Ці выдасць суд у Гаазе ордэр на арышт Лукашэнкі?
У Еўрапарламенце прапанавалі Міжнароднаму крымінальнаму суду разгледзець магчымасць выдачы ордэра на арышт Лукашэнкі. За гэта прагаласавалі 49 дэпутатаў, 3 — супраць і 2 устрымаліся.
Дэпутаты Еўрапарламента заклікалі Міжнародны крымінальны суд (МУС) у Гаазе разгледзець магчымасць выдачы ордэра на арышт Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта гаворыцца ў прынятым сёння камітэтам па замежных справах Еўрапарламента дакладзе аб адносінах ЕС з Беларуссю, піша «Люстэрка».
Камітэт па замежных справах Еўрапарламента 18 ліпеня прыняў новы даклад аб адносінах ЕС з Беларуссю. 49 галасоў былі аддадзеныя за, тры — супраць і двое ўстрымаліся.
Дэпутаты заявілі, што Беларусь нясе адказнасць за шкоду, прычыненую Украіне ў сувязі з вайной, і ўчыненыя там злачынствы, у тым ліку праз ролю беларускіх уладаў у незаконным вывазе дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторый.
Аўтары дакладу заклікалі інстытуты і дзяржавы-чальцы ЕС прыняць усе неабходныя меры на міжнародным узроўні, каб «зрабіць магчымым крымінальны пераслед беларускіх палітычных і вайсковых лідараў, адказных за злачынствы супраць чалавечнасці і генацыд».
«Паколькі Міжнародны крымінальны суд ужо выдаў ордэры на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанага па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай, дэпутаты Еўрапарламента заклікаюць МУС разгледзець магчымасць выдачы аналагічнага ордэры на арышт Аляксандра Лукашэнкі», — гаворыцца ў дакуменце.
Еўрапарламентарыі мяркуюць, што Рада ЕС павінна пашырыць спіс беларускіх і расійскіх асоб, на якіх распаўсюджваюцца еўрапейскія санкцыі: на іх думку, абмежаванні павінны тычыцца і тых, хто мае дачыненне да прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.
Акрамя таго, еўрадэпутаты асудзілі бесперапынныя рэпрэсіі і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, якія ўлады ў Беларусі ажыццяўляюць супраць народа.
Яны нагадалі, што ў Беларусі за кратамі знаходзяцца каля 1500 палітвязняў, у тым ліку адвакатаў, прафсаюзных дзеячаў, журналістаў і праваабаронцаў, і заклікалі вызваліць усіх несправядліва асуджаных.
Еўрадэпутаты таксама заклікалі ЕС напрацаваць стратэгію захавання незалежнасці Беларусі і яе пераходу да дэмакратыі.
Нагадаем, выдаць ордэр на арышт Лукашэнку неаднаразова прапаноўвала і лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская. На пасяджэнні Парламенцкай асамблеі NАТO ў канцы траўня яна заклікала прыняць меры па прыцягненні беларускіх уладаў да адказнасці за выкраданне ўкраінскіх дзяцей і іх вываз на тэрыторыю Беларусі. Ціханоўская паведаміла, што злачынствам беларускіх уладаў ёсць доказы, якія былі сабраныя камандай Паўла Латушкі.
Як пісаў НЧ, 11 красавіка Латушка заявіў журналістам, што ўзначаленае ім НАУ збірае дакументы і сведчанні ўдзелу афіцыйнага Мінска ў вывазе дзяцей з Украіны. У якасці арганізатараў Латушка называе асабіста Пуціна і Лукашэнку. Паводле даных Латушкі, ключавую ролю ў практычнай рэалізацыі праекта адыгрывае дабрачынны фонд вядомага ў Беларусі паралімпійца і грамадскага дзеяча Аляксея Талая, а фінансавую падтрымку аказвае адзін са слупоў беларускай эканомікі, вытворца калійных угнаенняў «Беларуськалій».
Паводле слоў Ціханоўскай, «Міжнародны крымінальны суд, выдаўшы ордэр на арышт Пуціна, павінен выдаць такі ж ордэр на арышт Лукашэнкі за агрэсіўныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці».
З такой жа заявай яна звярнулася ў пачатку ліпеня да чальцоў верхняй палаты італьянскага парламента.