«Пра Крымскі мост Украіна стамілася намякаць яшчэ з мінулага года»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» разважае пра людзей, якія не разумеюць намёкаў. Прычым, нават тады, калі намякае ўвесь свет. І тады ад словаў прыходзіцца пераходзіць да дзеянняў.
Бываюць такія людзі, якія зусім не ўмеюць разумець намёкі. Гаспадары пазяхаюць ва ўвесь рот, а яны ўсё роўна сядзяць і не сыходзяць. Проста як Пуцін і расійскія генералы. Я нават не буду казаць пра тое, як Украіна ім ужо паўтара года намякае з усіх калібраў, што «рускаму міру» там ніхто не рады. Магчыма гэта проста занадта тонкі намёк, каб генералам і Пуціну яго зразумець.
Але, напрыклад, пра Крымскі мост Украіна стамілася намякаць яшчэ з мінулага года. І ўжо прама кажа, што Крымскі мост — гэта лішняя канструкцыя. А сёння ноччу хтосьці намякнуў так, што абрынуўся цэлы пралёт. Хоць, цалкам можа быць, што гэта быў на самай справе намёк не пра мост. Што Крым трэба вяртаць Украіне. Ну проста людзі слоў не разумеюць.
Вось якімі толькі словамі ўлады ПАР не намякалі Пуціну, што яму лепш не ездзіць на саміт БРІКС і не ставіць гаспадароў у двухсэнсоўнае становішча. Каб гаспадарам не давялося рабіць цяжкі маральны выбар: ці то выканаць прынцыпы гасціннасці, ці то выканаць рашэнне Міжнароднага суда і парадаваць увесь свет (Хоць я асабіста падазраю, што такое парушэнне прынцыпаў гасціннасці свет ім бы разок дараваў).
Спачатку ўлады ПАР намякалі на свае юрыдычныя міжнародныя абавязацельствы. Потым віцэ-прэзідэнт ПАР далікатна так, з захаваннем усіх прынцыпаў дыпламатычнага этыкету сказаў, што яны, у сябе ў ПАР, былі б шчаслівыя, калі б Пуцін не прыехаў. Але пасля таго, як і гэты намёк апынуўся занадта тонкім для разумення расійскай дыпламатыяй, прэзідэнт ПАР ужо сам патэлефанаваў Пуціну. Як унікліва адзначана ў афіцыйным паведамленні, каб «расказаць пра падрыхтоўку да саміту БРІКС». Ну, кшталту, «саміт, як саміт, вы што, самітаў ніколі не бачылі?»
І гэтай сваёй далікатнасцю ўлады ПАР згулялі з Пуціным кепскі жарт. Ён бы ўсё роўна і без усялякіх намёкаў ні на які б саміт не паехаў. А цяпер яго паставілі ў няёмкае становішча. Пасля гэтых намёкаў Пуцін, як прэзідэнт ваюючай краіны, вярхоўны галоўнакамандуючы, пераможца бунту і неўтаймоўны гарант стабільнасці ні на які саміт, вядома, не паедзе. Але будзе трошкі цяжэй зрабіць выгляд, што ён туды не паехаў таму, што сам не захацеў. Ну там: «Бачылі мы саміты і лепей».
Як генерал Хрэнін робіць выгляд, што нічога ён так не хацеў ад гэтага жыцця як вагнераўцаў у інструктары тэрытарыяльнай абароны. Хоць генерал Хрэнін, была справа, усёй моцай даручанай яму абараназдольнасці абараняў Стэлу ад дзяўчат з кветкамі. Так што генерал Хрэнін, можа, і праўда рады. Таму што для генерала галоўнае што? Галоўнае — абараназдольнасць, а не яе наступствы. Не генеральская гэта справа, думаць пра наступствы.
P.S. Такія генералы не думалі пра наступствы нават пасля таго, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.