справы выконвае дэкаратыўную функцыю. Суд выпісвае пакаранне. Якая тут судовая абарона? Хоць па «экстрэмісцкіх», а хоць і па любых іншых справах — усё працуе аднолькава.
Я не да таго, што са сказанага кіраўніком беларускіх судоў можна атрымаць нейкія новыя веды. А да таго, што сказанае ім вымаўлена як ужо звыклае, як частка іх разумення нармальнасці.
Так што паводле іншых прынцыпаў гэтая сістэма ў цяперашнім яе персанальным складзе дзейнічаць ужо не зможа і не стане, ілюзіі на гэты конт памылковыя. Рэформа патрэбна маштабная.
Нагадаем, на дадзены момант за кратамі знаходзяцца як мінімум 6 адвакатаў. З 2020 года не менш за 70 адвакатаў былі пазбаўлены ліцэнзій, Telegram-чат «Беларускiя Адвакаты» прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем». Тыя адвакаты, якія яшчэ застаюцца ў судовай сістэме Беларусі, адмаўляюцца працаваць з палітвязнямі або падвяргаюцца ціску за сваю працу. За мінулы год у краіне адбылося каля 6 тысяч затрыманняў па палітычных матывах. Прыкладна палова з іх — крымінальныя.