Захад пройдзе міма Мінска — і адразу ў Маскву?

Старшы аналітык «Цэнтра новых ідэй» і былы дыпламат Павел Мацукевіч у сваім блогу «Пульс Леніна-19» разважае пра тое, наколькі небяспечнымі для Беларусі ёсць размовы пра «расійскую губерню».

_zabarona___kraina___belarus___minsk__fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__1_.jpg

Беларускае пытанне не стаяла на парадку дня, хоць тэма гучала дзякуючы суседзям і Святлане Ціханоўскай, але больш праз дзеянні Лукашэнкі і блізкасць Беларусі да саміту. Небяспечнае суседства знайшло адлюстраванне ў надзвычайных мерах бяспекі, якімі суправаджалася гэта гістарычнае для Літвы мерапрыемства, і, мабыць, адаб'ецца на прысутнасці узброеных сіл NATO каля Беларусі ў бок іх павелічэння. 

У прыватнасці, паводле інфармацыі польскага боку, у рамках прынятай на саміце новай дактрыны абароны NATO на тэрыторыі Польшчы будуць размяшчацца склады з узбраеннем, а ў выпадку нападу да палякаў прыбудуць да 100 тысяч войскаў альянсу для арганізацыі абароны.

Аднак вынікі саміту ў Вільні, якія закранаюць інтарэсы Беларусі, звязаныя не толькі з верагодным узмацненнем вайсковай моцы альянсу паблізу беларускай мяжы, але і з перспектывамі прыняцця ў NATO Украіны, з якімі ў Мінску, хутчэй за ўсё, ужо ў думках змірыліся. Гэтыя перспектывы былі актуалізаваны, але так і не былі канкрэтызаваны.

Саміт падмануў галоўныя ўкраінскія чаканні, не падаўшы Украіне жаданых гарантый яе прыёму ў NATO ў выглядзе запрашэння або даты, калі яно можа з'явіцца. Пытанне ўсё-ткі застаецца падвешаным, нібы ўсё яшчэ пакідаючы Маскве магчымасць аспрэчыць будучыню Украіны ў альянсе, якая ёй тым не менш гэтым самым альянсам абяцаная, прычым па паскораным сцэнары.

Кіеў не патрабаваў неадкладнага прыёму, мяркуючы, што ва ўмовах вайны гэта малаверагодна, але чакаў выразных фармулёвак у дачыненні да тэрмінаў запрашэння ў альянс, умоў і алгарытму афармлення сяброўства. Хоць, здаецца, што якраз праз вайну Украіну і варта было б цяпер прыняць у NATO, каб гэтым адразу канчаткова пахаваць мэты расійскай «спецаперацыі» і паставіць Крэмль перад складаным выбарам: афармленне сваёй паразы проста цяпер ці параза з адкрытай датай. 

У рэшце рэшт умовы прыёму ў альянс пісаліся ў рэаліях, якія не адпавядаюць цяперашнім, каб дзейнічаць так, быццам нічога з тых часоў у свеце не памянялася. 


Глядзіце таксама

Аднак асобныя заходнія краіны, у прыватнасці ЗША, не хочуць рызыкаваць сваёй бяспекай, баючыся, да таго ж, ядзернай вайны, якая не толькі не выключана, але і нібыта ўсё мацней умацоўвае пад сабой падставы. Да таго ж, далёка не ўсе зыходы агрэсіі Расіі, а дакладней варыянты расійскай паразы, якія задавальняюць Украіну, Польшчу ці Літву, задавальняюць Вашынгтон, які пралічвае не толькі рэгіянальную, але і глабальную сітуацыю. Між тым, калі ў рэгіянальнай сітуацыі Масква — адназначны агрэсар, то ў глабальнай, з пункту гледжання ЗША, яна, хутчэй за ўсё, свайго роду процівагу па стрымліванні Пекіна.

Тым не менш вынікі саміту ў комплексе выглядаюць цалкам пазітыўнымі для Кіева і кампенсуюць горыч падманутых надзей у частцы запрашэння ў альянс. У прыватнасці, кіраўнікі краін G7 на саміце NATO абавязаліся забяспечваць бяспеку Украіны ў доўгатэрміновай перспектыве і неадкладна адрэагаваць на агрэсію з боку Расіі, калі яна адбудзецца ў будучыні. Гэта адлюстравана ў «Дэкларацыі аб падтрымцы Украіны», хоць і яна ўсё ж пакідае дваістае ўражанне — з той прычыны, што гэта, па-першае, дэкларацыя, а па-другое — гэтак жа сама, як заходнія краіны не жадаюць непасрэдна ўвязвацца ў бягучую вайну, яны пазбягаюць адпаведных абавязацельстваў на выпадак магчымай будучай агрэсіі супраць Украіны.

Важна, што дзяржавы G7 заяўляюць пра сваю «непахісную прыхільнасць стратэгічнай мэце стварэння свабоднай, незалежнай, дэмакратычнай і суверэннай Украіны ў рамках яе міжнародна прызнаных межаў». G7 абяцае падтрымліваць Украіну «столькі, колькі спатрэбіцца».

Пра гарантыі бяспекі ў дэкларацыі гаворкі не ідзе, але тое прадастаўленне ўсебаковай дапамогі ў вайсковай сферы, якую яна мае на ўвазе, выглядае несумненнай перамогай украінскай дыпламатыі над расійскай і заходняй на фоне таго, што было на пачатку вайны.

Для Беларусі — новай, якая існуе ў эміграцыі, а таксама анлайн, або, тым больш, дыктатарскай, якая жыве ў адміністрацыйных межах, усе гэтыя опцыі, якія прадастаўляюцца Украіне Захадам, недаступныя.

Калі казаць пра рэжым, то, хутчэй за ўсё, уся гэтая гісторыя з Украінай лішні раз пераконвае Лукашэнку ў тым, што ён на правільным шляху ў плане забеспячэння сваёй бяспекі, калі размяшчае ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі, нягледзячы на размовы пра тое, што гэта пагоршыць яго марыянеткавы статус. 

Зноў жа, з якога боку паглядзець. З яго пункту гледжання, мяркуючы па ўсім, гэта найлепшы з даступных яму спосабаў абароны ад знешняй агрэсіі. Дарэчы, недаступны для Украіны і, падобна, пакуль нават для Польшчы, якая, як вядома, была б не супраць размясціць на сваёй тэрыторыі амерыканскую ядзерную зброю і тым мінімізаваць для сябе рызыкі расійскай агрэсіі. Усё-ткі ў бягучых ваенных рэаліях зброя надзейней за пісьмовыя гарантыі.


Глядзіце таксама

У беларускім выпадку ядзерная зброя з'яўляецца расійскай, але абставіны, пры якіх кантроль над ёй можа аказацца ў руках Лукашэнкі, не так ужо цяжка сабе ўявіць ва ўмовах працягу вайны. Асабліва пасля нядаўняга бунту прыгожынскіх «музыкаў». 

Беларусь і Украіна, роўна як і Казахстан, фармальна да гэтага часу маюць аднолькавыя гарантыі бяспекі («Будапешцкі мемарандум») з боку Расіі, Вялікабрытаніі і ЗША ў абмен на вывад са сваіх тэрыторый савецкай ядзернай зброі. Анексія Крыма Расіяй паказала, што тыя пісьмовыя гарантыі нічога не вартыя. Зрэшты, Лукашэнка для сябе пераканаўся ў гэтым яшчэ раней, лічачы парушэннем «Будапешцкага мемарандума» ўсякае ўвядзенне эканамічных санкцый заходнімі краінамі. Адзін з артыкулаў мемарандума змяшчае абавязацельствы Расіі, Вялікабрытаніі і ЗША ўстрымлівацца ад эканамічнага прымусу, які Лукашэнка заўсёды крыва тлумачыў на сваю карысць.

Удзел у мерапрыемствах саміту NATO ў Вільні дэмсіл у асобе Святланы Ціханоўскай дазволіў падняць пытанне аб гарантыях бяспекі і для Беларусі. Складанасці Украіны на гэтым шляху паказваюць, што новай Беларусі, якая існуе толькі ў задуме і, да таго ж, у адрозненне ад Кіева, не мае выразнага знешнепалітычнага вектара, нічога адчувальнага і канкрэтнага ў гэтай сферы пакуль не свеціць, нягледзячы на ўсе сімпатыі Байдэна і іншых першых асоб заходніх краін да Ціханоўскай.

Звяртае на сябе ўвагу і дысананс у падыходах да беларускага пытання, створаны прэзідэнтам Літвы, які, зыходзячы з літоўскіх інтарэсаў, назваў Беларусь «губерняй Расійскай Федэрацыі». Такія заявы і ацэнкі могуць вярнуць Захад да звычкі шукаць развязанне беларускага пытання ў Маскве або ў комплексе з расійскім — гэта значыць, міма Мінска і беларускіх дэмсіл. Афіцыйнаму Мінску пакуль як быццам усё роўна, а вось для дэмсіл гэта можа выліцца ў дадатковы і нікому не патрэбны фронт бясконцых тлумачальных работ, якія яны ўжо пачалі.