УСУ страцілі 20% пастаўленай саюзнікамі тэхнікі: Ці гэта сапраўды так?
Газета The New York Times са спасылкай на амерыканскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў паведамляе, што ўкраінская армія за першыя два тыдні наступу згубіла каля 20% вайсковай тэхнікі.
За першыя два тыдні ўкраінскага наступу УСУ страцілі да 20 адсоткаў вайсковай тэхнікі, у тым ліку заходнія танкі і бронетранспарцёры, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях. Прынамсі, так піша газета The New York Times са спасылкай на амерыканскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў.
Са слоў суразмоўцаў выдання, пасля першага ўдару, у выніку якога УСУ панеслі значныя страты, украінскія вайскоўцы замарудзілі наступ, каб ацаніць абстаноўку.
У наступныя тыдні, як сцвярджаюць крыніцы газеты, украінскае камандаванне змяніла тактыку, а баявыя страты Украіны значна знізіліся, што дазволіла УСУ захаваць больш войскаў і тэхнікі для маючага адбыцца буйнога ўдару.
Цяпер, паводле газеты, УСУ засяродзіліся на вымотванні расійскай арміі, у тым ліку з дапамогай ракетных і артылерыйскіх удараў па тылах. Пры гэтым тэмпы наступу знізіліся, а на шэрагу кірункаў ён і зусім спыніўся.
The New York Times падкрэслівае, што пакуль рана рабіць высновы наконт контрнаступлення. Са слоў былога памочніка генеральнага сакратара NATO Каміля Гранда, страты УСУ і зніжэнне тэмпаў прасоўвання не азначаюць, што наступ «асуджаны на правал».
У інтэрв'ю BBC News прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прызнаў, што наступ УСУ ідзе «павольней, чым хацелася». Аднак, гаворачы аб прычынах, Зяленскі адзначыў, што наступ запавольваюць у тым ліку мінныя палі — з ягоных слоў, расіяне замініравалі блізу 200 тысяч квадратных кіламетраў украінскай тэрыторыі.
Прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль у каментары The Guardian сказаў, што расіяне рыхтаваліся да абароны столькі ж, колькі УСУ рыхтаваліся да наступу, таму прасоўванне ўкраінскіх войскаў адбываецца павольней, чым чакалася. Ён таксама дадаў, што не сумняваецца ў паспяховасці наступу — і адзначыў, што на гэта «спатрэбіцца час».
Вядомы ўкраінскі блогер і палітолаг Алег Панамар такім чынам пракаментаваў артыкул у The New York Times.
«The New York Times напісала, што ў першыя дні наступу УСУ страцілі 20% пастаўленай саюзнікамі тэхнікі. Дык вось, гэта не так, гэта значыць, не дакладна так.
УСУ ў першыя дні страцілі каля 20% тэхнікі, якая прымала ўдзел у наступе ў першыя дні (а гэта колькасць была зусім не вялікай).
Гэта не 20% усёй пастаўленай саюзнікамі тэхнікі. Бачыце розніцу?
Зноў жа — СМІ трэба больш клікаў. А па сутнасці. Не паспрабуеш — не даведаешся. Галоўнае — гнуткасць. І УСУ змянілі тактыку і працягнулі выбіваць тэхніку, склады, жывую сілу, лагістыку расійскай арміі дыстанцыйна. Што мы і назіраем апошнія пару тыдняў вельмі масава.
УСУ не здзяйсняюць мясных штурмаў, як рускія. УСУ не спяшаюцца. Калі трэба яшчэ выбіць іх тылы, каб у ходзе наступу паменшыць страты, — значыць, трэба.
І пра касетныя боепрыпасы яшчэ артыкул. Чаму яны прыйшлі практычна ў дзень абвяшчэння пра іх перадачу Украіне ЗША? Таму што яны былі на той момант даўно ў Польшчы».
Паводле meduza.io, www.ponomaroleg.com