«З наймітамі ў некага шанцы атрымаць ордэр міжнароднага суду значна вышэй, чым без наймітаў»

Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» рэфлексуе з нагоды ўезду ў Беларусь «нічыйных наймітаў», і адзначае, што яны — наогул ніякая не гарантыя бяспекі, а яе поўная супрацьлегласць. Не гледзячы ўжо на «дробныя непрыемнасці».

20230609_gaf_u03_018_1.jpg

Учора ў Беларусь заехала пятая калона. Я маю на ўвазе пятую па ліку калону Вагнера. А ты што падумала? Хоць правільна, вядома, падумала. Некаторыя экстрэмісты падлічылі, што цяпер на тэрыторыі Беларусі ад двух да двух з паловай тысяч наймітаў.

Не ведаю, што там думае Міністэрства абароны пра сваю абараназдольнасць, але суверэнітэт беларускіх уладаў у вачах старонняга назіральніка гэта набыццё дакладна не падвышае. Таму што распараджацца нічыйнымі наймітамі на беларускай зямлі гатовы самы перадапошні расійскі дэпутат. Як той, які паабяцаў паслаць наймітаў з Беларусі адваёўваць Сувалкскі калідор.

Зразумела, што ніякіх наймітаў, ні ў які калідор, ніякай дэпутат паслаць не можа. А калі раптам захоча, то яго самога пашлюць па курсе рускага ваеннага карабля. Проста ў расійскага дэпутата такая праца — рабіць залішнія вербальныя інтэрвенцыі.

Але такіх дэпутатаў у Расіі шмат. Фантазіруць яны разнастайна і часта. І чым часцей яны будуць фантазіраваць пра наймітаў, тым менш застанецца даверу да беларускіх уладаў у суседзяў. А гэтага даверу і так засталося на самым донцы. Вунь Польшча ўжо перакінула да беларускай мяжы дзве дадатковыя брыгады. А давер суседзяў усё ж такі больш надзейная гарантыя бяспекі, чым дзве з паловай тысячы нічыйных наймітаў.

Я б нават сказаў, што дзве з паловай тысяч нічыйных наймітаў — наогул ніякая не гарантыя бяспекі, а яе поўная супрацьлегласць. Таму што хто-небудзь можа вырашыць, што чужыя найміты на беларускай зямлі з'яўляюцца для яго законнай ваеннай мэтай. І што тады рабіць беларускаму Міністэрству абароны? Абараняць іх усёй моцай сваёй тэрытарыяльнай абароны і сельскагаспадарчых апалчэнняў?

Не кажучы ўжо пра дробныя рэпутацыйныя нязручнасці. Учора як раз высветлілася, што ЕС рыхтуе новы пакет санкцый супраць беларускіх уладаў з нагоды трэцяй гадавіны выбараў. Так, былі ў ЕС такія людзі, якія пад выглядам новых санкцый хацелі скасаваць старыя. У сэнсе зрабіць паслабленні для беларускага калію. Але не атрымалася. Таму што беларускія суседзі ў асобе Літвы і Польшчы былі моцна супраць. І я вось практычна ўпэўнены, што прысутнасць вагнераўцаў у Беларусі стала не апошнім аргументам у гэтай дыскусіі.

А паслабленні на калійныя ўгнаенні беларускім уладам бы дакладна не перашкодзілі. Таму што кошты падаюць, а лагістыка не таннее. І цяпер гэтыя кошты ўжо выйшлі на мяжу, якая была б камфортнай для беларускіх уладаў.

Ці вось учора Еўрапарламент папрасіў, каб Міжнародны крымінальны суд выдаў на сяго-таго ордэр. Дык я асабіста лічу, што з наймітамі ў кагосьці шанцы атрымаць ордэр значна вышэй, чым без наймітаў.

Карацей не ведаю, якая там беларускім уладам ад наймітаў карысць, акрамя той шкоды, якую яны ўжо цяпер маюць. І чым далей, тым шкоды будзе больш.

Глядзіце таксама