«Дзяцей, у тым ліку беларускіх, у "Артэку" выкарыстоўваюць як жывы шчыт»

Днямі Вялікабрытанія ўключыла ў санкцыйны спіс Міжнародны дзіцячы цэнтр «Артэк» у Крыме. Па заяве англічан, «Артэк» удзельнічае ці «ўдзельнічаў у дэстабілізацыі Украіны ці пагражаў або падрываў тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і незалежнасць Украіны», гаворыцца на сайце брытанскага ўрада.

photo_2023_07_21_15_51_33.jpg

Вось яшчэ адна цытата з таго ж дакумента, якая тлумачыць прычыну ўвядзення санкцый:

«Многія дэпартаваныя дзеці перасяляюцца ў сетку лагераў перавыхавання ў незаконна анексаваным Крыме і на мацерыковай частцы Расіі, дзе яны атрымліваюць арыентаванае на Расію акадэмічнае, культурнае, патрыятычнае і вайсковае выхаванне» (маюцца на ўвазе дзеці, вывезеныя з тэрыторый, якія абстрэльваюцца расійскімі войскамі — Рэд.).

Нагадаем, на працягу ўсяго лета дзяцей з Беларусі актыўна вывозяць у гэты ж лагер.

Нікога не бянтэжыць ні тое, што наведванне анексаванага Крыма праз тэрыторыю Расіі ва Украіне лічыцца парушэннем закона. Ні тое, што цяпер ва Украіне Расія вядзе поўнамаштабную вайну. Больш за тое, ніякім чынам ні на арганізатараў, ні на бацькоў тых самых дзяцей, адпраўленых у «Артэк», такое адчуванне, не паўплываў нават паўторны выбух на Крымскім мосце, падчас якога загінулі людзі.

Тым не менш арганізатары такога «аздараўлення» (а ім у Гомелі з’яўляецца «Рускі дом у Гомелі») на ўсе пытанні і прэтэнзіі з нагоды лагера рэагуе выключна агрэсіўна.

«Штодзень» паспрабаваў звязацца з бацькамі некаторых дзяцей, якія цяпер знаходзяцца ў Крыме.

Знайсці іх было нескладана, бо ў абыход усім этычных нормаў «Рускі дом у Гомелі» ў сваім тэлеграм-канале адкрыта публікуе даныя гэтых дзяцей — з імёнамі, прозвішчамі, нумарам школы і нават фотаздымкамі школьнікаў.

На жаль, з двума бацькамі, з якімі нам удалося звязацца, канструктыўнага дыялогу не выйшла. Але нават іх кароткія адказы здаліся нам вельмі паказальнымі.

— Яшчэ раз патэлефануеце, я заяўлю на вас у міліцыю. Ваша месца там жа, дзе і ўсім бэчэбэшнікам, — заявіла нам маці аднаго падлетка, які зараз адпачывае ў «Артэку».

— Не збіраюся каментаваць. У іх усё добра, не спадзявайцеся, — выпаліў у трубку другі бацька.

Мы вырашылі высветліць, што ж насамрэч цяпер адбываецца ў тым самым «цудоўным» «Артэку», які так заўзята і агрэсіўна прасоўвае ў Беларусі «Рускі дом у Гомелі».

Магчыма, не нашы, а хаця б словы дасведчанага ў сітуацыі знутры чалавека хоць неяк змогуць раскрыць вочы бацькам дзяцей, якія адпраўляюць іх у «Артэк» гэтым летам.

Глядзіце таксама

«Артэк» стаў прапагандысцкай пешкай рэжыму

Нам удалося звязацца з былой супрацоўніцай «Артэка», якая з дакладных крыніц мае ўяўленне пра тое, па якіх прынцыпах сёння жыве «Артэк» і што там цяпер адбываецца. Сваё прозвішча Ірына просіць не называць з меркаванняў бяспекі. У сваю чаргу «Штодзень» пераканаўся ў дакладнасці прадстаўленых ёю звестак.

— Цесныя сувязі з «Артэкам» я падтрымлівала ажно да 2014 года. Пасля гэтага амаль усе, хто падтрымліваў Украіну, падпалі пад звальненні і працаваць там не змаглі. Асабіста ведаю супрацоўніцу «Артэка», якая прысвяціла яму ўсё сваё жыццё, але яе выкінулі з-за падтрымкі Украіны, — распавядае жанчына. — У маю бытнасць большасць дзяцей у «Артэку» былі ўкраінцамі. Так, канечне, было шмат дзяцей і з іншых краін, але іх працэнт быў нашмат меншым. У нас ніколі не было саветчыны... Лагер быў вельмі прагрэсіўным — мы рэальна выхоўвалі ў дзецях ідэі міру і сяброўства…

Усё, што я бачу і даведаюся аб «Артэку» зараз, уводзіць мяне ў шок. На лінейках, якія там праходзяць, прапагандуюць любоў да Расіі і павагу да расійскіх вайскоўцаў… На мерапрыемствах дзяцей апранаюць у ваенную, у тым ліку савецкую форму, праводзяць ваеннае выхаванне, вучаць страляць.

Таксама я ведаю, што цяпер актыўна папулярызуюць ідэю, каб у «Артэк» прывозілі дзяцей з самых розных краін. Прычым чым шырэйшая геаграфія, тым для іх — арганізатараў — лепш. Такім варварскім чынам яны выкарыстоўваюць дзяцей як жывы шчыт і прапагандуюць ідэю «справядлівай акупацыі» тэрыторыі Крыма.

— Няўжо супрацоўнікі «Артэка» на ўсё гэта ідуць свядома?

— Усіх разумных людзей са сваім меркаваннем там, напэўна, ужо няма. Пасля першых дзён вайны, калі загінула ў тым ліку шмат украінскіх дзяцей, яны ўсе дружна выставілі на сваіх аватарках у сацсетках расійскія сцягі. Цяжка ўявіць, што ў розумах гэтых людзей. Ведаю, што зверху ім прыходзяць канкрэтныя распараджэнні, якія яны выконваюць. Ім кажуць нават, які статус паставіць у фэйсбуку. Я ведаю гэта ад блізкіх і надзейных людзей, — распавядае суразмоўца.

— Ці лічыце вы, што дзецям у «Артэку» здольны забяспечыць бяспеку?

— Не, вядома ж. Пытанне аб бяспецы перастала быць актуальным роўна ў той момант, калі з Украіны пад самымі рознымі падставамі (на аздараўленне, ад вайны…) сталі вывозіць украінскіх дзяцей. Іх везлі і ў «Артэк», і ў «Дружбу», і ў іншыя лагеры… «Артэк» стаў памагатым рэжыму і прапагандысцкай пешкай.

Я не магу сказаць пра ўсіх дзяцей. Але дакладна ведаю сем’і з Херсона, дзе маці спачатку адправіла дзяцей у «Артэк», думаючы, што ратуе іх ад абстрэлаў, але потым доўга не магла знайсці канцоў — ёй адказалі, што вяртаць дзяцей зараз небяспечна. З гэтымі дзецьмі яны зараз могуць рабіць усе, што захочуць.

Беларусаў таксама ж, напэўна, вязуць нібыта аздараўляць. Пытанне ў тым, ці вернуць своечасова гэтых дзяцей дадому? Бо, як мінімум, Крымскі мост узарваны. Я б раіла беларускім бацькам слухаць не прапаганду, а здаровы сэнс.

Глядзіце таксама

Даведка «Штодня»:

Дакладную колькасць украінскіх дзяцей, якіх можна лічыць прымусова вывезенымі з тэрыторыі Украіны з пачатку вайны, палічыць і знайсці вельмі складана. Як правіла, розныя крыніцы называюць розныя лічбы. У Маскве, напрыклад, заяўляюць, што з пачатку так званай «ваеннай аперацыі з раёнаў баявых дзеянняў былі эвакуіраваны 738 тысяч дзяцей». І гэтых дзяцей, нібыта, першы час сапраўды размяшчалі ў тым ліку ў «Артэку».

У траўні Уладзімір Зяленскі падчас візіту ў Італію казаў пра 16 тысяч «гвалтоўна дэпартаваных дзяцей». Цяпер лічба павысілася да 19 тысяч. Самая складаная сітуацыя — з дзецьмі з дзіцячых дамоў. Іх вярнуць складаней за ўсё. Паводле некаторых украінскіх ацэнак, з усходу Украіны было вывезена прыкладна дзве тысячы такіх дзяцей. У канцы вясны Кіеў даў справаздачу, што вярнуць змаглі каля 300 дзяцей.