Рэпетыцыя 2020-га? Гадавіна «дармаедскага пратэсту» ў Беларусі

Беларусы прачынаюцца, калі адчуваюць вялікую несправядлівасць, і калі ўлада нахабна ігнаруе сігналы, якія ёй пасылае грамадства. У гэтым сэнсе «дармаедскія пратэсты» 2017 года можна лічыць прэлюдыяй 2020-га. 17 лютага 2017 года ў Мінску прайшоў першы «Марш недармаедаў», які прывёў да месяца пратэстаў ва ўсёй краіне.

Фота Уладзь Рубанаў 

Фота Уладзь Рубанаў 


Нельга сказаць, што «падатак на дармаедаў», які быў прыдуманы ў калідорах улады, быў для беларусаў нечаканым. Пра тое, што ўлады збіраюцца ўвесці «падатак на беспрацоўных», тагачасны прэм'ер Беларусі Міхаіл Мясніковіч казаў яшчэ ў 2013 годзе. Гэтая ідэя блукала і перыядычна ўзнікала пастаянна — гэтак жа пастаянна, як уладзе не хапала грошай. У 2015 годзе Лукашэнка выдаў дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».

Праўда, на той момант ніхто не ведаў, як яго рэалізаваць. Улады думалі над гэтым доўга. 6 снежня 2016 года на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы віцэ-прэм'ер Наталля Качанава далажыла, што Саветам міністраў ва ўзаемадзеянні з Адміністрацыяй прэзідэнта быў праведзены маніторынг рэалізацыі дэкрэта, які паказаў, што ён «з'яўляецца актуальным, аб'ектыўным і неабходным, аказвае станоўчае ўздзеянне на сферу працы і занятасці, уцягванне ў легальную эканамічную дзейнасць незанятага насельніцтва». Аднак самі «дармаеды» яго прысутнасць практычна не адчувалі.

Менавіта рэалізацыя дэкрэту заўсёды была асноўнай праблемай улады. Сама ідэя, каб беспрацоўныя плацілі нейкі падатак, выглядала дурніцай. Да таго ж улады доўгі час не ведалі, каго аднесці да тых самых «сацыяльных утрыманцаў». Ці з'яўляюцца такімі самазанятыя? Як быць з творчымі работнікамі? Ці з’яўляюцца «дармаедамі» рамеснікі? Ці будуць плаціць падатак тыя, хто зарэгістраваны на біржы працы? Да дакумента ўзнікала шмат розных пытанняў, на якія адказу ва ўлады не было.

І тым не менш, Лукашэнка заявіў, што дэкрэт аб «дармаедстве» дапрацуюць, але адмяняць яго не будуць.

Было ўражанне, што ўлада выкарыстоўвае рыторыку вакол «дэкрэта аб дармаедстве» з тым, каб бязбольна «зварыць жабку». У старой байцы, калі жабку апускалі ў кіпень — яна выскоквала. А вось калі яе апусціць у халодную ваду і паступова дадаваць тэмпературу — яна і не заўважыць, як вада ператвараецца ў кіпень. Падобна на тое, што доўгімі размовамі пра дэкрэт — амаль чатыры гады — улады спрабавалі прывучыць беларускае грамадства да яго існавання.

Што змянілася напачатку 2017-га?

12 студзеня 2017 года Лукашэнка падпісаў дэкрэт №1, які ўнёс змены ў дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Быў удакладнены спіс тых, хто вызвалены ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. Але самае галоўнае — падатковыя органы вызначыліся з тымі, каго лічыць «дармаедамі», і пачалі рассылаць «дармаедам» патрабаванні аб аплаце падатку ў памеры 20 базавых велічынь.


Але зроблена гэта было, як заўсёды, крыва і нягегла. Па-першае, падатковыя органы накіравалі каля 470 тысяч паведамленняў на выплату збору за «дармаедства». Тое, што ў краіне з чатырохмільённым эканамічна актыўным насельніцтвам не працуе прыкладна 500 тысяч чалавек — лічба неверагодная. Мабыць, улады разлічвалі, што памяркоўныя беларусы моўчкі гэта праглынуць і ўсё заплацяць.

Па-другое, адразу ж высветлілася, што паведамленні прыходзілі людзям проста «ад балды». Хтосьці атрымаў паведамленне на сваіх памерлых бацькоў, некаторыя — на маладых людзей, якія ў гэты час служылі ў войску. Паведамленні атрымлівалі людзі, якія працавалі за межамі краіны. І чым больш выкрывалася такіх абсурдных фактаў, тым больш у народзе расло абурэнне.

Зварыць жабку, паступова павышаючы тэмпературу, не атрымалася. 20 лютага 2017 года заканчваўся крайні тэрмін выплаты збору. Да гэтага і быў прымеркаваны «Марш недармаедаў» у Мінску 17 лютага, увечары ў пятніцу.

Апазіцыя састарэла ўжо тады?

У 2020-м з’явіўся ўмоўны падзел на «старую апазіцыю» і «неверагодных» — тых, хто выявіў сваю палітычную актыўнасць толькі ў тым самым пераломным годзе. Аднак перадумовамі гэтага падзелу можна таксама лічыць 2017-ты.

Да ўдзелу ў «Маршы недармаедаў» заклікалі асобныя палітыкі — найперш Уладзімір Някляеў, які ў той час ужо адышоў ад кампаніі «Гавары праўду», Мікалай Статкевіч і Павел Севярынец.


«З тым, што Дэкрэт №3, паводле якога падаткі спаганяюцца з беспрацоўных, прыдумка ідыёцкая, згодныя ўсе нармальныя людзі нават ва ўладзе. Але каб адмяніць дэкрэт, трэба прызнаць, што ён ідыёцкі. А гэта значыць прызнаць, што яго не толькі прыдумаў, але й падпісаў нейкі ідыёт. І вось тут для ўлады праблема. І менавіта таму чыноўнікі паўтараюць услед за іх начальнікам: «Давайце з гэтым дэкрэтам яшчэ пажывём»… Калі мы пагодзімся жыць з ім, пад ім, дык далей з нас проста вяроўкі будуць віць. Бо грамадзяне, якія моўчкі згаджаюцца з непрыкрытым рабаваннем з боку дзяржавы, — не грамадзяне. Пацыенты палаты №6», — напісаў напярэдадні ў Фэйсбуку Уладзімір Някляеў.

«Марш абураных беларусаў» не быў узгоднены з уладамі, таму частка палітычных рухаў (партыя БНФ, кампанія «Гавары праўду», рух «За Свабоду» і іншыя) яго вырашылі ігнараваць (як, дарэчы, разгубіліся і ў 2020-м).

У выніку 17 лютага на вуліцы Мінска выйшлі, па розных падліках, ад 3 да 5 тысяч чалавек. Яны прайшлі ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці, і там, перад урадавымі будынкамі спалілі наяўныя ў іх «лісты шчасця» — тыя самыя паведамленні пра сплату «дармаедскага збору».


Але гэтую акцыю ўсё ж цяпер трэба лічыць знакавай. 3-5 тысяч удзельнікаў цяпер падаюцца невялікай колькасцю, аднак гэта была першая масавая акцыя ад «маўклівых пратэстаў» 2011 года.

Істотным было і тое, што на шэсце прыйшоў не звыклы «баявы атрад апазіцыі», які можна было сустрэць на кожнай акцыі — ці тое 25 сакавіка, ці тое Дзяды, ці тое выбарчыя пратэсты. Збольшага на «дармаедскі пратэст» прыйшлі новыя асобы.

Не так шмат было і бел-чырвона-белых сцягоў, што яшчэ раз сведчыла пра тое, што людзі прыйшлі праз канкрэтную сацыяльную патрэбу, а не праз абстрактна-палітычныя лозунгі. Аднак людзі з імпэтам падтрымлівалі і палітычныя воклічы ўслед за Паўлам Севярынцам.

marsz_nedarmaedau__10__logo_1_logo.jpg

І, канешне, гэта можна лічыць пачаткам беларускай салідарнасці. На пратэст выйшлі зусім не «дармаеды». Большасць з удзельнікаў акцыі сцвярджала, што яны добрасумленна працуюць і плацяць падаткі. А на маршы прыйшлі, каб выказаць салідарнасць з тымі самымі «дармаедамі» і звярнуць увагу ўладаў на гаротны стан эканомікі, паніжэнне заробкаў і павышэнне цэнаў.

Беларусь пачала прачынацца

Што стала самай вялікай нечаканасцю для ўсіх — «недармаедскія пратэсты» вельмі моцна падтрымалі рэгіёны. Там пратэст супраць дэкрэту №3 выказалі ў выходныя — 19 лютага. Проста агаломшыў Гомель, дзе супраць дэкрэту на вуліцы выйшлі каля трох тысяч чалавек — гэта быў ці не першы масавы мітынг у абласным цэнтры ад часоў Перабудовы. У іншых абласных цэнтрах маніфестантаў было меней — ад 100 да 300 чалавек.

homel_marsh_nedarmaedau_4041_logo_2.jpg

Але ўлічваючы, што раней у рэгіёнах на плошчы выходзілі ў лепшым выпадку пяць-дзесяць чалавек, і сотня падавалася вялікай лічбай.

І гэтыя пратэсты не спыніліся пасля 20 лютага. У адрозненне ад Мінску, дзе арганізатары «Маршу абураных беларусаў» заклікалі ўу наступны раз прыйсці толькі на Дзень Волі, 25 сакавіка, у рэгіёнах «антыдармаедскія» сходы і мітынгі адбываліся ці не кожныя выходныя. 25 лютага ўслед за Гомелем «выбухнулі» Віцебск і Бабруйск, дзе на мітынгі выйшлі больш за 1000 чалавек.

5 сакавіка ў Брэсце ўдзельнікі акцыі пратэсту нават правялі перамовы з кіраўніком Брэсцкага гарвыканкама Аляксандрам Рагачуком. 12 сакавіка каля 1000 чалавек сабрала Орша, 19 сакавіка некалькі сотняў чалавек пратэставалі ў Слоніме.

Тут прыводзіцца не «выключны» спіс гарадоў, дзе праходзілі акцыі, а толькі найбольш масавыя з іх. Так ці інакш, гэта быў месяц рэгіянальнага пратэсту. Пры тым, што па ўсёй краіне міліцыянты звыкла затрымлівалі імаверных арганізатараў акцый, спынялі машыны з актывістамі і журналістамі, праводзілі ператрусы… Аднак справа была марная, паколькі, як ужо зазначалася, гэта быў народны пратэст, і «тытульная апазіцыя» да яго мела мала дачынення.

Дзень Волі. Кульмінацыя

Кульмінацыяй «дармаедскіх пратэстаў», канешне, стаў Дзень Волі ў Мінску. Улада настолькі спалохалася гэтага пратэсту, што фактычна перакрыла горад. Былі закрытыя станцыі метро, меркаваныя месцы збору пратэстоўцаў былі аточаныя сілавікамі, прычым — сілавікамі ўзброенымі. Быў поўнасцю перакрыты праспект Незалежнасці для руху транспарту, людзей не выпускалі з аўтобусаў. У офісе «Вясны» затрымалі 57 чалавек ― назіральнікаў і журналістаў, сярод якіх былі грамадзяне Беларусі, Расіі, Францыі і шэрагу іншых краін.


Сілавікі затрымлівалі патэнцыйных удзельнікаў акцыі проста на выхадзе з транспарту, але людзі ўсё роўна збіраліся на падыходах да меркаванага месца збору — Акадэміі Навук, плошчы Якуба Коласа, на парку Чалюскінцаў… Дэманстранты і АМАП гулялі ў «даганялкі» — варта было разагнаць адзін «збор» — і ён вокамгненна перамяшчаўся ў іншае месца.

Колькасць затрыманых ішла на тысячы. І пасля гэтай акцыі, 25 сакавіка, беларусы збіралі ў сацсетках звесткі пра затрыманых па хэштэгу #BY_help. А на Facebook з'явілася суполка Belarus SOS.

Даціснулі

А ў выніку беларусы ўсё ж «даціснулі» ўладу. Самыя памяркоўныя падатак заплацілі — з 470 тысяч разасланых паведамленняў грошы прынеслі толькі 54 тысячы чалавек — каля 11,5%, у бюджэт паступіла 16,3 млн беларускіх рублёў.

Ужо 9 сакавіка 2017 года Лукашэнка прыпыніў дзеянне свайго дэкрэта да 2018 года, выступіўшы са звыклай заявай, што «цар добры — баяры дрэнныя»: нібыта, гэта чыноўнікі выконваюць «дармаедскі дэкрэт» «агідна і безадказна», і што дакумент зноў патрабуе «некаторай карэкціроўкі».

marsh_1_1_logo_1.gif

Карэкціроўка ў 2018 годзе была зроблена: замест дэкрэту №3 з’явіўся дэкрэт №1 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва», якім працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, павінны аплачваць камунальныя паслугі ў поўным аб'ёме.

Фактычна ў 2017-м адбылося тое ж, што і ў 2020-м — толькі ў меншым аб’ёме і з іншым вынікам. Беларусы паказалі, што маюць права на голас, на пратэст. Як і ў 2020-м, пратэст ахапіў усю краіну. І, як у 2020-м, улада дэманстравала, што гатовая на любыя сродкі, каб гэты пратэст здушыць.

Адрозненне ў тым, што ў 2020-м гэтыя сродкі былі ўжытыя. Але ў 2017-м ніхто не рабіў замаху на само існаванне ўлады, і лозунг «Нет декрету №3, Лукашенко — уходи!» быў, хутчэй, дэкларатыўна-радыкальным, чым рэальна дзейсным. У 2020-м жа патрабавалі менавіта сыходу Лукашэнкі, што і вызначыла маштаб рэпрэсій, якія цягнуцца дагэтуль.

marsz_nedarmaedau__17__logo_1.jpg

Але надае веры і надзеі тое, што ў 2017-м народ так ці інакш, але дамогся свайго — адмены «дармаедскага збору» ў 20 базавых. Гэта азначае, што мы можам дамагацца выканання сваіх патрабаванняў. Хай гэта будзе не спрынт, а марафон — мы ўсё роўна здольныя яго прабегчы.



Глядзіце таксама