«Заганнасць сістэмы ў Беларусі не апраўдвае дыпламатаў, але тлумачыць, чаму яны робяць тое, што робяць»
Былы дыпламат і старшы аналітык «Цэнтра новых ідэй» у новым выпуску свайго блога «Пульс Леніна-19» аналізуе правалы і поспехі Міністэрства замежных спраў пад кіраўніцтвам Сяргея Алейніка.
![МЗС — галоўны праваднік палітыкі Лукашэнкі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ» МЗС — галоўны праваднік палітыкі Лукашэнкі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»](/img/v1/images/_mzs___mid__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
МЗС — галоўны праваднік палітыкі Лукашэнкі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
Прызначэнне Сяргея Алейніка міністрам замежных спраў адбылося 13 снежня мінулага года пасля раптоўнай смерці Уладзіміра Макея. Яно не было звычайным і з іншых прычын. Задачы, якія, як правіла, суправаджаюць прызначэнні чыноўнікаў такога ўзроўню, тым разам у кадр не патрапілі. Лукашэнка прызнаўся на камеру свайго прыдворнага аператара, што абмеркаваў з Алейнікам напярэдадні ўсе нюансы яго будучай дзейнасці на новай пасадзе, выпусціўшы толькі, што «нялёгка будзе», што прагучала нетыпова для таго кабінета – неяк па-бацькоўску, ці што.
Сяргей Алейнік не быў новым чалавекам для МЗС, ён працуе там з 1992 года, а на момант свайго прызначэння займаў крэсла першага намесніка міністра замежных спраў, сумяшчаючы гэты высокі пост яшчэ і з пасадай пасла пры Святым Прастоле і Мальтыйскім ордэне. Такое сумяшчэнне беспрэцэдэнтнае — прынамсі, для Беларусі — і яшчэ можа адыграць сваю ролю ў будучыні.
Функцыя афіцыйнага прадстаўніка ў Ватыкане і пры Мальтыйскай ордэне была замацаваная за Алейнікам з 2009 года, калі ён быў яшчэ пастаянным прадстаўніком пры ААН у Жэневе, і, што цікава, захоўвалася за ім незалежна ад яго перасоўванняў па дыпламатычных кабінетах: і калі ён упершыню стаў намеснікам міністра, і затым, калі адправіўся паслом у Лондан, і пазней, калі зноў вярнуўся ў МЗС, заняўшы спачатку пасаду намесніка, а затым і першага намесніка міністра замежных спраў.
Што таксама цікава, пасада першага намесніка міністра замежных спраў дагэтуль вакантная. Свайго «Алейніка» ў пераемніка Макея пакуль няма.
Глядзіце таксама
![Нават самую крывую лінію Алейнік партыі можна гнуць па-рознаму Мацукевіч: Нават самую крывую лінію партыі можна гнуць па-рознаму](/img/v1/images/_czyhunka___horad___pradpryemstva__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
У гэтым кантэксце можна дадаць і такі штрых да партрэта ўсёй гэтай гісторыі: да таго, як 2020 год змяшаў усе кадравыя расклады, Сяргея Алейніка прадказвалі ў міністры. Лічылася — і гэта не было плёткай, — што менавіта ён стане яго пераемнікам, калі Уладзімір Макей сыдзе на іншую пасаду. Такой, наколькі можна меркаваць, была воля Макея пры жыцці, рэалізаваная, праўда, калі ён сышоў у іншы свет.
Я лічыў і працягваю лічыць гэтае прызначэнне самым удалым з усіх магчымых кандыдатур, якія маглі прызямліцца на гэтай пасадзе. Сяргей Алейнік не зробіць дэмакратычную рэвалюцыю ў Беларусі ці ў МЗС, перавёўшы яго на бок народа, як гэта было прынята казаць у 2020-м. Не было і няма падстаў думаць інакш. Лаяльнасць і вернасць Алейніка вярхоўнаму галоўнакамандуючаму ўсяе Беларусі не выклікае сумневаў, пацвярджаецца яго публічнымі выступамі, хоць яны не паказчык.
МЗС — і правадыр, і адвакат генеральнай лініі Лукашэнкі, і верны слуга яго культу, але, па-першае, гэтую лінію можна ўсё ж гнуць па-рознаму. Напрыклад, можна не даводзіць да маразму і не праяўляць імпэту і энтузіязму там, дзе адсутнічае дзяржзаказ або сама лінія, а такое бывае часцей, чым прынята думаць.
Па-другое, паўсядзённая знешнепалітычная дзейнасць — гэта не толькі і, можа, нават не столькі пра рэжым, але яшчэ і пра нацыянальныя інтарэсы і ўсялякія жыццёвыя сітуацыі, у якія трапляюць грамадзяне за мяжой. Аб'ектыўна, асноўны працоўны час дыпламата — гэта зусім не служэнне культу (прынамсі непасрэдна), а прасоўванне экспарту, наладжванне сувязей, выцягванне Беларусі з ізаляцыі і гэтак далей. Або візы-пашпарты-даведкі — калі казаць пра консульскую «епархію».
Важна, каб маразм ініцыятыўна не мацнеў. І вось гэтая асноўная частка паўсядзённага спектру функцыянальных абавязкаў МЗС ажыццяўлялася максімальна прафесійна, таму што гэта ў інтарэсах дзяржавы і людзей, незалежна ад рэжыму. Хоць на руку рэжыму таксама, але апошняе зусім неабавязкова. Для трыумфу зла, як лічыў адзін брытанец з эпохі Асветы, дастаткова, каб добрыя людзі проста бяздзейнічалі.
Ад рэжыму залежыць, ці будзе ўся прафесійная праца дыпламатаў, напрыклад, па частцы выцягвання з санкцыйнага і ізаляцыйнага балота сізіфавай ці не. Адказ у нашым клінічным выпадку адназначны: будзе, таму што такія выдаткі сістэмы, якую не тое каб даўно пара пераўсталяваць, а і зусім не варта было ўсталёўваць.
Выхад з ценю Макея
Што ж уяўляе з сябе знешняя палітыка ад новага кіраўніка МЗС і якія яе вынікі паводле стану на ліпень 2023 года?
Асноўным выклікам для Сяргея Алейніка, як уяўляецца, быў выхад з ценю папярэдніка і здабыццё ўласнай апаратнай вагі. Ва Уладзіміра Макея ў апошнім не было дэфіцыту. МЗС фармальна падпарадкоўваецца ўраду, адміністрацыі, Радзе бяспекі, але ў рэальнасці над Макеем быў толькі Лукашэнка.
Складана сказаць напэўна, але калі меркаваць па тым, як часта Алейнік мільгае на сустрэчах у Лукашэнкі, дыстанцыя паміж імі за час з моманту прызначэння значна скарацілася.
Падобна да таго, што і з выхадам з ценю Макея таксама не ўзнікла складанасцей, нягледзячы на пераемнасць магістральнага знешнепалітычнага курсу на пошук варыянтаў шматвектарнасці, а з ёю — і кропак апор для балансавання або для збалансаванасці. Алейнік, якога, напэўна, можна лічыць і сааўтарам гэтага курса, «сцеле» яго інакш. Суб'ектыўна, ён робіць гэта з эмацыйнай адлучанасцю лекара, у больш абцякальных і гладкіх фармулёўках, за якія крыху складаней зачапіцца і як быццам прачытаных з паперкі, хоць шпаргалкі ў руках не відаць.
Ад дыпламатыі патрабуецца забеспячэнне нястрымнага росту экспарту, і ведамства Алейніка з гэтай задачай, наколькі можна меркаваць, спраўляецца. Паводле вынікаў нядаўняй справаздачы ўрада ў Лукашэнкі за 5 месяцаў працы эканомікі, прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка назваў экспарт рэкордным за апошнія 10 гадоў.
Знешнегандлёвая статыстыка сёння не публікуецца, але асобныя лічбы прасочваюцца ў паблік праз афіцыйных асоб. Асноўны знешні гандаль Беларусі робіць Расія, і тавараабарот з ёю ў студзені-траўні 2023 года вырас на 20% (і гэта прытым, што 2022 год у гэтым плане быў рэкордным). Такую інфармацыю прыводзіць амбасадар у Расіі Дзмітрый Круты, сцвярджаючы, што «доля недружалюбных краін у гандлёвым абароце Беларусі, якая раней даходзіла да 40%, цяпер складае ўсяго 5%».
Глядзіце таксама
![Да 2025 года беларускія ўлады наўрад ці будуць спрабаваць па згладзіць сітуацыю Рашэнне МАП — вялікая параза беларускай дыпламатыі](/img/v1/images/_zabarona___kraina___belarus___minsk__fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__1__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Можна гаварыць пра тое, што адбываецца актыўная пераарыентацыя экспартных патокаў Беларусі на СНД (Расію) і Азію (Кітай). Тавараабарот з Кітаем па выніках 2022 года дасягнуў рэкордных 5,8 млрд. долараў. У бягучым годзе рост працягваецца. Паводле звестак мытнай статыстыкі Кітая, у першым квартале 2023 года экспарт з Беларусі ў КНР павялічыўся на 55,8% — да 696,3 млн. долараў. Кітайскі імпарт вырас амаль у 2,2 раза — да 1,4 млрд. долараў.
У адносінах з Кітаем за час міністэрства Алейніка адбылася знакавая падзея, якая паслужыла справе ўмацавання суверэнітэту Беларусі, адносна якога ў апошнія гады было прынята складаць пахавальны марш. Той факт, што Кітай прыняў Лукашэнку, занесенага экспертным меркаваннем у марыянеткі Крамля, з дзяржаўным візітам, дазваляе асцярожна разлічваць на тое, што ў плане незалежнасці Беларусі ўсё-ткі яшчэ не ўсё страчана.
У гэтым сэнсе звяртае на сябе ўвагу і афіцыйны візіт Сяргея Алейніка ў Расію. Асаблівы статус візіту павінен быў падкрэсліць раўнапраўе ў беларуска-расійскіх адносінах, а не падпарадкаванасць Мінска Маскве, як усе думаюць. На роўных усё адно не атрымалася, але сама спроба цалкам заліковая. У нечым у праграме сваёй паездкі Алейнік пераплюнуў свайго папярэдніка: сустрэўся з кіраўнікамі Савета Федэрацыі і Дзярждумы, хоць да гаспадара Крамля, як і Макей, таксама не дабраўся.
Глядзіце таксама
![Пётр Рудкоўскі: Качанава можа стаць пераемніцай Лукашэнкі Гандаль суверэнітэтам упісаны ў формулу палітычнага выжывання Лукашэнкі](/img/v1/images/zanoczy_marsz_fota_dzmitryja_dzmitryeva__11__logo__1_.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Эфект Люцыфера
У актыў беларускай дыпламатыі можна занесці і прасяканне новых маршрутаў дастаўкі тавараў у краіны «далёкай дугі», і, у прыватнасці, выкарыстанне для гэтых мэтаў міжнароднага транспартнага калідора «Поўнач — Поўдзень», завязанага на Іран. Гэта набліжае да вырашэння праблемы гандлю з краінамі Азіі (Індыя), Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, якая ўзнікла пасля таго, як Беларусь дзеяннямі рэжыму пазбавілася доступу да партоў Польшчы, Літвы і Латвіі на Балтыцы і Украіны на Чорным моры.
Алейнік куды больш сур'ёзна, чым Макей, пагрузіўся ў развіццё адносін з «далёкай дугой», пратоптваючы шляхі ў Афрыку і Азію сваімі нагамі.
Свой першы самастойны афіцыйны візіт за мяжу Сяргей Алейнік здзейсніў у Кенію. Ён адбыўся ў красавіку. У чэрвені кіраўнік МЗС Беларусі пабываў у Экватарыяльнай Гвінеі, рыхтуючы глебу пад візіт прэзідэнта гэтай афрыканскай краіны ў Беларусь, у выніку адкладзены праз выхадкі прыгожынскіх «музыкаў». Да гэтага варта дадаць візіт у Іран і Зімбабвэ разам з Лукашэнкам, прыём шматлікіх афіцыйных асоб з Зімбабвэ і Кеніі ў Беларусі, сустрэчу з міністрам замежных спраў Уганды ў Маскве.
Акрамя ўсяго гэтага, Алейнік здзейсніў візіт у Пакістан, прыняў у Мінску міністраў замежных спраў Зімбабвэ, Нікарагуа, Казахстана. На саміце «Руху недалучэння» ў Баку, які прайшоў на гэтым тыдні, Алейнік правёў сустрэчы з кіраўнікамі/намеснікамі кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў Азербайджана, Уганды, Катара, Турцыі, Ірана, Індыі, Алжыра, Кувейта, Венесуэлы, Кубы, Сірыі, Палесціны, Саудаўскай Аравіі, ПАР.
Такая інтэнсіўнасць міжнародных сустрэч паказвае, што МЗС Беларусі грукаецца ва ўсе дзверы і выкарыстоўвае любыя магчымасці. Наколькі вынікова — іншае пытанне, хоць калі арыентавацца на знешні гандаль і дзіркі ў ізаляцыі, то вынік відавочны.
Ведамству Алейніка ўдалося прасячы «венгерскае акно» ў Еўропу. Пакуль не падобна, што рэжым збіраецца сесці на дыету ў плане рэпрэсій, каб у яго пралезці, але такая магчымасць фізічна існуе. Лютаўскі прыезд у Мінск кіраўніка МЗС Венгрыі, а затым красавіцкі візіт у Будапешт міністра замежных спраў Беларусі фармальна можна разглядаць як прарыў ізаляцыі Еўрапейскага Саюза.
У актыў дыпламатыі Алейніка можна таксама занесці выхад у фінал працэсу афармлення членства Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Чакаецца, што гэта адбудзецца ў наступным годзе на саміце ШАС у Казахстане, а гэта ўсё-ткі хутка — калі ўлічыць, што афіцыйна працэс стартаваў толькі ў верасні мінулага года ў Самаркандзе.
У пасіў трапляе правал на выбарах непастаянных членаў Савета Бяспекі ААН. Гэта была не першая спроба Мінска апынуцца за самым важным і галоўным у свеце сталом, але самая працяглая і, здавалася б, бяспройгрышная. Заяўка была пададзеная паўтара дзясятка гадоў таму, і аж да 2020 года поспех лічыўся гарантаваным, але рэжым усё сапсаваў, а МЗС знайшоў яму апраўданне, пераклаўшы адказнасць на Захад.
Глядзіце таксама
![Беларусь у Савеце бяспекі ААН — ці магчыма гэта? Мацукевіч: Рэжым скраў у Беларусі месца ў СБ ААН](/img/v1/images/_belarus_minsk_horad_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__4__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Такога роду намаганні ведамства Алейніка, накіраваныя на адмыванне рэжыму — і свайго, і расійскага — ад злачынстваў, і ўся іншая локшына, якую МЗС Беларусі намотвае на замежныя вушы па службовым абавязку, ідуць, вядома ж, у самы тоўсты мінус, які перакрывае (прынамсі, з пункту гледжання ўспрымання) усе плюсы.
Сумняваюся пры гэтым, што сярод дзеючых беларускіх дыпламатаў статыстычна значны адсотак тых, хто вераць у 80%, іншыя казкі Лукашэнкі ці спецаперацыю Пуціна. Справа, зноў жа, у сістэме, якая ацалела ў 2020-м і часткай якой з'яўляецца МЗС.
Аўтар Стэнфардскага турэмнага эксперыменту Джордж Зімбарда сцвярджае (у «Эфекце Люцыфера. Чаму добрыя людзі ператвараюцца ў злодзеяў»), што сістэма — рухаючая сіла, якая стварае сітуацыі, што фармуюць кантэкст паводзін, які ўплывае на дзеянні тых, хто ў іх трапляе. На думку Зімбарда (і не толькі яго), зло не з'яўляецца прэрагатывай вычварэнцаў і дэспатаў, а цалкам нармальных і звычайных людзей. У тым ліку на дыпламатычных пасадах.
Заганнасць сістэмы ў Беларусі і сітуацыя, у якую рэжым змясціў усіх, ад малога да вялікага, зразумела, не апраўдваюць учынкі дыпламатаў, якія таўруюць Захад, апраўдваюць вайну ці адмаўляюць гвалт і рэпрэсіі, але збольшага тлумачаць, чаму яны робяць тое, што робяць.